Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атака беларускай улады на Саюз палякаў з адабраньнем будынку ў мястэчку Івянец адносіцца да таго дзівосным жанру, якім дасканала валодае прэзыдэнт Лукашэнка. Гучны дэмарш без бачных прычын і ясных мэтаў, між тым, нейкім дзіўным чынам заўсёды спрацоўвае на карысьць Лукашэнкі, -- лічыць аглядальнік рускай службы Радыё Свабода Вадзім Дубноў .


Праз год у Беларусі прэзыдэнцкія выбары, асаблівых сумненьняў у тым, хто атрымае на іх чарговую элегантную перамогу, ні ў каго няма. Але ўлада, пабудаваная на беларускіх прынцыпах, абавязана нэрвавацца і прытрымлівацца ўласных інстынктаў. Самі беларускія палякі ніякай пагрозы для беларускай стабільнасьці не ўяўляюць. Але важны прынцып, у адпаведнасьці зь якім нічога непадкантрольнага быць не павінна. Некалькі мерапрыемстваў, і ў кіраўніцтве Саюзу аказваюцца цалкам ляяльныя да ўлады людзі. Далей -- унутраны канфлікт, які, вядома ж, аб'яўляецца спрэчкай гаспадарчых суб'ектаў. З відавочным пераможцам і адміністрацыйным арыштам для тых, хто пацярпеў паразу, на знак пратэсту выходзяць на несанкцыянаваны мітынг. Нічога новага.

Але ў сытуацыі маецца некаторая пікантнасьць. Беларускія палякі -- падстава колішняга непаразуменьня паміж Менскам і Варшавай. Але пры гэтым менавіта Варшава абвясьціла сябе ледзь не лякаматывам, які вядзе ў Эўропу Беларусь. Менавіта ў Варшаве быў сфармуляваны жыцьцесьцьвярджальны тэзіс пра тое, што, калі зьвязаць Лукашэнку па руках і нагах сумеснымі праэктамі, ён рана ці позна не заўважыць момант, калі прайшоў пункт невяртаньня. І тады, па-за усялякіх сумневаў, рэжыму давядзецца задумацца аб сапраўдных эўрапейскіх каштоўнасьцях.

Менавіта ў Варшаве быў сфармуляваны жыцьцесьцьвярджальны тэзіс пра тое, што, калі зьвязаць Лукашэнку па руках і нагах сумеснымі праэктамі, ён рана ці позна не заўважыць момант, калі прайшоў пункт невяртаньня. І тады, па-за усялякіх сумневаў, рэжыму давядзецца задумацца аб сапраўдных эўрапейскіх каштоўнасьцях
Калі большасьць назіральнікаў над гэтымі пражэктамі проста пасьмейваліся, то беларускай апазыцыі было не да ўсьмешак. Толькі з апошняга дыктатара Эўропы Лукашэнка ператварыўся ў госьця Папы Рымскага, апазыцыя перастала быць аб'ектам і без таго зьменшанай увагі. І раней выцесьненая ўладай з таго поля, на якім можна мерацца з уладай ідэямі, цяпер уся ўнутраная апазыцыйная палеміка зьвялася да пытаньня: ці трэба падтрымліваць далучэньне Беларусі да сьвету, калі тварам гэтай Беларусі па-ранейшаму будзе Лукашэнка? Таго, хто, як Аляксандр Мілінкевіч, мяркуе, што ўсё роўна трэба, аб'яўляюць здраднікам, што становіцца для Лукашэнкі чарговым бонусам, таму што такога самавынішчэньня апазыцыі, здаецца, не плянаваў нават ён.

І калі Польшча пяром свайго міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага, які піша Лукашэнка, папярэджвае Менск пра тое, што ў выпадку яго ўпартасьці яна можа адмовіцца ад сваёй высакароднай ролі, ніхто ня верыць. Ані ў Польшчы, ані ў Беларусі, ані ў астатняй Эўропе. Варшава, мяняючы ў наступным абзацы ліста міністра пугу на пернік, абяцае, што ў выпадку выпраўленьня бацькі дапаможа Менску ў атрыманьні крэдыту МВФ. Але ўсё выдатна ведаюць, што зусім не Польшча вырашае гэтае, сапраўды жыцьцёва важнае для Менску пытаньне. А самае галоўнае, у самы разгар скандалу з адабраньнем у палякаў будынку ў Івянцы, МЗСы дзьвюх краінаў дамаўляюцца аб візавых ільготах для жыхароў памежных тэрыторый.

Польшчы дзявацца няма куды -- яна не можа адмовіцца ад ўзятай на сябе ганаровай адказнасьці. Эўропа, якая стаіць за ёй, даверыўшы гэтую місію Польшчы, дастаткова камфортна сябе адчувае і без ўмацаваньня сваёй ролі ў апэрацыі па выратаваньні Беларусі. Такім чынам Лукашэнка выдатна ведае, што за Варшаву, занепакоеную лёсам суайчыньнікаў у Беларусі, Эўропа не ўступіцца. Як ніхто не ўступіўся за беларускіх палякаў у самой Беларусі. Значыцца, усё можна.

Канфлікты з Захадам Лукашэнка ніколі не робіць адначасова з "малочнымі" ці "нафтавымі" войнамі на Ўсходзе. Ён іх, па магчымасьці, каардынуе, і магчымасьці чакаць сябе не прымушаюць
Да гэтага месца Менск, трэба меркаваць, далічыў – усё ж да сваіх стратэгічных пошукаў Лукашэнка ставіцца дастаткова сур'ёзна, каб, нават прытрымліваючыся сваіх інстынктаў, ня думаць аб вядомай акуратнасьці. Разганяючы Саюз палякаў проста так, Лукашэнка зрабіў тое, што лічыў абавязковым са свайго народна-гаспадарчага пункту гледжаньня, але ў выніку атрымаў ня толькі чалавечае задавальненьне.

Вельмі паныла глядзяцца ў чарговы раз на фоне Лукашэнкі ўсё. І апазыцыя, якая цяпер крыўдзіцца на Варшаву за тое, што яна, прад'яўляючы Лукашэнка прэтэнзіі, узгадвае толькі пра палякаў, цалкам забыўшыся пра іншыя прыгнечаныя дэмакратычныя сілы. А Варшаве і насамрэч толькі і застаецца, што пакорліва зносіць чарговы зьдзек Менску: ад весткі пра ліст міністра Сікорскага прайшлі лічаныя гадзіны, а актывісты Саюза палякаў ўжо арыштаваныя і прысуджаныя да штрафу.

Але ёсьць і яшчэ адзін нечаканы бонус.

Канфлікты з Захадам Лукашэнка ніколі не робіць адначасова з "малочнымі" ці "нафтавымі" войнамі на Ўсходзе. Ён іх, па магчымасьці, каардынуе, і магчымасьці чакаць сябе не прымушаюць. Рэжым бесклапотнага чаканьня Менску супрацьпаказаны: для падтрыманьня формы ён абавязаны увесь час падтрымліваць пэўны градус канфлікту -- ці там, ці тут. Пасьля свабодалюбных дэклярацый, адрасаваных Маскве, Менск заўсёды знаходзіць момант, каб нагадаць і Эўропе аб асаблівасьцях беларускай дэмакратыі. І для падтрыманьня рытму рэакцыя Польшчы апынулася як нельга больш дарэчнай. Як і пасіўнасьць Захаду, які, здаецца, ужо таксама да гэтых рытмаў пакрыху прызвычаіўся і ўжо здагадваецца: па той жа нафце Менск і Масква яшчэ зусім не дамовіліся. І калі паміж Масквой і Менскам заўтра вайна, то хіба справа аб Івянцы не зьяўляецца лякальным пытаньнем Беларусі, максымум - Беларусі і Польшчы?

Пытаньнем аб тым, хто раней пройдзе пункт невяртаньня - Менск ці Захад, здаецца, ужо ніхто не задаецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG