Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Сурган сёньня апошні раз выступіць у судзе


Алег Сурган

Алег Сурган

Жыхара Віцебску судзяць за напад на міліцыянта. Судзьдзі Яўгену Бурунову засталося выслухаць меркаваньні абвінаваўцы і адваката, а таксама апошняе слова падсуднага, ды вынесьці прысуд. За напад на міліцыянта Сургану пагражае да 6 гадоў турмы.

Справу Алега Сургана Кастрычніцкі суд Віцебску разьбірае ўжо каля двух месяцаў. Інцыдэнт здарыўся 3 лютага, калі Сургана затрымлівалі за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга.

Свае віны падсудны не прызнае. На першым жа судовым пасяджэньні ён распавёў, што на яго спачатку склалі пратакол за бел-чырвона-белы сьцяг, але потым гэты дакумэнт некуды зьнік.

Крымінальную справу за напад на міліцыянта супраць Суграна распачалі пасьля таго, як ён напісаў скаргу ў пракуратуру — пра тое, што супрацоўнікі міліцыі зьбівалі яго, пакуль везьлі ў пастарунак.

Лейтэнант Сяргей Дудкевіч гэтага не прызнае, ён кажа, што толькі трымаў Алега Сургана, каб перашкодзіць яму «біцца галавой аб дзьверы машыны» і «церціся шчокамі аб падлогу». І ў гэты час затрыманы ўкусіў яго за мезенец левай рукі, цьвердзіць міліцыянт.

Алег Сурган прапанаваў, каб паказаньні міліцыянта праверылі праз дэтэктар хлусьні. Ён сказаў, што і сам гатовы прайсьці праз такую працэдуру. Але судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Яўген Буруноў на гэта не пагадзіўся.
XS
SM
MD
LG