Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У прыватнай галерэі «Крыга» ў Горадні сёньня адкрылася выстава мастачкі Вікторыі Ільліной. Сталая тэма яе жывапісу — старая Горадня. Хоць нельга сказаць, што мастачка імкнецца адлюстраваць канкрэтныя помнікі архітэктуры Горадні, але гарадзенцы пазнаюць на яе карцінах камяніцы з гістарычнай забудовы. Тэма новай выставы — зіма, зімовы горад.

Вікторыя Ільліна кажа, што Горадня — яе асноўная тэма яшчэ са студэнцкіх часоў. Калі яна вучылася ў Менску, то малявала свой горад, і ўсе ведалі, што яна з Горадні, што тут захаваўся стары цэнтар. Мастачка ўдакладняе, што не малюе канкрэтна пэўныя вуліцы, хаця ўсе пытаюцца — а дзе гэта?

Але на выставе ёсьць і працы з выявамі канкрэтных будынкаў. На адной з карцін — генэральскі дом польскага часу. Ён стаіць за старымі воданапорнымі вежамі, у якіх майстэрні мастакоў. Вікторыя Ільліна кажа, што звычайна на яе карцінах — «проста аўра невялічкага правінцыйнага гарадка».

Стары горад на адной з карцін на выставе ў «Крызе».
Мастачка перажывае за свой горад, бо далёка не заўсёды старыя камяніцы рэстаўруюць як мае быць. Некаторыя будынкі руйнуюць нават у нашы дні.

Ільліна: «Нядаўна прыяжджаў мой адзін студэнт, ён вучыцца ў Менску на архітэктуры. Ён кажа: кожны раз прыяжджаю — таго няма і гэтага, і перажывае, бо нешта трэба рабіць з гэтым. І толькі адзін, кажа, дом нармальна адрэстаўравалі ў горадзе. Я пытаюся: які? А ён мне называе мой самы любімы дом, у якім хораша зрабілі цэглу, толькі памянялі вокны, дзьверы, і гэты стары дом цяпер выглядае так, як павінен выглядаць пасьля рэстаўрацыі. Мне вельмі радасна, што мае студэнты гэта разумеюць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG