Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашмат больш за спартовыя рэкорды мяне насамрэч цікавяць дасягненьні кампутарных інжынэраў ды праграмістаў. Аднак, як высьветлілася, мэтал, за які змагаюцца (на жаль, і гінуць) спартоўцы мае непасрэднае дачыненьне да кампутарнай тэхнікі.


Рэч у тым, што ўвесь мэтал для алімпійскіх узнагародаў быў здабыты з электроннага ламэчча: мэталічных дэталяў перапрацаваных тэлевізараў, кампутараў, клявіятураў і электрычных кабэляў. Двойчы высакародная місія па здабываньні каштоўных мэталаў са сьмецьця ды вырабу алімпійскіх мэдалёў выпала ванкувэрскаму металюргічнаму гіганту Teck Resources Limited (Teck).


Для вырабу больш за тысячу мэдалёў Teck здабыла 2,05 кг золата, 1950 кг срэбра і 903 кг медзі (залатыя мэдалі вырабляюцца з срэбра і пакрываюцца золатам).



І гэта яшчэ ня ўсё. Асновай для ўзораў на мэдалях паслужылі дзьве арыгінальныя работы мастачкі Корын Хант – прадстаўніцы індзейскага племя, якое жыла ў навакольлях алімпійскай вёскі яшчэ да зьяўленьня там эўрапейцаў. Дакладней, не індзейцаў, а, як зараз іх называюць канадцы, «першага народу» (the first nation).

Перад такім трыюмфам паліткарэктнасьці ды экалягічнай заклапочанасьці варта зьняць шапку і зрабіць не адзін алімпійскі паклон!

Адна з работ Корын Хант – традыцыйная індзейскія выява касаткі. У міфах індзейцаў заходняга ўзьбярэжжа Канады касатка сымбалізуе сілу і годнасьць, якія на думку мастачкі ўласьцівыя таксама і спартсмэнам-алімпійцам. Другая работа – таксама традыцыйнае індзейскія выява ворана, апекуна племя.

З дапамогай кампутару кожная з работ была разьбітая на фрагмэнты, колькасьць якіх адпавядае агульнаму колькасьці Алімпійскіх і Паралімпійскіх мэдалёў. На кожным алімпійскім мэдалі быў выгравіраваны адзін з фрагмэнтаў касаткі. На кожным паралімпійскім мэдалі – адзін з фрагмэнтаў ворана. Пры ўзнагароджаньні спартсмэны атрымліваюць таксама шаўковы шалік, на якім надрукаваны поўная малюнак. Кожны пераможца зможа адшукаць «сваё» месца ў агульным ўзоры Алімпіяды-2010.

Мала таго, мэдалі алімпійскіх чэмпіёнаў будуць круглыя, а мэдалі чэмпіёнаў Паралімпійскіх гульняў – авальныя або ў выглядзе квадратаў з скругленымі кутамі. Пры гэтым самі мэдалі ня плоскія. Іх паверхня хвалістая, як горы ў навакольлях Ванкувэру і як хвалі Ціхага акіяну, на беразе якога стаіць гэты горад. Ўзнагароды такой арыгінальнай формы на Алімпіядах яшчэ не ўручалі.

Зрэшты, калі цікава, паглядзіце самі і пра перакоўку кампутараў на мэдалі, і пра касатак і пра высакародную місію Teck ніжэй ці на сайце кампаніі.

Можа, калі-небудзь і ваш кампутар пойдзе на алімпійскія патрэбы!


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG