Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клінічныя тэсты апошняга дзесяцігодзьдзя адкрываюць усё больш карысных якасьцяў вітаміну D для чалавечага арганізму. Адпаведна расьце і рэкамэндаваная норма ўтрыманьня гэтага рэчыва ў крыві. Калі на пачатку гэтага дзесяцігодзьдзя Арызонскі цэнтар інтэграцыйнай мэдыцыны раіў штодня спажываць эквівалент 400 міжнародных адзінак вітаміну D, то на сёньняшні дзень рэкамэндаваны дзённы мінімум вырас у пяць разоў.


Тое, што вітамін D спрыяе лепшаму засвойваньню кальцыю ды мінэралаў, – вядомы факт. Але ж досьледы апошніх гадоў выявілі яго неабходнасьць і для абароны ад шэрагу сьмяротных немачаў. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра некалькі відаў раку, сардэчна-судзінныя хваробы, дыябэт, аўтаімунныя парушэньні ды рэсьпіраторныя захворваньні.

Паводле апошніх дасьледаваньняў Цэнтру ракавых захворваньняў Каліфарнійскага ўнівэрсытэту, павышэньне ўзроўню вітаміну D у крыві магло б прадухіліць палову выпадкаў раку грудзіны ды дзьве траціны выпадкаў раку прамой кішкі ў ЗША.

Якім жа чынам гэтага дамагчыся? Вітамін D зьмяшчаецца ў вітамінізаваным малацэ, злаках, яйках, рыбе... Але ж дасягнуць патрэбнага ўзроўню праз адну толькі ежу – вельмі цяжка. Выйсьце – бываць болей на сонцы! Ультрафіялетавыя промні каталізуюць сынтэз вітаміну D у скуры. Гадзінная сонечная ванна ўлетку раўназначная прыняцьцю 10-20-ці тысяч міжнародных адзінак згаданага вітаміну, і гэта – бяз шкодных наступстваў.

Праўда, з узростам здольнасьць скуры рэагаваць такім чынам на сонечнае сьвятло слабне. Бадай, адзіная альтэрнатыва для людзей сталага веку – харчовыя дабаўкі. Але ў любым выпадку штодзённая 15-ці хвілінны шпацыр ў дзённы час не зашкодзіць ані ў якім узросьце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG