Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя разагнала акцыю на Кастрычніцкай плошчы


Міліцыя разагнала 16 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Менску акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі і сем'ямі зьніклых палітыкаў. Затрымана было больш як 20 чалавек, потым усіх адпусьцілі.

21.00 Усе затрыманыя вызваленыя з Цэнтральнага РАУСу.

Акцыя салідарнасьці 16 лютага 2010
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:43 0:00


19:30
Акцыя цалкам разагнаная.

СЛУХАЦЬ:


Спецназаўцы на плошчы затрымалі 7 чалавек, іх завялі ў аўтобус, і як толькі гэты аўтобус зьехаў – а там знаходзіліся лідэр Маладой Беларусі Артур Фінькевіч, лідэр кампаніі "Эўрапейская Беларусь" Яўген Афнагель, карэспандэнтка “Нашай Нівы” Юлія Дарашкевіч, якую абвінавацілі ў тым, што яна нібыта зьбіла міліцыянта – некалькі моладзевых актывістаў разгарнулі бел-чырвона-белы сьцяг, сталі ланцугом на плошчы, пачалі скандаваць: "Жыве Беларусь!" Іх адразу схапілі спецназаўцы, пачалі цягнуць па сьнезе за ногі, за рукі – у другі аўтобус трапілі 6 чалавек. Іх таксама павезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску.


Трое чалавек знаходзяцца ў міліцыі мэтрапалітэну, а некаторых затрымалі яшчэ на падыходзе да плошчы. У прыватнасьці, Максіма Вінярскага. актывіста кампаніі "Эўрапейская Беларусь", затрымалі яшчэ на плошчы Перамогі.

Акцыя скончылася поўным разгонам. Міліцыянты гэтым разам жорстка абыходзіліся з журналістамі, не давалі здымаць. Журналісты паскардзіліся кіраўніку менскай міліцыі, які тут быў, запыталіся: як жа разумець словы Міністра ўнутраных справаў, які казаў, што журналістам ня будуць замінаць працаваць на плошчы – на што той паціснуў плячыма і нічога не адказаў.

19.10 Усяго затрыманыя 24 удзельнікі акцыі. Некаторых зь іх спэцназаўцы зьбілі ў аўтобусе. Моцна зьбіты Мікола Дземідзенка, паведамілі самі затрыманыя па тэлефоне. Спэцназаўцы забралі расьцяжку на польскай мове: «За нашу і вашу вольнасьць!»


18.35 Сямёх затрыманых удзельнікаў акцыі міліцыянты павезьлі ў службовым аўтобусе ў Цэнтральны РУУС. Як толькі аўтобус ад’ехаў, яшчэ шасьцёра актывістаў выйшлі на плошчу. Іх таксама адразу затрымалі міліцыянты. Трое актывістаў знаходзяцца ў міліцэйскім пастарунку мэтрапалітэну. Гэта Ўладзімер Яроменак, Ганна Шкаруба і Юлія Міхайлава.


Паводле міліцыі, затрымана як найменей 20 удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі.

18:00

СЛУХАЦЬ:


На плошчы сабралася некалькі дзясяткаў спецназаўцаў. Яны атачылі ўсю плошчу, і, прынамсі, на маіх вачах ужо забралі некалькі актывістаў. Спачатку яны падыходзяць да маладога чалавека, патрабуюць паказаць пашпарт і адразу адводзяць яго ў мэтро, дзе на станцыі Кастрычніцкая знаходзіцца пастарунак. Тут знаходзяцца Лявон Баршчэўскі, Артур Фінькевіч – Фінькевіч паведаміў, што ў іх забралі ўсе расьцяжкі і сьцягі, але людзі гатовыя стаць ланцугом. Аднак, як тоькі зьбіраюцца 2-3 чалавекі, іх акружаюць спецназаўцы і пачынаюць штурхаць у розныя бакі.

Што да працы журналістаў, то адразу падбягаюць да фотакарэспандэнтаў і хапаюць іх. Схапілі, як мне паведамілі, Юлю Дарашкевіч, таксама не давалі здымаць яшчэ аднаму карэспандэнту "Нашай Нівы". Зараз, калі я гавару па мабільнаму, яны ўвесь час ідуць за мной – відаць, думаюць, што я здымаю на відэакамэру тое, што тут адбываецца.

Некалькі маладых людзей несьлі партрэты Аўтуховіча, Дубскага, была расьцяжка наконт Саюзу Палякаў – усё гэта адразу адбіралася. Міліцыянты затрымалі Яўгена Афнагеля, Артура Фінькевіча, Міколу Дземідзенку, Паўла Пракаповіча, фотакарэспандэнта “Нашай нівы” Юлю Дарашкевіч. Імёны яшчэ дваіх затрыманых актывістаў пакуль невядомыя.

Нагадаю, што апошнім часам акцыі адбываюцца даволі часта: моладзь выходзіла 8 лютага, потым 14-га, цяпер 16-га, і, вядома, спецназаўцы кожнага актывіста ведаюць у твар.

-----------------------------

Дзень беларускай салідарнасьці адзначаецца ад кастрычніка 2005 году 16-га чысла кожнага месяца.

Цягам мінулага году спэцназаўцы разганялі ўсе акцыі салідарнасьці. У рэгіёнах акцыі таксама спынялі супрацоўнікі міліцыі.

Неаднойчы міліцыянты затрымлівалі ўдзельнікаў акцыі. Некалькі моладзевых актывістаў у 2009 годзе заплацілі штрафы за ўдзел у іх.

Рэпартаж зь сёньняшняй акцыі салідарнасьці чытайце і глядзіце на нашым сайце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG