Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

16 лютага завяршае працу ў Менску місія МВФ на чале з Крыстафэрам Джарвісам. Місія ацэньвала, як беларускія ўлады выконваюць праграму, якая падтрымліваецца крэдытам stand-by ў 3,53 мільярды даляраў. Агульная сума сродкаў, якія МВФ выдзеліў для Беларусі, складае на сёньня 2,88 мільярда даляраў. Ці папросіць афіцыйны Менск новыя крэдыты ў МВФ

Місія МВФ правяла сустрэчы ва ўрадзе і Нацыянальным банку. Па выніках працы будзе прынятае рашэньне аб выдзяленьні афіцыйнаму Менску апошняй траншы крэдыту – 700 мільёнаў даляраў. У прадстаўніцтве МВФ у Беларусі пакуль сытуацыю не камэнтуюць. Прадстаўнік Нацбанку Беларусі Анатоль Драздоў патлумачыў:

“Мы выконваем праграму, якую падпісалі з МВФ, якую падпісалі ў мінулым годзе. Яна не завершана. І пакуль ня будзе завершана гэта праграма, пра новую ня можа быць і гаворкі. Я маю на ўвазе ня ў сэнсе намераў, а рэальнага яе ажыцьцяўленьня. А візыт гэтай місіі прайшоў у звычайным, працоўным парадку. Каб весьці перамовы пра новы крэдыт, трэба каб урад і Нацбанк у сумесным лісьце зьвярнуліся ў МВФ з просьбай працягнуць праграму stand-by. Такога ліста яшчэ не было. Адпаведна ніхто нічога пакуль не прасіў”.
Раней прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што ўрад правядзе з МВФ перамовы пра магчымую рэалізацыю новай праграмы stand-by пасьля завяршэньня дзейнай у красавіку гэтага года. Маўляў, абодва бакі “выказалі намеры па гэтым пытаньні”.

Ці абыдуцца беларускія ўлады без крэдытаў?Паводле экс-старшыні Нацбанку Беларусі Станіслава Багданкевіча, улады атрымаюць чарговую траншу ад МВФ і “гэта дасьць магчымасьць пэўны час жыць”:

“МВФ падлічыў, што нам патрэбна каля пяці мільярдаў зьнешніх уліваньняў, каб падтрымліваць статус-кво вытворчасьці. Я думаю, што ўлады хутчэй за ўсё будуць зьвяртацца за дапамогай у МВФ. Проста яны хутчэй за ўсё не гатовыя да радыкальнай лібэралізацыі эканомікі. Таму яны да канца, відаць, яшчэ ня вырашылі. Сытуацыя ж не мяняецца. У нас дэфіцыт гандлёвага балянсу захоўваецца і яго трэба перакрываць. Дэфіцыт будзе некалькі мільярдаў. Грошы патрэбныя Беларусі для падтрыманьня статуса-кво”.

Беларускія ўлады пайшлі на выкананьне шэрагу ўмоваў МВФ, дзеля атрыманьня яго крэдытаў. Напрыклад, па збалянсаванасьці дзяржаўнага бюджэту. Але, паводле спадара Багданкевіча, жорсткіх патрабаваньняў з боку МВФ не было.

“Я лічу, што асноўныя патрабаваньні, а патрабаваньні былі мінімальныя (гэта ўжо праблема МВФ), выкананыя. Тыя, хто думае, што трэба мадэрнізаваць эканамічныя стасункі, хацелі б, каб МВФ больш жорстка патрабаваў правесьці мадэрнізацыю беларускай эканомікі, правесьці рынкавыя пераўтварэньні. Але гэтага сам фонд раней не зрабіў. Таму яму няма чаго наракаць на беларускі ўрад”.
XS
SM
MD
LG