Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Dziennik Gazeta Prawna": ніхто ў Беларусі палякаў не перасьледуе


Дональд Туск

Дональд Туск

Дональд Туск званіў Анжаліцы Борыс. Аб гэтым інфармуе “Gazeta Wyborcza” у артыкуле “Лукашэнка карае палякаў. МЗС папярэджвае Менск”. Польскі друк сёньня шырока камэнтуе падзеі вакол непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі.


Паводле “Gazety Wyborczej”, падчас тэлефоннай размовы Дональд Туск і Анжаліка Борыс абмеркавалі крокі польскага ўраду і супрацоўніцтва ў гэтай галіне з краінамі Эўразьвязу.

“Gazeta Wyborcza” прыводзіць таксама меркаваньні экспэртаў. Спэцыяліст ва ўсходніх дасьледаваньнях Гжэгож Грамадзкі мяркуе, што Лукашэнка тэстуе Эўропу, і што арышт больш чым 40 актывістаў Саюзу палякаў – гэта крок, заплянаваны самім кіраўніком Беларусі. Аналітык цьвердзіць, што падзеі вакол Саюзу палякаў не былі выпадковымі – але заплянаванай акцыяй. На думку Грамадзкага, мова ішла з аднаго боку “аб тэставаньні ня толькі палякаў, але і ўсяго Эўразьвязу”, а зь іншага – аб сьвядомай унутранай палітыцы Менску, які ня хоча дапусьціць, каб “нейкая група беларускага грамадзтва паказвала, што рэжым не ўсемагутны”.

Кіраўнік інфармацыйнай службы тэлеканалу “Белсат” Аляксей Дзікавіцкі ў ранішнім эфіры “Radia TOK FM” выказаў меркаваньне, што рэпрэсіі супраць палякаў маглі быць “правакацыяй прарасейскай групы з атачэньня Лукашэнкі”.

Беластоцкі “Kurier Poranny” прыводзіць меркаваньне эўрадэпутата ад партыі “Prawo i Sprawiedliwość” Паўла Коваля, якія лічыць, што польская палітыка адносна Беларусі панесла страты.

“Эўрадэпутат падкрэсьліў, што хваля рэпрэсіяў супраць нашых грамадзянаў зьяўляецца вынікам зьмены стаўленьня польскага ўраду да рэжыму Лукашэнкі. Ён таксама скрытыкаваў прыняцьце міністра замежных спраў Беларусі ў момант, калі Менск прымяняе рэпрэсіі адносна нашых грамадзянаў”, – піша “Kurier Poranny”.

Агулам аўтары камэнтароў і публікацыяў у сёньняшнім польскім друку згодныя на думцы, што рэжыму Лукашэнкі нельга дараваць і трэба рабіць крокі ў адказ. Але ёсьць і іншыя меркаваньні. Напрыклад, аўтар выданьня "Dziennik Gazeta Prawna" Анджэй Таляга піша:

“Робіцца кепска, калі маргінальная праблема, якой зьяўляюцца падзеі вакол СПБ, зьнішчае абнадзейваючае супрацоўніцтва паміж Польшчай і Беларусьсю. Каб нам не перасаліць у рэакцыях. Ніхто ў Беларусі не перасьледуе беларускіх палякаў як такіх, гэта спрэчка беларускай дзяржавы з часткай беларускай меншасьці”.

З Анджэем Талягам агулам згаджаецца публіцыст Марцін Вайцэхоўскі, але кажа, што “realpolitik” не павінна рабіцца любым коштам. Каштоўнасьці, – піша Вайцэхоўскі ў “Gazecie Wyborczej”, – таксама важныя. Беларускія палякі з атачэньня Анжалікі Борыс зьяўляюцца фарпостам барацьбы за лепшую будучыню Беларусі... Дзеля гэтага нельга іх здрадзіць у імя стратэгічных інтарэсаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG