Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мартынаў паехаў у Іран, а дэпутаты — у Ізраіль


Махмуд Ахмадзінэджад і Сяргей Мартынаў, 2006 год.

Махмуд Ахмадзінэджад і Сяргей Мартынаў, 2006 год.

Сёньня пачаўся двухдзённы візыт міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава ў Іран. Тым часам дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў зь пяцідзённым візытам знаходзіцца ў Ізраілі.

Паводле прэс-службы МЗС Беларусі, заплянаваны шэраг сустрэчаў з кіраўніцтвам Ірану. На перамовах плянуецца абмеркаваць рэалізацыю праектаў двухбаковага гандлёва-эканамічнага і інвэстыцыйнага супрацоўніцтва, актуальныя пытаньні ўзаемадзеяньня Беларусі і Ірану на міжнароднай арэне.

Гэтым летам кіраўнікі Беларусі і Ірану — Лукашэнка і Ахмадзінэджад — зьбіраюцца чарговым разам сустрэцца. Паводле іранскага амбасадара ў Менску Сэеда Абдалы Хасэйні, візыт кіраўніка Беларусі плянуецца прымеркаваць да пачатку прамысловай здабычы нафты на радовішчы Джафэйр, якое Беларусь і Іран распрацоўваюць сумесна.

З чым зьвязаная актывізацыя кантактаў афіцыйнага Менску з Іранам? Палітоляг Андрэй Фёдараў кажа:

«Хутчэй за ўсё, з-за гэтага нафтавага канфлікту з Расеяй яны спрабуюць знайсьці нейкія альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты. Я ня ўпэўнены, што гэта атрымаецца. Сытуацыя складаная».

Кірыл Коктыш
Маскоўскі палітоляг Кірыл Коктыш зьвяртае ўвагу на паведамленьні мэдыяў, што Масква мае намер выканаць кантракт, згодна зь якім яна абавязалася паставіць Ірану комплексы «С-300».

«І Беларусь можа тым ці іншым бокам у гэтым працэсе ўдзельнічаць. Трэці бок, які можа дапамагчы. Я ня ведаю, наколькі існуе ўзровень даверу паміж Беларусьсю і Расеяй у такіх далікатных справах, як гандаль зброяй, але дагэтуль у гэтым полі Беларусь і Расея стасункі звычайна не псавалі. Беларусь будзе намагацца атрымаць нейкі свой прыбытак».

Паводле іранскага амбасадара ў Менску, беларуска-іранскія дачыненьні не зазнаюць зьменаў, нават калі Расея далучыцца да новых міжнародных санкцыяў супраць Тэгерану. Падчас нядаўняй сустрэчы ў Менску з кіраўніком адміністрацыі іранскага прэзыдэнта Эсфандыярам Рахімам Машаі Аляксандар Лукашэнка адзначыў падабенства пазыцый абедзьвюх краін у ключавых міжнародных праблемах. Ці можна разглядаць візыт спадара Мартынава як палітычную падтрымку Ірану? І як на гэта могуць рэагаваць іншыя краіны?

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў: «Як пабочны эфэкт — гэта насамрэч так і ёсьць. Ня скажаш, што гэта вельмі моцная падтрымка, бо наўрад ці хто зь вялікіх дзяржаў, якія вырашаюць лёс санкцый адносна Ірану, такую ўжо ўвагу і вагу надае Беларусі ў гэтым сэнсе, Усё залежыць ад таго, чым мы будзем расплачвацца з Іранам. Калі мы проста будзем набываць нафту, то гэтага ніхто не забараняў. Тут пад санкцыі ён яшчэ не падпаў у гэтым сэнсе. А калі там будзе нейкая пастаўка зброі, тады размова будзе іншай».

У гэтыя ж дні адбываецца візыт у Ізраіль дэлегацыі Палаты прадстаўнікоў. Дэлегацыя правядзе шэраг сустрэчаў, у тым ліку са сьпікерам ізраільскага кнэсэту і прадстаўнікамі дзелавых колаў. Найбольшая ўвага будзе аддадзена разьвіцьцю парлямэнцкага дыялёгу і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Камэнтуючы такое супадзеньне візытаў, Андрэй Фёдараў адзначыў, што дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў рэдка запрашаюць у такія краіны і «не яны вызначаюць час візыту, а наадварот, чапляюцца за любую магчымасьць»:

«Гэта выпадковае супадзеньне. Тое, што Ізраіль запрасіў, гэта зразумела. Яны спрабуюць неяк паўплываць праз гэтых людзей, якія паехалі. Але сябры Палаты прадстаўнікоў наагул нічога не вырашаюць. Ізраілю тут нічога не абломіцца, нічога ён не атрымае».

За час свайго прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка двойчы наведаў Іран — у 1998 і 2006 гадах. Таксама адбыліся два візыты прэзыдэнта Ірану ў Беларусь — у 2004 і 2007 гадах. За 11 месяцаў 2009 году таваразварот паміж дзьвюма краінамі склаў усяго 65,2 мільёны даляраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG