Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пракурор патрабуе для Алега Сургана тры гады зьняволеньня


Адвакат настойвае, каб яго падабароннага апраўдалі, і зьвязвае крымінальны перасьлед Алега Сургана з тым, што ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг, а потым напісаў скаргу на міліцыянта, які яго зьбіваў па дарозе ў Кастрычніцкі РАУС.

У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску завяршыўся разбор крымінальнай справы Алега Сургана, якога вінавацяць у нападзе на міліцыянта Сяргея Дудкевіча. А 10-й гадзіне ў пятніцу 19 лютага судзьдзя Яўген Буруноў мае вынесьці прысуд.

Прысутны на судзе пракурор сёньня заявіў, што Алега Сургана варта асудзіць на тры гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму, з улікам таго, што раней падсудны ўжо быў двойчы пакараны за крымінальныя злачынствы — кішэнныя крадзяжы.

У такім стане летась 3 верасьня Алега Сургана прывезьлі ў пастарункак.
Фота Сяргея Каваленкі.
Міліцыянт Сяргей Дудкевіч, які цьвердзіць, што падсудны зьдзейсьніў на яго напад — укусіў за мезенец левай рукі, калі яго везьлі ў міліцэйскай машыне, патрабуе ўжо не 1 мільён, як раней, а 10 мільёнаў матэрыяльнай кампэнсацыі за маральную шкоду.

Супрацоўнік міліцыі раней казаў, што пасьля ўкусу ён баіцца захварэць на гепатыт, бо Алег Сурган, верагодна, — носьбіт вірусу гэтай хваробы. Цяпер ён кажа, што пасьля інцыдэнту мусіў перайсьці на ніжэйшую пасаду зь ніжэйшым заробкам.

Гэта прысутныя на судзе сябры і аднадумцы Алега Сургана лічаць ускосным прызнаньнем вінаватасьці міліцыянта з боку ягонага начальства, нягледзячы на тое, што пасьля скаргі пракуратура адмовілася завесьці на супрацоўніка РАУС крымінальную справу за перавышэньне службовых паўнамоцтваў.

Адвакат Вячаслаў Праскаловіч у сваёй прамове заявіў, што лічыць усе паказаньні міліцыянта непраўдзівымі — бо яны разыходзяцца з паказаньнямі сьведкаў. Выклікаюць сумненьне і супярэчлівыя даведкі пра мэдычныя агляды: у адной напісана, што рана на мезенцы міліцыянта мае памер 2 на 3 мм, а ў другой — 0,5 см на 2,5 см.

Вячаслаў Праскаловіч лічыць, што крымінальная справа супраць Алега Сургана пачалася з вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга 3-га верасьня на праспэкце Фрунзэ. Менавіта з гэтай нагоды было прынята рашэньне затрымаць падсуднага, але ён запатрабаваў, каб перш-наперш міліцыянты зрабілі вопіс рэчаў, якія ў яго былі. Такім чынам Алег Сурган, раней асуджаны за кішэнныя крадзяжы, меркаваў пазьбегнуць магчымых правакацый. Але міліцыянты адмовіліся гэта рабіць і кваліфікавалі паводзіны затрыманага як непадпарадкаваньне.

У міліцэйскай машыне Алег Сурган нібыта «цёрся шчокамі аб падлогу» і «біўся галавой аб дзьверы», такім чынам наносячы самому сабе цялесныя пашкоджаньні. Так кажа пацярпелы, міліцыянт Сяргей Дудкевіч.

Падсудны Алег Сурган, а таксама ягоны брат, актывіст «Маладой Беларусі» Тарас Сурган, які назіраў працэс затрыманьня, абвяргаюць паказаньні Сяргея Дудкевіча. Тарас Сурган прадставіў суду фотаздымкі, зробленыя мабільным тэлефонам — на іх відаць, што твар затрыманага зьбіты, а рукі сьцёртыя кайданкамі.

Ці прызнаюць Алега Сургана вінаватым, а паказаньні пацярпелага міліцыянта Сяргея Дудкевіча праўдай, стане вядома з прысуду, які будзе вынесены 19 лютага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG