Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навуковец, публіцыст, палітык, аўтар некалькіх палемічных артыкулаў і дзьвюх кніг, прысьвечаных гісторыі і сучаснасьці беларускага нацыяналізму. Дацэнт катэдры інжынэрнай матэматыкі Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, кіраўніцтва якога паставіла перад ім выбар: альбо звальненьне з працы, альбо спыненьне сяброўства ў перасьледаваным уладамі Саюзе беларускіх пісьменьнікаў.



Што для вас свабода?

Вера ў Бога і жыцьцё згодна з Хрыстовымі Наказамі.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Унутраныя комплексы, ад якіх цяжка пазбавіцца. Напрыклад, раптоўны страх і дрэнны настрой.


Што для вас шчасьце?

Шчасьце — гэта тыя хвіліны ўзнёслаьсці і радасьці, што прыходзяць пасьля здзяйсненьня важных спраў.

А глябальна: шчасьце — гэта някінутасьць Богам.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Сьмерці блізкіх людзей.


Які талент вы хацелі б мець?

Рабіць грошы.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Ларысай Геніюш.


Што найбольш вы любіце рабіць?

Спяваць і хадзіць у грыбы. І, канешне, парыцца ў лазьні.


Калі б можна было б пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Пайшоў бы ў Храм, як толькі пачаў хадзіць, а не ў 40 гадоў.


Якую найлепшую параду вы атрымалі.

Трымайся правага боку і ня едзь на чырвонае сьвятло.


Які ваш улюбёны дэвіз?


Стань гаспадаром!


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?


Такой палітычнай сыстэмы пакуль няма. Але ў любым выпадку гэта будзе дзяржава, дзе прырытэт за духоўнымі каштоўнасьцямі.


У якой краіне ва хацелі б жыць?


У Беларусі жыву і ў Беларусі хачу жыць.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?


Гэтае пытаньне, як кажуць, рытарычнае. У любую эпоху будуць прыкладна такія ж праблемы, што і цяпер.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Ліквідаваў бы кіруючыя мафіёзныя кланы і зьнішчыў бы ўсялякія спробы стварэньня дзяржаўнай ідэалёгіі.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Сяброўскія.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?


Сяброўскія.


Некаторыя думаюць так: «Хай бы дыктатура, абы свая». А Вы?


Дыктатура ня можа быць сваёй.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Не хутка і не праз рэвалюцыю.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?


Калі загаворыць прэзідэнт, а за ім і ўвесь верхні эшалён улады.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Канца сьвету не адбудзецца. Але ўсё роўна настане момант, калі беларусы вернуць сабе беларускую мову, нават у тым выпадку, калі яна стане мёртвай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG