Лінкі ўнівэрсальнага доступу









ШТО Мядзьведзеву ў СМАК, а пуціну не?




Відэаролік ня новы, "баян", як кажуць у інтэрнэце. Блогер zouty зьмясьціў яго яшчэ мінулай вясной, а зьняты ён, падобна, за часам прэзыдэнцтва Кучмы.

Аднак ніхто дасюль не адказаў на пытаньне, чым менавіта пачаставаў Віктар Януковіч Дзьмітрыя Мядзьведзева і ад чаго адмовіўся Ўладзімер Пуцін: семачкі, сухарыкі, цукеркі, жуйкі, стымулюючыя пігулкі, штосьці іншае?

Гэта можа здацца нязначным эпізодам, на які ня варта зьвяртаць увагі, хіба што для сьмеху, а да г.зв. "вялікай палітыкі" ён ня мае дачыненьня. Магчыма. Але чаму, у такім выпадку, як паведамляла выданьне «Газета.Ru», "Мядзьведзеў ставіў на Януковіча, Пуцін - на Цімашэнку"?

Ці не таму, што Ўладзімеру Ўладзімеравічу калісьці не даспадобы прыйшоўся пачастунак Віктара Фёдаравіча?


ГАЛАСЫ ПАД СЯРПОМ ТВАІМ




Аўтар малюнку, прысьвечанага выбарам (украінскім і ня толькі) - блогер jan_no.

Часам свабода волевыяўленьня - гэта толькі свабода добраахвотна аддаць на адсячэньне ўласную руку.


АПОШНІ ДАЗВОЛЕНЫ ВЫБАР


Прысуджаным да сьмяротнага пакараньня ў ЗША дазваляецца выбраць "апошнюю трапэзу" на свой густ. "У межах разумнага", канечне.

Блогер malishevsky зьмясьціў у сваім журнале спасылку на матэрыял брытанскага выданьня "Telegraph", дзе прыводзяцца апошнія трапэзы дзевяці амэрыканскіх сьмяротнікаў.

Хтосьці вырашае напрыканцы наесьціся "ад пуза":



А камусьці хочацца пайсьці з жыцьця ўлегцы:



Найбольшую цікавасьць уяўляюць прамежкавыя варыянты. Што рухала чалавекам, які абраў на адыходак дзьве пляшкі колы, адну цыбуліну і жавальную гумку? А самым злавесным мне падаўся набор з какавы і салодкай пампушкі - сваёй будзённасьцю. Заставацца настолькі спакойным, нават абыякавым перад абліччам сьмерці, нібыта нічога надзвычайнага не адбываецца, як на мой погляд, мог адно прыроджаны забойца. Для якога сьмерць даўно стала звыклай, будзённай зьявай. Хаця, мажліва, гэта проста вельмі сэнтымэнтальны чалавек, якому захацелася згадаць смак дзяцінства, хто ведае...


ВЫБАР НАСУПЕРАК АБСТАВІНАМ


Сапраўдны выбар - гэта ня той, які табе хтосьці дазваляе зрабіць, а той, які ты робіш сам. Насуперак абставінам:



На фотаздымку - Ірэна Сэндлер (Сэндлерава). Пра яе напісала ў сваім журнале блогерка ksunder_surpriz. Падчас Другой сусьветнай спадарыня Ірэна, у адрозьненьне ад галоўнага герою фільма Рамана Паланскі "Піяніст", які заставаўся пасіўнай ахвярай абставінаў, збольшага бязвольным назіральнікам трагічных падзеяў, гэтая жанчына зрабіла сапраўдны выбар. Яна выратавала 2500 дзяцей з Варшаўскага гета, вывозячы іх у мяшку і сумцы для інструмэнтаў. У сваім службовым грузавічку Ірэна адмыслова трымала сабаку, навучанага брахаць, калі нямецкая ахова ўспускала і выпускала машыну праз вароты гета - ягоны брэх заглушаў гукі, якія маглі выдаваць дзеці, дый ахова ня надта хацела зьвязвацца з сабакам.

Тым ня менш, урэшце Ірэну выкрылі. Катавалі - зламалі абедзьве рукі і нагі, прысудзілі да сьмяротнай кары. Але ёй удалося пазьбегнуць сьмерці.

Ірэна запісвала дадзеныя ўсіх выратаваных дзяцей і хавала гэты сьпіс у шкляным слоіку, закапаным у яе ў двары, спадзяючыся пасьля вайны адшукаць іхных бацькоў. Аднак большасьць зь іх загінулі ў лягерах...

Дзясятага лютага Ірэне споўнілася б 100 гадоў. Яна крыху не дажыла да свайго юбілею, пакінуўшы гэты сьвет ў траўні 2008-га.


ПАСАДЗІЦЕ РАСІСТА НА МЕСЦА


У жыцьці заўсёды ёсьць месца калі ня подзьвігу, дык выбару на карысьць чалавечнасьці насуперак забабонам:



Зрэшты, выбар, прапанаваны ў гэтым сацыяльным відэароліку, лімітава аблегчаны. Інакшасьць "аб'екту трывогі" у дадзеным выпадку зьведзеная да мінімуму - мурын, зь якім не жадае сядзець побач белая жанчына, насамрэч настолькі ж "белы", як і яна сама, нягледзячы на свой колер скуры. Бо яны аднолькава "цывілізаваныя", належаць прыкладна да аднаго сацыяльнага пласта. Непрыманьне такога мурына - чыстай вады прыхамаць, цемрашальскі капрыз. Таму і абарона яго не запатрабавала, напэўна, у стуардэсы значных маральных высілкаў.

Праблема расізму - гэта праблема ня столькі колеру скуры, колькі скурных інтарэсаў. Вось што трэба ў сабе пераадольваць.

Відэаролік зьмясьціў у сваім журнале a_k88. Што праўда, з нараканьнем на непрыемную яму "эўраталерантнасьць", ды хай гэта застанецца на ягоным сумленьні.

ЛЮБІЦЬ НЕЛЬГА НЕНАВІДЗЕЦЬ




(За кліп дзякую блогеру genosse_u)

Гэтая песьня належыць Аляксандру Харчыкаву - расейскаму паэту-сьпеўніку, сябру Саюза пісьменьнікаў, чальцу-карэспандэнту Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў, ляўрэату розных фэстываляў і конкурсаў.

Аляксандр Харчыкаў аўтар разнаплянавы і шматгранны. Сярод любоўнай, марской, прыроднай і рэлігійнай лірыкі ў яго ёсьць такія песьні, як "Арыйскі марш" ("Белая раса"), "Расеяй кіруюць жыды", "Забі амэрыканца", "Дабі абрэка", "Думаеш, чорны цябе пашкадуе?" і г.д.

Як бачым, у прыведзенай песьні спадар Харчыкаў пералічыў яшчэ далёка ня ўсіх, каго ён "ва ўпор" і "ва ўсім" ненавідзіць. Шырокай душы чалавек -- нянавісьць у яго бязьмежная, неабсяжная і неразборлівая. Гэта нагадвае бесталковага сабаку, які брэша на ўсіх падрад бяз дай прычыны, абы брахаць. Зарэгістраваны карыстальнік "YouTube" Kanzihet слушна заўважыў, што "гэтую песьню можна доўжыць бясконца".

Таму яна нічога не выклікае, апроч сьмеху і жаданьня пакруціць пальцам ля скроні. Рышпэкт і павага тым дасьціпнікам, якія даўмеліся падкласьці яе пад такі відэашэраг. Што зрабіла відавочным ейную бздурнасьць.

Калі чалавек настолькі засяроджаны на нянавісьці, зь пенай на вуснах яе прапаведуе, цяжка паверыць у ягоную любоў да чаго б там ні было. У выпадку Харчыкава гэта Расея, але хіба мы ня ведаем падобных беларусаў? Чыя дэкляратыўная любоў да Беларусі выглядае крывадушнай па той самай прычыне - занадта шмат у ёй намяшана нянавісьці.

"Калі на адно "люблю Расею" будзе даводзіцца меней за 8 "ненавіджу", вось тады ў Расеі зьявіцца надзея". (OptimisticLock)

Што, канечне, верна ня толькі ў дачыненьні да Расеі.

Пасьля песьні Харчыкава ўвогуле ня хочацца ненавідзець нават "цэрбэраў улады беззаконнай", "касталомаў з АМАПу", "мардаваротаў", "дэгенэратаў", "зажратых бандытаў", "лёкаяў", "фарысеяў", "халуёў", хаця яны гэтага нібыта цалкам заслугоўваюць.

Лепей паслухаць арыгінальную чэскую песьню "Jožin z bažin" пра балотную пачвару, якая жарэ галоўным чынам сталічных жыхароў.


СЁНЬНЯ ЗАКІНУТАЯ ВЫСПА - ЗАЎТРА ЗАКІНУТАЯ ПЛЯНЭТА?






На гэтых здымках (болей можна паглядзець у журнале emosadomaza) японская выспа Ганкаджыма (Гункадзіма, Хасіма).

Выспу засялілі ў 1810-ым годзе, адшукаўшы там вугаль. Вуглездабычай займалася кампанія "Міцубісі". Цягам пяцідзесяці гадоў выспа была самым густанаселеным месцам на плянэце - яе насельніцтва дасягала 53000 чалавек, пры радыюсе выспы ўсяго 1 км. Калі прыродныя рэсурсы скончыліся, выспа спусьцела, да 1974-га году яе пакінуў апошні жыхар.

З-за пабудоваў выспа нагадвае ваенны карабель. Ганкаджыма (Gunkajima) у перакладзе зь японскай і азначае крэйсэр. Цяпер гэта карабель-прывід.

Няўжо калі-небудзь чалавецтву давядзецца гэтак жа пакінуць Зямлю, занядбаную і вычарпаную?..


БЫВАЙ, ЗІМА!


Аднак хопіць пра сумнае. Цяпер Масьленіца, а значыць -- зіме хутка канец. Няхай лыжнікі ды хакеісты сумуюць, а мы парадуемся. Ура, таварышы!



(Здымак зьмясьціў у сваім блогу palaszuk)


БУЛЬБА СМАЧНАЯ... ЯК МЯСА


Вельмі актуальна для вернікаў-хрысьціянаў, у якіх пачынаецца Вялікі пост, асабліва строгі ў праваслаўных:



(Падгледжана vadzim)


ЗЬ ДНЁМ СЬВЯТОГА ВАЛЯНЦІНА




Віншуе ўсіх блогер ziazulia:

"Жадаю, каб заўсёды ў вашым жыцьці прысутнічалі людзі, якім бы вам хацелася даслаць "валянцінку", і пры гэтым, абавязкова атрымаць тое ж самае ў адказ.
Безумоўна, каханьне бывае самым розным - салодкім і горкім, рэальным і віртуальным... Аднаму яно прыносіць шчасьце і задавальненьне, другому ж - расчараваньне і боль...
Але галоўнае, каханьне - гэта яшчэ і штодзённая праца нашай душы. Гэта жаданьне дарыць радасьць і надзею - тое, да чаго мы імкнемся заўсёды, што вядзе нас па жыцьці...
Таму ляціце "валянцінкі", каб трапіць у вызначаны час да тых, хто чакае адзінага, самага гаючага і прыемнага слова на Зямлі..."


РАСТУЦЬ ШЭРАГІ ЖАНЧЫНАЎ


Як паведамляе блогерка hactik : "Песенька пра статыстыку "на 10 дзяўчынак 9 рабят" састарэла. Бо паводле дадзеных апошняга перапісу насельніцтва зьявілася несуцяшальная вестка, што іх засталося ўсяго 8".



Гэта ж колькі жанчынаў недаатрымаюць "валянцінкі"?


ТРАДЫЦЫЯНАЛІСТЫ ЗАКЛІКАЮЦЬ ЧАКАЦЬ НА КУПАЛЬЛЕ


Суворыя польскія традыцыяналісты заклікаюць адмовіцца ад сьвяткаваньня Дню сьв. Валянціна, бо "гэта ня наша традыцыя", замест таго дачакацца купальскіх вогнішчаў і тады ўжо фаеру даць.


(Зьмясьціў hurnievic)

Цікава, ці ёсьць спрадвечнай польскай традыцыяй ужываньне словазлучэньня "fuck off"?


ПРЫГОЖЫ ПАДАРУНАК КАХАНЫМ


Ну, традыцыяналісты няхай сабе чакаюць скокаў праз вогнішча, а ўсе астатнія могуць зрабіць сваім каханым прыгожы падарунак. Напрыклад, такі ("для тых, каму не хапае летніх фарбаў халоднай зімой"):





(Уласнаручна зрабіла і прадае блогерка kotables у суполцы zrabi_pradaj)


ДАПАМАЖЫ "ШКЛЯНОМУ ХЛОПЧЫКУ" НЕ РАЗЬБІЦЦА


А для таго, каб рабіць добрыя справы, неабавязкова чакаць адмысловых датаў. Нагодаў заўжды дастаткова.



У гарадзенскага хлопчыка Вадзіма Паплаўскага страшны дыягназ - "недасканалы остэагенэз" (прыроджаная паталягічная ломкасьць костак). На апэрацыю яму патрэбна сабраць 10 935 даляраў.

Адрасы, на якія можна перавесьці грошы, зьмешчаныя ў блогу Асі Паплаўскай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG