Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД сустрэнецца зь Мін’юстам у судзе


Сёньня Вярхоўны суд разгледзіць скаргу заснавальнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі на Міністэрства юстыцыі, якое адмовілася зарэгістраваць партыю.

Летась двойчы праводзіліся ўстаноўчыя сходы і двойчы чыноўнікі міністэрства адмаўлялі ў рэгістрацыі. Сустаршыні аргкамітэту заяўляюць пра беспрэцэдэнтны ціск на заснавальнікаў партыі, якіх пагрозамі прымушалі адмовіцца ад свайго подпісу ў дакумэнтах. Сустаршыні аргкамітэту дзеля стварэньня БХД запрасілі ў судовае паседжаньне некалькі чалавек, каб тыя далі паказаньні ў якасьці сьведак і паведамілі суду пра ціск з боку чыноўнікаў, якія прымушалі іх адклікаць свае подпісы ў дакумэнтах на рэгістрацыю партыі.

Нагадаем: летась, спачатку 28 лютага, а потым 31 кастрычніка заснавальнікі БХД праводзілі ўстаноўчыя зьезды і падавалі дакумэнты на рэгістрацыю партыі. Міністэрства юстыцыі адмовіла ім ў рэгістрацыі, спаслаўшыся на недакладнасьці ў сьпісе заснавальнікаў.

На папярэднім паседжаньні судзьдзя Вярхоўнага суду Валянціна Кулік зачытала 7 кароткіх заяваў людзей, якія адмовіліся ад свайго подпісу ў дакумэнтах на рэгістрацыю БХД. Яшчэ 32 прозьвішчы, паводле Мін’юсту, пад сумневам, бо ёсьць сьведчаньні ці то суседзяў, ці то міліцыянтаў пра тое, што людзі не прапісаныя па тым месцы жыхарства, якое ўказана ў дакумэнтах.

Прадстаўнік Мін’юсту Яўген Какуша сьцьвярджаў, што гэта высьветлілася падчас выбарачнай праверкі. Сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі на гэта заявіў, што насамрэч заснавальнікі партыі адчулі на сабе беспрэцэдэнтны ціск з боку мясцовых органаў, спэцслужбаў і адміністрацыі прадпрыемстваў.

Свае словы Віталь Рымашэўскі (на здымку ўверсе) спадзяецца пацьвердзіць на сёньняшнім паседжаньні.

“Сёньня стануць відавочнымі махінацыі Міністэрства юстыцыі, якія яно рабіла падчас адмовы ў рэгістрацыі БХД. Мы сабралі дастатковую колькасьць доказаў, прычым Міністэрства юстыцыі не патурбавалася належным чынам узгадніць тыя дакумэнты, якія прадстаўленыя ў Вярхоўны суд.

Паказаньні сьведак, якія будуць агучаныя ў судзе, атрымаюць шырокую вядомасьць. Мы абяцаем, што праінфармуем нашых замежных партнэраў і беларускую грамадзкасьць”.

Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Аляксей Шэін прыгадаў, што сабрана 1051 подпіс, а для рэгістрацыі дастаткова 1000.

“Рашэньне Мін’юсту мы абскарджваем ня толькі дзеля таго, каб фіксаваць нейкую інфармацыю для іншага часу і, каб эўрапейскія структуры мелі дакумэнты аб рашэньні Вярхоўнага суду, але перш за ўсё, таму, што мы бачым, сыходзячы з законаў, Мін’юст мусіў партыю зарэгістраваць.

Мы казалі пра тое, што была кампанія запалохваньня нашых сяброў. Гэта ня проста нашы словы, за гэтым рэальныя людзі, рэальныя чалавечыя гісторыі.

Судовае паседжаньне прызначана на 10 раніцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG