Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Крыжаноўскі: У ванкувэрцаў зімой сьнегу не дапросісься


Яўген Крыжаноўскі

Яўген Крыжаноўскі

Алімпійскія гульні ў Ванкувэры — вачыма вядомых у Беларусі людзей. Ці вераць яны ў посьпех беларускіх алімпійцаў? Як ацэньваюць каляспартовы антураж Алімпіяды? Якое ўвогуле месца ў іхным жыцьці займае вялікі спорт?

Галоўны рэжысэр Менскага тэатру сатыры і гумару «Хрыстафор» Яўген Крыжаноўскі адносіць сябе да кагорты нядрэнных знаўцаў спорту. Заўзее даўно і самаахвярна. Праўда, ягоныя асабістыя сымпатыі не зусім супадаюць зь дзяржаўнымі, узьведзенымі ў ранг штучнага пакланеньня. Кажа, што, прыкладам, вельмі спакойна адносіцца да хакею, якому высілкамі ўладаў нададзены статус спорту № 1. Тут жа парада ў стылі Крыжаноўскага — як можна было вырашыць праблему адсутнасьці сьнегу на алімпійскіх трасах Ванкувэру:

Крыжаноўскі: «Мне, як і ўсім: штосьці падабаецца, штосьці не падабаецца. Бо тэндэнцыя такая, што ўся наша краіна павінна „хварэць“ за хакей, вы ж ведаеце гэта. А мне, прыкладам, падабаюцца іншыя віды спорту. Праўда, у любым выпаду нам хочацца, каб нашы ўсё ж паказалі, на што яны здольныя. Таму мы і глядзім Алімпіяду ў Ванкувэры ў нейкім пастаянным спадзяваньні на прыемны сюрпрыз.

Напружвае тое, што там мала сьнегу. Здаецца, Алімпійскія гульні гэтым разам трэба было б праводзіць у нас у Сілічах. Зрабілі б усё як мае быць, і сьнегу хапіла б на ўсіх. Таму трэба было параіць нашым спартоўцам, каб яны з сабой у Канаду свайго сьнегу захапілі, бо, мяркуючы па ўсім, у ванкувэрцаў зімой сьнегу ня выпрасіш».

Карэспандэнт: «Каб кожны ўзяў па вядры, дык праблем сапраўды не было б...»

Крыжаноўскі: «Гэта несумненна. А калі сур’ёзна, то Гульні толькі пачаліся, яшчэ рана казаць, пра тое што было і што яшчэ будзе наперадзе. Надзея на цуд заўсёды жыве, і будзем спадзявацца, што нашы ня ўдараць у бруд тварам. Але асаблівых перамогаў, у якіх можа адзначыцца Беларусь у зімовых відах спорту, асабліва што да гульнявых дысцыплінаў, канечне, мы наўрад ці дачакаемся. Пакуль што. Але ў 2014 годзе на „Менск-Арэне“ пастараемся падцерці нос усяму сьвету. Прынамсі самой арэнай вытрам».
XS
SM
MD
LG