Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь ашукала польскую дыпляматыю”


Пра гэта заявіў Мацей Плазынські, польскі сэнатар і кіраўнік Wspólnoty Polskiej — арганізацыі, якая супрацоўнічае з польскімі меншасьцямі па ўсім сьвеце.

Заява была зробленая ў сувязі з апошнімі затрыманьнямі актывістаў Саюзу палякаў Беларусі, у тым ліку старшыні — Анжалікі Борыс.

Мацей Плазынські назваў памылковай пятнічную сустрэчу ў Варшаве паміж кіраўніком МЗС Польшчы Радаславам Сікорскім і яго беларускім калегам Сяргеем Мартынавым. Паводле сэнатара, у кантэксьце цяперашніх падзеяў гэтая сустрэча можа быць успрынятая як згода на перасьлед палякаў у Беларусі.

Плазынські падкрэсьліў, што польская рэакцыя на апошнія падзеі ў Беларусі павінна быць адпаведнай, “інакш з намі ніхто ня будзе лічыцца”.

Буйнейшая апазыцыйная фракцыя ў польскім парлямэнце “Права і справядлівасьць” (ПіС) зьвярнулася сёньня ў Сэйме да ўраду з заклікам зрабіць тэрміновыя захады ў справе сытуацыі вакол СПБ.

Дэпутат Эўрапарлямэнту ад “ПіС” Павал Коваль, у прыватнасьці, сказаў:

“Польская палітыка ў дачыненьні да Беларусі пацярпела паразу. Цяпер час вашых дзеяньняў, спадар прэм’ер. Надышоў час, каб вы абвясьцілі, што зьбіраецеся зрабіць. Што вы зьбіраецеся зрабіць, каб асоба, з якой вы шмат разоў сустракаліся (А.Борыс - рэд), якой вы шмат абяцалі, была вольнай? Што вы цяпер скажаце спадарыні Борыс, якую разам з некалькімі дзясяткамі іншых актывістаў СПБ затрымалі праз тры дні пасьля візыту ў Варшаву беларускага міністра Мартынава?”

Тым часам яшчэ адзін польскі палітык, кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту па пытаньнях супрацоўніцтва зь Беларусьсю Яцэк Пратасевіч, камэнтуючы сытуацыю Польскаму радыё, адзначыў, што цывілізаваны сьвет і ЭЗ ня могуць сабе дазволіць абыякава глядзець на такія дзеяньні беларускіх уладаў.

Пратасевіч падкрэсьліў: “Прыйшоў час, каб прадставіць праўду пра гэты рэжым. Гэты рэжым мае гэтулькі ж супольнага з дэмакратыяй, колькі крэсла — з электрычным крэслам. І гэтая праўда павінна дайсьці да эўрапейскіх лідэраў, пра што я асабіста паклапачуся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG