Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд па закрытай “паляўнічай справе” абвесьцяць сёньня


У Вярхоўным судзе а 15 гадзіне будзе абвешчаны прысуд чатыром адказным міліцыянтам, якія праходзілі па гэтак званай «паляўнічай справе».

Нагадаем, на нарадзе ў красавіку 2009 году, прысьвечанай праваахоўным органам, Аляксандар Лукашэнка загадаў распачаць справу на начальніка аддзелу барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Жлобінскага РАУС Леаніда Мінянкова, які нібыта арганізаваў гаспадарку для заняткаў паляваньнем і рыбалкай для чыноўнікаў, гаспадарчых кіраўнікоў і міліцэйскага начальства.

Пазьней акрамя яго таксама былі арыштаваныя начальнік управы барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Гомельскай абласной міліцыі Дзьмітрый Баранаў, начальнік управы барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі гомельскай міліцыі Аляксандар Малаеў. Іх абвінавацілі ў незаконным паляваньні і перавышэньні ўлады.

Па справе таксама праходзіць начальнік управы барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі МУС Віктар Ермакоў, які нібыта аддаваў міліцыянтам загад зьбіраць кампрамат на супрацоўнікаў КДБ, якія «раскручвалі» паляўнічую справу.

Паводле зьвестак, «паляўнічая справа» налічае 16 тамоў. Суд над чатырма міліцыянтамі пачаўся ў кастрычніку і праходзіў за зачыненымі дзьвярыма. Ці прызнае хто з падсудных сваю віну, невядома.

Яшчэ да арышту Аляксандар Малаеў распаўсюдзіў праз інтэрнэт відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі, у якім паведамляў, што ягоныя падначаленыя выявілі факты карупцыі сярод гомельскіх чыноўнікаў і супрацоўнікаў КДБ, і прасіў «абараніць ад супрацьпраўных дзеяньняў» гомельскіх чэкістаў.

Сваякі іншых фігурантаў справы публічна скардзіліся на тое, якімі мэтадамі вядзецца сьледзтва ў «паляўнічай справе». Гэтак, Людміла Мінянкова, жонка Леаніда Мінянкова, зьвярнулася па дапамогу ў АБСЭ ды іншыя арганізацыі. Журналістам жанчына распавяла, што зь перапіскі з мужам ведае пра мэтады сьледчых. «Піша, што калі б ён працаваў гэткімі ж мэтадамі, якімі працавалі зь ім, то яго сапраўды трэба было б арыштоўваць», — паведаміла Людміла Мінянкова.

Назіральнікі адзначаюць, што справу расьсьледаваў КДБ, яго супрацоўнікі пачыналі праверку і затрымлівалі падазроных міліцыянтаў. У КДБ Гомельскай вобласьці зьвесткі па «паляўнічай справе» не камэнтуюць.

Фігурантам «паляўнічай справы» пагражае да 10 гадоў зьняволеньня.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG