Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двум віцебскім актывістам — арышты


Валеры Раманенка
Валеры Раманенка

Судзьдзя Першамайскага райсуду Валянціна Кісьмярошкіна прысудзіла арышты Алесю Галаваню і Валеру Раманенку. Абодвух хлопцаў міліцыянты затрымалі 15 студзеня, напярэдадні мінулага Дня салідарнасьці, і забралі ў іх 4 бел-чырвона-белыя сьцягі.

Прымаючы рашэньне, судзьдзя кіравалася міліцэйскімі пратаколамі, дзе было напісана, што Раманенка і Галавань знаходзіліся ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане. Такім чынам, актывістаў асудзілі за дробнае хуліганства.

Алесь Галавань у суд не зьявіўся. А Валеры Раманенка, у якога і былі адабраныя бел-чырвона-белыя сьцягі, перакананы, што за ім у той вечар сачылі.

Паводле ягоных слоў, затрыманьне адбылося літаральна ля пад’езду ягонага дома: ён ня меў пры сабе пашпарта і прапанаваў міліцэйскаму патрулю падняцца ў кватэру і праверыць дакумэнты. Але ў пратаколе запісана, што ён быў настолькі нецьвярозы, што нават ня змог адказаць, дзе жыве.

Тым ня менш замест выцьвярэзьніка абодвух затрыманых хлопцаў завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе яны правялі амаль трое сутак — да панядзелка 18 студзеня. З улікам таго папярэдняга тэрміну цяпер ім засталося адбыць пад вартай па двое сутак.

Аднак перш чым зноў кіравацца ў ізалятар, каб адбыць астатні тэрмін, Валеры Раманенка зьбіраецца абскардзіць судовую пастанову. Пляны Алеся Галаваня невядомыя: ён ня быў ні на апошнім, ні на папярэднім судовым пасяджэньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG