Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць балятавацца ў дэпутаты лідэры партый альбо для іх працягнецца "барацьба ў кабінэтах"?

Пад такім назовам сёньня "Народная воля" друкуе інтэрвію свайго карэспандэнта Віталя Гарбузава з некаторымі партыйнымі лідэрамі:

Павел Севярынец, адзін з сустаршыняў аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя":

— На бліжэйшых выбарах у мясцовыя Саветы сваю кандыдатуру будзе вылучаць адзін з сустаршыняў аргкамітэту па стварэньні БХД — Георгій Дзмітрук. Таксама ў рэгіёнах будуць вылучаны мясцовыя актывісты БХД. Асабіста я прыняў рашэнне не вылучацца на бліжэйшых выбарах. Не хачу падманваць людзей і казаць ім, што буду займацца камунальнымі праблемамі. Не таму, што не хачу гэтым займацца, а таму, што ёсць праца ў ствараемай партыі і на агульнанацыянальным узроўні...

Станіслаў Шушкевіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады:

— Не, ніхто з кіраўніцтва нашай партыі, у тым ліку і я, не будзе вылучаць уласныя кандыдатуры на бліжэйшых выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Анатоль Ляўковіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):

— Асабіста я над гэтым пытаннем яшчэ думаю. Да чаго схілюся — час пакажа... Калі ўсё ж такі вырашу ісці на выбары, то будзе магчымасць самому тэсціраваць сытуацыю з выбарамі, як кажуць, на ўласным досьведзе.

Cяргей Калякін, старшыня партыі "Справядлівы свет":

— Я на гэтыя выбары не пайду. Чаму? Не пайду, таму што не пайду. Партыяй прынята такое рашэнне. Затое ад "Справядлівага свету" на выбары пойдзе мой намеснік — Валеры Ухналёў.

Анатоль Лябедзька, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі:

— Удзельнічаць у кампаніі як кандыдат я не пляную. Будзе больш эфектыўна, калі я стану даверанай асобай кандыдатаў ад нашай партыі. Увогуле гэтая кампанія ў партыі разглядаецца як прагляд партыйнага рэзерву, і па ўсёй краіне будзе досыць багата кандыдатаў ад АГП.

Юрась Губарэвіч, намеснік старшыні руху "За Свабоду":

— Што тычыцца асобы Аляксандра Мілінкевіча, то ў якасці кандыдата ў дэпутаты ён вылучацца не будзе. Аляксандр Уладзіміравіч будзе ўдзельнічаць у кампаніях найбольш паспяховых кандыдатаў ад руху. Будзе іх даверанай асобай.

Рыгор Кастусёў, намеснік старшыні Партыі БНФ:

— Удзел у гэтай выбарчай кампаніі ў якасці кандыдата возьме старшыня партыі Аляксей Янукевіч. Таксама вылучаць сваю кандыдатуру будзе намеснік старшыні Ігар Лялькоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG