Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійскі дэбют беларусаў: мэдалёвыя авансы пакуль ня спраўджваюцца


Беларускі біятляніст Сяргей Новікаў на Алімпіядзе ў Ванкувэры

Беларускі біятляніст Сяргей Новікаў на Алімпіядзе ў Ванкувэры

Першыя старты беларусаў на ХХІ Алімпійскіх гульнях у Ванкувэры выявіліся надзвычай сьціплымі: у біятлённым спрынце лепшы вынік паказала Дар’я Домрачава, якая замкнула першую васьмёрку наймацнейшых, у мужчынскіх спаборніцтвах Аляксандар Сыман фінішаваў 20-м. Беларускія прадстаўнікі ў іншых дысцыплінах на алімпійскія дыстанцыі яшчэ не выходзілі.

Пасьля першых двух дзён Алімпіяды ўзнагароды рознай вартасьці маюць у сваім актыве прадстаўнікі 16 краінаў. Беларусаў у гэтым сьпісе пакуль няма. І тое, што бліжэйшым часам яны зьявяцца, — пад вялікім пытаньнем. Пакуль што ў барацьбу за ўзнагароды ўступілі толькі беларускія біятляністы. Тры з чатырох мужчынаў — у пятым дзясятку, Сыман — 20-ы. Домрачава прыйшла 8-й, аднак роскід іншых вынікаў не дазваляе казаць пра агульнакамандную стабільнасьць: 17-е, 28-е і 74-е месцы. Між тым дзяржаўны трэнэр біятлённай зборнай Беларусі Аляксандар Бяляеў у будучыню глядзіць з аптымізмам:

“Аптымізму больш. Важна тое, што спартоўцы даволі нядрэнна страляюць, асабліва жанчыны. Тое, што на тле лідэраў усясьветнага біятлёну — такіх, як нямецкая, нарвэская каманды — мы не праваліліся, глядзімся ў прынцыпе таксама прыстойна, — гэта радуе. Таму на наступных дыстанцыях, перакананы, можам і палепшыць свае вынікі. Што да мяне, то асабіста я на пэрспэктыву гляджу з аптымізмам. Бо Алімпіяда толькі пачалася, наперадзе яшчэ чатыры віды праграмы, і мы маем права разьлічваць на тое, што будуць добрыя вынікі ў тых спартоўцаў, якія ня здолелі сябе рэалізаваць у першы дзень спаборніцтваў. Праўда, шмат яшчэ будзе залежаць ад таго, ці пачне зьмяняцца надвор’е. Калі яно, зноў жа, будзе халаднейшае, то ўмовы для праходжаньня будуць больш блізкімі для бальшыні спартоўцаў”.
На тле лідэраў усясьветнага біятлёну — такіх, як нямецкая, нарвэская каманды — мы не праваліліся, глядзімся ў прынцыпе прыстойна

У Ванкувэры анамальна дажджлівая цеплыня раз-пораз зьмяняецца сьнежнымі завеямі. Напярэдадні ў біятлённай гонцы да экстрэмальнага надвор’я так і не прызвычаіліся фаварыты спаборніцтваў, што дало магчымасьць раскрыцца дэбютантам.

Самы тытуляваны беларускі ўдзельнік белых Алімпіядаў, двухразовы прызэр гульняў, фрыстайліст Дзьмітрый Дашчынскі перад адлётам у Канаду таксама наракаў на непрадказальнасьць тамтэйшага надвор’я:

“У нас асноўная праблема — гэта, вядома, надвор’е. Бо адно толькі надвор’е можа надзвычай паўплываць на вынікі. Хтосьці больш любіць скакаць у маразы, камусьці, наадварот, больш камфортна ў цёплых умовах. То бок у любым выпадку нехта атрымлівае за кошт гэтага пэўную перавагу. Такія нібыта дробязі, але ў любым выпадку яны моцна ўплываюць на выступы алімпійцаў”.

Пакуль што беларусы могуць ганарыцца за сваіх прадстаўнікоў у Ванкувэры збольшага ўскосна. Адной з галоўных асобаў Алімпіяды яшчэ ад цырымоніі адкрыцьця стаў былы хакеіст Уэйн Грэцкі — адзін з найвялікшых спартоўцаў ХХ стагодзьдзя. Карані яго, як вядома, зь Беларусі. Нядаўна Грэцкі гасьцяваў на гістарычнай радзіме, дзе ўпершыню за 50 гадоў жыцьця сустрэўся са сваякамі па дзедавай лініі са Сьвіслачы.
У Менску ў мяне была магчымасьць пакатацца з галоўным трэнэрам вашай Алімпійскай каманды. І я спадзяюся, што ён лепшы трэнэр, чым гулец
Уэйн Грэцкі

Апроч генэалягічнага дрэва, журналістаў цікавілі прагнозы Грэцкі адносна алімпійскага хакейнага турніру, у якім бярэ ўдзел і зборная Беларусі. Нагадаем, што Міністэрства спорту і турызму разьлічвае на выступ ня горшы, чым у 2002 годзе ў Солт-Лэйк Сіці — то бок, мінімум 4-е месца. Праўда, з гэткімі ж амбітнымі плянамі ў Ванкувэр прыехалі і іншыя каманды. Дарэчы, на папярэдняй Алімпіядзе ў Турыне Грэцкі быў адным з галоўных мэнэджэраў зборнай Канады, але “кляновыя лісты” спынілася далёка ад праграмы-максымум. Ці настроеная Канада рэабілітавацца ў родных сьценах?

“Што тычыцца зборнай Беларусі, то аб’ектыўна меркаваць штосьці складана. У Менску ў мяне была магчымасьць пакатацца з галоўным трэнэрам вашай Алімпійскай каманды. І я спадзяюся, што ён лепшы трэнэр, чым гулец… (сьмяецца). Я ведаю, што ў вас чатыры хакеісты выступаюць у НХЛ, і калі яны змогуць згуляць за зборную, то гэта будзе добра… Што да зборнай Канады, то гэтым разам сабралася вельмі добрая каманда. Але дакладна гэтак жа, як у 2014 годзе зборная Расеі будзе гуляць на сваёй Алімпіядзе ў Сочы і на расейцаў будзе надзвычайны псыхалягічны ціск, у Ванкувэры будзе гэткі ж вялізны ціск на каманду Канады. Гэта тое ж самае, як у любым іншым турніры важнай сэрыі: калі нашы лепшыя гульцы кшталту Крозьбі, Брадо ці ў тых жа расейцаў Авечкін, Дацук будуць добра гуляць, то ў кожнай з камандаў захоўваюцца добрыя шанцы на перамогу”.

15 лютага позна ўвечары па менскім часе пазмагацца з супернікамі і надвор’ем паспрабуюць беларускія лыжныя гоншчыкі. Сярод шасьці заяўленых удзельнікаў мэдалёвыя шанцы прыпісваліся шматвопытнаму стаеру Сяргею Далідовічу, якому, аднак, так і не ўдалося апраўдаць аналягічныя авансы на папярэдніх Алімпіядах.
XS
SM
MD
LG