Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Раёнкі” Віцебшчыны парушаюць выбарчае заканадаўства


Згодна з артыкулам 34 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, рашэньне пра ўтварэньне выбарчых камісій публікуецца ў друку ў 7-дзённы тэрмін з дня яго прыняцьця. Але газэты «Наша Талачыншчына» і «Аршанская газета» праігнаравалі гэтую заканадаўчую норму.

«Раёнкі» парушылі таксама і распараджэньне Віцебскага аблвыканкаму, як загадаў «рэдактарам раённых, гарадзкіх і аб’яднаных газэт цягам сямі дзён надрукаваць пастанову пра ўтварэньне камісій, іх склад, месца знаходжаньня і нумары тэлефонаў».

Пастанова пра ўтварэньне акруговых камісій на Віцебшчыне была прынятая 6 лютага, але прынамсі дзьве рэгіянальныя газэты так і не пазнаёмілі чытачоў зь людзьмі, якія будуць кіраваць выбарчым працэсам у Аршанскім і Талачынскім раёнах.

На думку сябра партыі «Справядлівы сьвет» і грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Мікалая Петрушэнкі з пасёлку Коханава Талачынскага раёну, гэтае парушэньне магло б стаць падставай для звальненьня рэдактара газэты «Наша Талачыншчына».

Несвоечасова разьмяшчаюць інфармацыю пра ход выбарчай кампаніі і афіцыйныя інтэрнэт-сайты райвыканкамаў Віцебшчыны.

Да прыкладу, на сайце Дубровенскага райвыканкаму ў разьдзеле «Выбары ў мясцовыя Саветы» разьмешчаны толькі ўказ прэзыдэнта РБ № 21 пра прызначэньне выбараў, а таксама парадак падрыхтоўкі дакумэнтаў па вылучэньні ў выбарчыя камісіі, якія ўжо даўно сфармаваныя. Такі самы аб’ём інфармацыі разьмешчаны і на сайце Лёзьненскага райвыканкаму.
XS
SM
MD
LG