Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзеншчына змагаецца з наступствамі шматдзённых сьнегападаў. Камунальныя і дарожныя службы не спраўляюцца са сьнегам. Многія вёскі застаюцца адрэзанымі ад сьвету.

У нядзелю ДАІ Гарадзенскай вобласьці праз СМІ ўпрошвала вадзіцеляў, каб тыя не выяжджалі з-за дрэннага надвор’я і стану аўтадарог. У абласным цэнтры ў той дзень ЖКГ не спраўлялася з расчысткай дарог, а ў дварах усё наагул занесена.

На “Цэнтральным” рынку ў Горадні абваліўся дах, пацярпела адна гандлярка, яе завезьлі ў шпіталь. Дах зачапіла машына, але відавочцы кажуць: абваліўся ён таму, што ніхто яго не ачышчаў ад сьнегу.



На трасе Ваўкавыск-Баранавічы недалёка Зэльвы пацярпеў легкавік, які з двума пасажырамі ўрэзаўся ў вялікі грузавік. Усе, хто быў у легкавіку, загінулі. Інспэктары ДАІ кажуць, што кіроўца ня справіўся з кіраваньнем з-за стану дарогі.

У Мастах дэпутат райсавету Зьміцер Кухлей з раніцы пісаў скаргі ў ЖКХ, бо ў ягоным мікрараёне заваленыя сьнегам дарогі і праезды ня чысьцяць.

Кухлей: “Машыны, якія заехалі ў двор, цяпер выехаць ня могуць, бо занесеныя сьнегам. А гэты сьнег павінны ж вычышчаць і вывозіць”.

У вёсцы Альхоўка Астравецкага раёну, са слоў аднае жыхаркі, дарогу на трасу яшчэ расчышчаюць, а вось у дварах наагул не прайсьці.

Спадарыня: “Мы неаднойчы зьвярталіся ў ЖКГ і казалі, што за грошы, якія мы плацім, у гарадах прыбіраюць і пад’езды таксама, сьнег расчышчаецца, лёд… а мы тут чысьцім усё самі. Хто раніцай першы выходзіць, людзі ў хлявах трымаюць скаціну, то яны і чысьцяць. А так, каб у двары тратуары пачысьціць — у нас сьнег так і ляжыць, мы толькі сьцежачку пратоптваем”.

А ў Слоніме людзі чакаюць паводкі, якая можа паўтарыць падзеі 1958 году. Мясцовы журналіст Сяргей Чыгрын кажа, што сьнегу выпала шмат, але камунальныя службы зь ім яўна не спраўляюцца.

Чыгрын: “Асабліва засыпаныя сьнегам мікрараёны. Да прыкладу, на вуліцы Брэсцкай — вялікі мікрараён, а ня чысьцяцца ні пад’езды да дамоў, ні тратуары — усё занесена сьнегам”.

Уздоўж Шчары і каналу Агінскага людзі рыхтуюцца да паводкі, са слоў Чыгрына, самі. У МНС журналісту паведамілі, што таксама распрацавалі плян эвакуацыі людзей. Пытаюся — а што было ў 1958 годзе?

Чыгрын: “Вось адна сланімчанка мне згадвала, што іх хату за чыгункай папросту перакуліла вадой. Замосьце — старая частка гораду — цалкам была залітая вадой. Другі слонімец распавядае, што ўсе масты змыла, у дамах пазмывала печы. Па вуліцах Агінскага і Чкалава людзі плавалі на лодках”.




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG