Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апоўначы 16 лютага пачала дзейнічаць забарона на ўезд у Польшчу беларускім чыноўнікам, якія датычныя да парушэньняў правоў беларускіх палякаў. Гэту інфармацыю сёньня пацьвердзіў «Свабодзе» першы сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Павал Марчук. КАМЭНТАР ЭКСПЭРТА.

Адпаведнае рашэньне было прынятае ўчора на сустрэчы прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага зь міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім.

Павал Марчук сказаў, што ён ня мае дадзеных, колькі чалавек патрапіла ў гэты сьпіс і хто канкрэтна гэтыя людзі. Але польскі дыплямат дадаў:

”Можна сказаць, што гэтыя меры тычацца ўсіх чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсаваньні беларускіх палякаў, а таксама чальцоў Саюза беларускіх палякаў, які ўзначальвае спадар Сямашка. Думаю, што гэта будзе нечаканасьцю для многіх беларускіх чыноўнікаў”.
Павал Марчук сказаў, што гэты сьпіс магчыма будзе яшчэ павялічаны цягам бліжэйшага часу:

“Бо мы сёньня яшчэ ня ведаем імёны ўсіх, хто ўдзельнічаў у гэтых”спэктаклях” у Валожыне і Івянцы”.

Тым часам, БелПАН са спасылкай на прэсавага сакратара МЗС Польшчы Пятра Пашкоўскага паведамляе, што “санкцыі ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў пакуль не ўвайшлі ў сілу”.

Ён паведаміў, што сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Польшчы, пакуль толькі рыхтуецца. "Сьпісу яшчэ няма. Наколькі я валодаю сітуацыяй, ён цяпер прапрацоўваецца. Як толькі будзе прынята канчатковае рашэньне, мы абвясцім імёны, уключаныя ў гэты сьпіс", — сказаў Пашкоўскі.

Экспэрт: “Санкцыі магло увесьці і Міністэрства ўнутраных спраў”

Экспэрт у пытаньнях Эўразьвязу, палітоляг Аляксандар Уласкін выказаў “Свабодзе” сваё разуменьне сытуацыі з санкцыямі ўладаў Польшчы супраць беларускіх чыноўнікаў:

“Тут, мабыць, сытуацыя такая. Санкцыі могуць быць уведзеныя ня толькі Міністэрствам замежных спраў, але і якім-небудзь іншым дзяржаўным органам міністэрскага роўню. Гэта могуць быць Міністэрства ўнутраных спраў, Дэпартамэнт па міграцыі, нават нейкая парлямэнцкая камісія. У такіх выпадках указаньне аб ужываньні санкцыяў перадаецца не праз міністэрства, а непасрэдна консульскай службе. То бок консульская служба падпарадкоўваецца ня толькі МЗС, але і МУС, і Дэпартамэнту па міграцыі. Але гэта ўжо залежыць ад канкрэтнай краіны.

МУС альбо Дэпартамэнт па міграцыі маглі даць указаньне консульскай службе амбасады Польшчы ў Беларусі непасрэдна. А паведамленьне пра гэта ў МЗС яшчэ не дайшло”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG