Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі мая Алімпіяда. Алесь Камароўскі


Алесь Камароўскі

Алесь Камароўскі

Алімпійскія гульні ў Ванкувэры — вачыма вядомых у Беларусі асобаў. Ці вераць яны ў посьпех беларускіх алімпійцаў? Як ацэньваюць каляспартовы антураж Алімпіяды? Якое ўвогуле месца ў іхным жыцьці займае вялікі спорт?

Адзін зь першых беларускамоўных спартовых тэлекамэнтатараў Беларусі, аўтар шэрагу мастацка-публіцыстычных кніг пра спорт Алесь Камароўскі станоўчай прыкметай сёлетняй Алімпіяды для беларусаў называе тое, што чыноўнікі «адпусьцілі лейцы», за якія заўсёды трымалі спартоўцаў. На яго думку, нават калі алімпійцы ўрэшце і ня спраўдзяць ускладзеныя на іх спадзяваньні, адсутнасьць маральнага ціску ў любым выпадку будзе мець толькі станоўчы вынік:

— Не павінна над спартоўцам вісець: маўляў, мы камусьці нешта абавязаныя. Так, сапраўды, за намі стаіць Беларусь — гэта гонар за краіну, за людзей. Я гэта разумею і заўсёды гэта падкрэсьліваю. Бо вы паглядзіце: калі стаяць каманды, гучыць дзяржаўны гімн, лунае дух патрыятызму, іншы адпаведны антураж, то гэта здорава! Але над усім гэтым не павінна вісець, што ты абавязаны! Бо калі ты абавязаны, ты можаш гэта пры такім стаўленьні папросту не зрабіць.
Не павінна над спартоўцам вісець: маўляў, мы камусьці нешта абавязаныя.


— То бок, падзяляеце меркаваньне, што «гвалціць» спартоўцаў ня варта?

— Ні ў якім разе, бо бывае, што такі псыхалягічны ціск спартоўца папросту маральна забівае. Таму абсалютна падзяляю. А калі даць магчымасьць выявіць спартоўцу ўнутраную волю — маўляў, я хоць і не абавязаны, але зраблю ўсё, што магу, сам, без прымусу — тады гэта мае зусім іншы падтэкст. Вось так недзе як былы спартовец, як камэнтатар асабіста я лічу. А ўвогуле вельмі перажываю за нашых, гляджу і буду глядзець трансьляцыі з Канады. І буду падтрымліваць ня толькі беларусаў, але ўкраінцаў, расейцаў. Усіх тых, хто, як кажуць, нам браты і сёстры родныя.

Беларускі сьлед у алімпійскім Ванкувэры дагэтуль так і не адбіўся. Пасьля трох дзён спаборніцтваў спартоўцы зь Беларусі нічым не зьдзівілі заўзятараў. Сьпіс дзяржаў, якія маюць у сваім актыве ўзнагароды рознай вартасьці, пашыраецца коштам іншых нацыянальных камандаў (на гэты момант такіх краінаў дваццаць). Напярэдадні фактычны правал спасьціг беларусаў на лыжных гонках, дзе стаўка рабілася на Сяргея Далідовіча. Ён фінішаваў толькі 35-м, іншыя ягоныя калегі паказалі яшчэ горшыя вынікі. А раней досыць сьціпла адзначыліся беларускія біятляністы, якія спыніліся далёка ад прызавых месцаў.
XS
SM
MD
LG