Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Канфлікт з Польшчай выгадны прарасейскім сілам у беларускім кіраўніцтве”


Уладзімер Мацкевіч

Чаму афіцыйны Менск ідзе на абвастрэньне напружаньня вакол Саюзу палякаў? Ці ня хоча ўлада выкарыстаць гэты канфлікт як падставу для згортваньне працэсу лібэралізацыі? Якім сілам у беларускім кіраўніцтве і чаму выгадны канфлікт Беларусі і Польшчы? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

Цыганкоў: Канфлікт вакол Саюзу палякаў узьнік нібыта ні з пушчы ні з поля, ніадкуль. Аднак калі ўзгадаць першы канфлікт, у 2005 годзе, то ён таксама ўзьнік за год да прэзыдэнцкіх выбараў. Дзеля якіх мэтаў улада выкарыстоўвае гэты канфлікт? Можа, ён патрэбны як падстава для згортваньня лібэралізацыі?

Мацкевіч: Магчыма. Такое тлумачэньне мае права на існаваньне. Але яно падаецца мне ня вельмі рацыянальным. Больш за тое, абвастрэньне стасункаў з Польшчай на сёньня зусім не ў інтарэсах рэжыму. Калі разглядаць рэжым як нейкі цэлы, маналітны, які паводзіць сябе рацыянальна, то абгрунтаваньня канфлікту з Польшчай не знайсьці.

Але ж калі дапусьціць, што ў рэжыме ёсьць супрацьстаяньне розных плыняў і сілаў,
Калі пасьля канфлікту адбудуцца пэўныя кадравыя перастаноўкі (ня выкліканыя ніякімі іншымі прычынамі), то гэта будзе сьведчыць, што Лукашэнка мае намер працягнуць нармалізацыю адносінаў з Эўропай.
то тлумачэньне зьяўляецца. Сёньня Беларусь і Польшча маюць агульныя інтарэсы і разам вырашаюць агульныя праблемы з Расеяй — па мясе, малацэ, энэргетычныя і гэтак далей. І таму сёньня гэтае абвастрэньне выгаднае толькі нейкім расейскім сілам альбо нейкай прарасейскай фракцыі ўнутры самога рэжыму. Толькі такім чынам можна знайсьці тлумачэньне гэтаму нерацыянальнаму палітычнаму казусу.

Цыганкоў: Але як далёка могуць ісьці ўлады ў гэтым канфлікце з Польшчай і ўжо нават, магчыма, з усёй Эўропай? Ці Аляксандар Лукашэнка здольны ўбачыць усе магчымыя нэгатыўныя наступствы і спыніць гэты канфлікт?

Мацкевіч: Я думаю, што ў хуткім часе гэта стане зразумелым. Калі пасьля канфлікту адбудуцца пэўныя кадравыя перастаноўкі (ня выкліканыя ніякімі іншымі прычынамі), то гэта будзе сьведчыць, што Лукашэнка мае намер працягнуць нармалізацыю адносінаў з Эўропай. У гэтым, дарэчы, Польшча грае вельмі важную ролю — менавіта яна ёсьць лябістам пэўных прабеларускіх тэндэнцыяў у Эўразьвязе.

Калі ж нічога ў гэтым кірунку не адбудзецца, то гэта азначае, што Лукашэнка лічыць перабольшанымі тыя крокі ў бок нармалізацыі стасункаў з Эўропай, якія ўжо зробленыя Менскам.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG