Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы калідор Усход-Захад?


Агляд недзяржаўнага друку

Эканамічны тыднёвік “Беларусы і рынак”. У артыкуле “Дзе грошы ляжаць” Тацьцяна Манёнак распавядае пра вынікі Беларусі 2009-га году ў галіне транзытных перавозак. Сумарны даход ад іх у амаль 2 мільярды USD “на фоне крызысу быццам бы неблагі, хаця ўрад хацеў, канечне ж, атрымаць болей”, -- піша газэта. “Беларускія транспартнікі ставяць перад сабой амбіцыйную задачу – пераключыць на сябе значную частку грузаў, якія ідуць з Кітая ў Эўропу і назад” . Таму, тлумачыць журналістка, “беларускі бок ахвотна падключыўся да праекту стварэньня новага сухапутнага транзытнага калідору Ўсход – Захад, які ініцыюе Літва. Падрабязнасьці гэтага праекту, у якім, мяркуецца, будуць удзельнічаць Літва, Беларусь, Расея, Казахстан і Кітай, - чытайце на старонках “Беларусы рынак».
У артыкуле «У бізнэса шмат пытаньняў» газэта шукае адказы на пытаньне, як працаваць ва ўмовах Мытнага саюзу, - гэта актуальна для шматлікіх дзяржпрадпрыемстваў і прыватных кампаній. І гэтыя пытаньні падымаліся на паседжаньні Рэспубліканскага савету дырэктараў Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі.

“Паміж усходам і захапленьнем” – гэтак на першай старонцы сьвежы нумар “Белгазеты” прэзэнтуе тэму нумара – вынікі выбараў прэзыдэнта ва Ўкраіне. “Цуд сытуацыі з перамогай “патэнцыйнага дыктатара” Віктара Януковіча на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны – у тым, што да гэтых падзеяў можна працягваць ставіцца не як да “лажы” аранжавай каманды, не як да адмовы ад ідэалаў Майдану, а проста як да прарыву геапалітыкі і нават проста геаграфіі – у перадвыбарны расклад. На Ўкраіне перамог Усход”, -- піша Віктар Марціновіч.

“Польшча зацікаўлена ў канфлікце”, -- цытуе “Белгазэта” меркаваньне расейскага палітоляга Сяргея Лебедзева, камэнтуючы канфлікт вакол Дому польскага ў Івянцы. “Ня трэба быць вялікім палітолягам, каб заўважыць: калі ёсьць краіна, дзе вось-вось настане крызыс, а ўрад не мае сур’ёзнай падтрымкі ў народа, найлепшы сродак адвесьці народны гнеў убок – стаць на абарону сваіх суайчыньнікаў (нават калі яны этнічна ніяк з Польшай не зьвязаны – толькі канфэсійна і гістарычна”.

Сьвежы нумар “Нашага слова” часткова прысьвечаны Міжнароднаму Дню роднай мовы, 21 лютага. Распавядае рэдактар газэты Станіслаў Суднік:

“Даем пастанову сакратарыята аб правядзеньні рэспубліканскага агляду-конкурсу пэрыядычнага друку па ўжываньні беларускай мовы “Зь беларускім словам у жыцьці”. Гэта ўвосень будуць абласныя арганізацыі, менская гарадзкая прааналізуюць стан беларускай мовы ў беларускім друку. На другой паласе – тэкст беларускай агульнанацыянальнай дыктоўкі – прадмова да кнігі “Памяць зямлі беларускай”. Мовазнаўчы досьвед “Змаганьне за мову” Паўла Сьцяцко”.

XS
SM
MD
LG