Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працяг суду над Тэрэсай Собаль у Валожыне

абноўлена

Тэрэса Собаль
Тэрэса Собаль

Сёньня — працяг разгляду справы кіраўніцы Івянецкага аддзелу Саюзу палякаў Тэрэсы Собаль у судзе Валожынскага раёну.








15:20 Анжаліку Борыс не пусьцілі ў суд

З Валожынскага раённага суду выйшаў прадстаўнік польскай амбасады, які паехаў у вёску Бабровічы і прывёз Анжаліку Борыс. Аднак ні яго, ні яе ўнутр не пусьцілі. Хаця Борыс зьяўляецца сьведкай у справе Тэрэсы Собаль.


15:00 Анжаліка Борыс хоча пайсьці ў Валожын пешшу

Тэлефон Анжалікі Борыс цяпер адключаны. Перад гэтым яна паведаміла сваім паплечнікам, што хоча пайсьці ў Валожын зь вёскі Бабровічы, дзе яе трымаюць, пешшу, калі гэта дазволяць міліцыянты.

У Бабровічах, апроч Борыс, ёсьць і іншыя затрыманыя. У прыватнасьці, адзін з актывістаў — Анджэй Лісоўскі.

14:35
У суд Валожынскага раёну прапусьцілі толькі траіх прыхільнікаў Тэрэсы Собаль зь Івянца. Перад судом ля брамы стаяць міліцыянты. Яны кажуць, што прапусьцяць толькі людзей з івянецкай прапіскай. Гарадзенцы, якія здолелі дабрацца да Валожына, у суд зноў ня трапілі. Дазволілі прайсьці ўнутр журналістам афіцыйных СМІ.


14:29 Анжаліку Борыс затрымалі паўторна

Міліцыянты не прапусьцілі ўсіх актывістаў СПБ у Валожын, дзе пачынаецца разгляд судовай справы адносна Тэрэсы Собаль.

Машыну з Анжалікай Борыс спынілі на павароце на Валожын з шашы Горадня-Менск.

Яна знаходзіцца ў вёсцы Бабровічы. Усіх затрыманых недзе восем чалавек. Ёсьць яшчэ затрыманыя актывісты Саюзу палякаў у іншых месцах.

Да Валожына здолелі дабрацца каля трыццаці чалавек.


13.00 Анжаліку Борыс затрымалі па дарозе

Машыну, у якой накіравалася ў Валожын Анжаліка Борыс, на дарозе спынялі міліцыянты, але адпусьцілі. Яна паведаміла па тэлефоне, што едзе далей.

Іншую машыну з актывістамі Саюзу палякаў на шашы Горадня-Менск міліцыянты спынялі чатыры разы. Гэтыя актывісты ужо даехалі да Валожына.

11.20
Адвакат Аляксандар Галіеў распавядае пра зьмест сёньняшняга пасяджэньня.

«У мінулым паседжаньні мы гаварылі пра тое, што наступнае будзе таксама папярэднім. Цяпер мне даслалі позву па факсе пра тое, што ў адкрытым судовым паседжаньні будзе разгляд грамадзянскай справы па пазове да Собаль Тэрэсе Міхайлаўне аб ухіленьні перашкодаў у праве карыстаньня. Вось такім чынам. І яшчэ адзін факс прыйшоў, тут напісана — «17 лютага ў 14.30 у зале суду г. Валожына будзе разглядацца па сутнасьці грамадзянская справа па пазоўнай заяве Саюзу палякаў да Собаль Тэрэсы».

Адвакат зазначае: «Аднак для таго, каб ад папярэдняга судовага паседжаньня перайсьці да разгляду справы па сутнасьці, то адпаведна з артыкулам 264 Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу на гэта неабходна згода бакоў. У дадзеным выпадку, паводле спавешчаньня, якое я атрымаў, тут зразумела, што суд не ўдакладніў пазыцыі бакоў і ня мае згоды бакоў на разгляд дадзенай справы, скажам так, па сутнасьці. Але прызначыў разгляд справы па сутнасьці, нягледзячы на тое, што з папярэдняга разгляду мы нібыта ня выйшлі».


15 лютага ў Валожыне адбылося папярэдняе паседжаньне па пазове кіраўніка праўладнага СПБ Станіслава Сямашкі (Горадня) да Тэрэсы Собаль (Івянец).

Кіраўніцтва праўладнага СПБ лічыць, што яна своечасова ня вызваліла івянецкі Дом польскі. Справа разглядаецца паводле Грамадзянскага кодэксу.

Максымальнае, што пагражае Собаль, — гэта аплата судовых выдаткаў у памеры 105 тысяч рублёў.

Сутнасьць справы
Тэрэса Собаль падтрымлівае не прызнаваны ўладамі Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс. У афіцыйным Саюзе лічаць, што Собаль своечасова ня вызваліла Дом польскі ў Івянцы, сёньня на будынак накладзены судом арышт і ён апячатаны.

У праўладным Саюзе палякаў Тэрэсу Собаль выключылі з шэрагаў. Там лічаць: гэта азначае, што спадарыня Собаль спыняе свае паўнамоцтвы кіраўніцы Дому польскага ў Івянцы і таксама — мясцовага аддзелу СПБ. Але Тэрэса Собаль не пакінула пасаду і ня вызваліла будынак, як таго хацеў кіраўнік праўладнага Саюзу Станіслаў Сямашка.

У Івянцы ў студзені ў адзін дзень адбыліся два польскія сходы, на адным стаў новым кіраўніком мясцовага Саюзу палякаў Станіслаў Бурачэўскі, гэта — праўладная арганізацыя. На другім сходзе ўдзельнікі паўторна абралі Тэрэсу Собаль. Яна з прыхільнікамі працягвала заставацца ў Доме польскім, пакуль яго днямі не занялі міліцыянты.
Падрабязнасьці пазьней на нашым сайце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG