Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэта тыповае палітычнае нахабства”


«Калі рэпрэсіі ня спыняцца, мы будзем паступова рабіць крокі ў накірунку замарожваньня дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю», — заявіў віцэ-міністар замежных справаў Польшчы Анджэй Крэмэр.

У МЗС Беларусі заявілі, што сытуацыя вывучаецца. Паводле прэсавага сакратара МЗС Беларусі Андрэя Папова, заявы польскага МЗС беларускаму боку вядомыя, аднак пакуль іх не камэнтуюць.

Мечыслаў Лысы
Намесьнік афіцыйнага Саюзу палякаў Мечыслаў Лысы сказаў, што ня бачыць рэпрэсіяў. Маўляў, «пад рэпрэсіі трапляюць тыя, хто парушае закон. Ня можа дзейнічаць у нас незарэгістраваная грамадзкая арганізацыя». Ці не апасаецца спадар Лысы, што таксама трапіць у сьпіс неўязных у Польшчу?

«Магчыма, і я патраплю ў гэты сьпіс, і дагэтуль былі такія сьпісы. На жаль, туды траплялі людзі, якія актыўна працавалі на польскасьць у Беларусі. Але яны аказаліся крыху іншай думкі. Дык што, у нас па-іншаму думаць нельга?! Мы ж не займаемся ў Саюзе палякаў нейкімі рэпрэсіямі».

Былы кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч заявіў, што ўхваляе і вітае тое, што зрабіў польскі бок:

Сяргей Гайдукевіч
«Зусім не зразумелая пазыцыя поўнага ўмяшаньня ў дзейнасьць зусім нармальнай, выразнай арганізацыі. Калі кажуць, што дзяржаве нельга ўмешвацца, то і ня ўмешвайцеся! Мы ж усе цудоўна разумеем, што ўмешваюцца і мяшаюць нармальнаму функцыянаваньню. Таму дзеяньні польскага боку зусім апраўданыя, і яны абсалютна правільна робяць. Абсалютна не зразумелая пазыцыя тых, хто ў нашай дзяржаве займаецца гэтым пытаньнем. Гэта непэрспэктыўна і нявыгадна адносна краіны, зь якой нас зьвязваюць цёплыя, сяброўскія стасункі і межы».

Чаму афіцыйны Менск намерваецца вярнуцца ў дачыненьнях з Эўразьвязам і Польшчай на ранейшыя пазыцыі? Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Віктар Карняенка сказаў:

Віктар Карняенка
«Гэта тыповае палітычнае нахабства, якое ня першы раз дэманструе афіцыйны Менск. Я думаю, гэта, магчыма, зьвязана з пазыцыяй Эўрапарлямэнту адносна Эўранэсту, магчыма, яшчэ нешта. Але гэта неабачлівая палітыка, якая ня дасьць плёну нашай краіне».

Паводле спадара Карняенкі, калі афіцыйны Менск не адумаецца, стасункі будуць абвастрацца.

«Тое, што робіць афіцыйны Менск ня толькі ў дачыненьні зьвязу палякаў, але і наогул структураў грамадзянскай супольнасьці. Проста зьвяз палякаў — гэта яскравае адлюстраваньне такой ўнутранай палітыкі. Гэта сьведчыць пра неразуменьне таго, якія наступствы могуць выклікаць такія дзеяньні».

Войцех Бародзіч-Смаліньскі
Аналітык польскага Цэнтру міжнародных адносінаў Войцех Бародзіч-Смаліньскі адзначыў, што цяперашняя сытуацыя вакол неафіцыйнага саюзу палякаў, паказвае Беларусь «ня ў лепшым сьвятле».

«Пасьля візыту міністра Мартынава ў Польшчу можна было б думаць, што разам з міністрам Сікорскім ён абмеркаваў усе пытаньні, якія ўзьнікаюць у справе польскай меншасьці ў Беларусі. Аказваецца, гэтага не было і Беларусь зноў працягвае ранейшую справу. Спадар Мартынаў не адказны за справы меньшасьці ў Беларусі і, здаецца, што ўсе гэтыя пытаньні павінны быць пастаўлены кіраўніцтву краіны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG