Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Траціну пэнсіі трэба аддаць на камунальныя паслугі”


Разгон моладзевай акцыі на дзень сьвятога Валянціна ў Менску, перасьлед актывістаў неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі, удзел беларускіх спартоўцаў у зімовай Алімпіядзе, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.

Супрацоўнікі спэцназу жорстка разагналі мірную акцыю дэмакратычнай моладзі ў дзень сьвятога Валянціна ў Менску. Каля трыццаці сяброў моладзевага дэмакратычнага руху трапілі ў міліцыю, некаторыя атрымалі траўмы. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Спадар: “Учорашні дзень, дзень сьвятога Валянціна паказаў міліцэйскую дэмакратыю па-лукашэнкаўску. Аналягічная карціна адбываецца і з Анжалікай Борыс, якая кіруе Саюзам палякаў Беларусі”.

У раённым судзе Валожына распачаўся папярэдні разгляд пазову афіцыйнага Саюзу палякаў да дзяячкі польскага руху зь мястэчка Івянец Тэрэсы Собаль. Раней з Дому польскага ў Івянцы сябры неафіцыйнага Саюзу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс былі выдаленыя з дапамогай міліцыі. Зараз будынак займаюць актывісты праўладнага Саюзу палякаў, на чале якога стаіць Станіслаў Сямашка. Падзеі вакол польскай меншасьці сталіся прычынаю дыпляматычнай напружанасьці паміж Беларусьсю і Польшчай. Выказваньне слухача:

Спадар: “Вельмі просім у імя Ісуса Хрыста Бога. Калі ласка, не забівайце і не рэпрэсуйце пры дзейным рэжыме палякаў і іншыя нацыі, якія зараз у Беларусі. Як гэта было напраўду, калі па нацыянальнасьці вывозілі ў Сыбір, адбіралі ўласныя дамы, дамы палякаў, рабавалі гаспадарку, разлучалі сем’і, радню, забіралі самае каштоўнае. Усякімі катаваньнямі забівалі”.

Партыя БНФ накіравала ў Менскі гарвыканкам заяву на правядзеньне 28 лютага сходу ініцыятыўнай групы аб правядзеньні агульнанацыянальнага рэфэрэндуму адносна павышэньня мыта на аўтамабілі. Камэнтар слухача:

Мікола Чыбісаў, Казлоўшчына: “Даводзіцца чуць па “Свабодзе”, што Беларускі народны фронт ініцыяваў рэфэрэндум супраць падаражэньня аўтамабільнага мыта. Гэтая праца кіраўнікоў БНФ вельмі недальнабачная. Разумней было б зрабіць рэфэрэндум, каб быў адзін дзень выбараў, бюлетэні былі сапраўдныя толькі на выбарчым участку”.

Выказваньне камэнтуе старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

Аляксей Янукевіч
“Дзякую слухачу, хоць я і ня згодны зь ягоным меркаваньнем. На жаль, сёньня гэтыя праблемы не закранаюць народ. Таму ініцыятыва рэфэрэндуму перадусім скіраваная на тое, каб вырашыць праблему, што цалкам рэальна. А другая задача, якую мы ставім гэтым рэфэрэндумам, — гэта паказаць, што БНФ не адарваны ад штодзённага жыцьця. Што мы здольныя вырашаць надзённыя праблемы людзей”.

У наступных тэлефанаваньнях слухачы выказваюцца наконт сацыяльных праблем:

Ігар Пасноў: “Той непарадак, што робіць віцебскі губэрнатар, проста дзівіць: мэдыцына ў руінах, дзіцячыя паліклінікі ператвораны ў хлявы. Сыплецца тынк горш, чым у Чачні. А тым часам рэалізоўваюцца розныя пражэкты па забаўляльных цэнтрах і г.д”.

Спадар: “Нашы ўлады няспынна паўтараюць, што ў нашай краіне сацыяльна накіраваная палітыка і эканоміка. Хацелася б запытацца, колькі яшчэ такімі тэмпамі будуць расьці кошты на лекі? Пры такой сацыяльнай накіраванасьці, напрыклад, кошт 14 антыбіётыкаў эквівалентны кошту ацяпленьня двухпакаёвай кватэры, то бок 50-60 тысяч рублёў. Беларускія ўсяго толькі на 10 тысяч таньней”.

Спадар Яцкевіч: “Доктар напісала ўколы, якія каштуюць 88 тысяч рублёў пачак. Дзе я вазьму сёньня такія грошы?”

Спадарыня Арцёмаўна, Менск: “Чаму такі вялікі кошт на камунальныя паслугі? Лічбы ўжо зашкальваюць. Траціну пэнсіі трэба аддаць на гэтыя паслугі. Пакуль трохі выкручваемся, але што будзе потым? Якраз пытаньне актуальнае, бо мы, простыя, будзем абіраць спачатку ў мясцовыя саветы, а неўзабаве і прэзыдэнта”.

Працягваем праграму званком з нагоды пачатку зімовай Алімпіяды ў канадзкім горадзе Ванкувэры:

Мікалай, Менск: “Дазвольце павіншаваць нашых спартоўцаў з адкрыцьцём Алімпійскіх гульняў у Ванкувэры. Хацелася б, каб на гэтых гульнях зьявіліся мэдалі ў біятлёне, фрыстайле, лыжных гонках і хакеі. І вельмі б хацелася, каб нашы спартовыя камэнтатары перасталі саромецца весьці рэпартажы на роднай беларускай мове”.

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG