Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Слаўным у зямлі нештачка закапана...»


Цягнік у Слаўнае прыбывае каля 6 раніцы. Мінус 22 на вятры адчуў, яшчэ калі з апошняга вагона ішоў да цёмнага правалу паміж дрэвамі — ліхтары ля станцыі не гарэлі. Чаму? — спытаўся ў дыспэтчара.

Дыспэтчар: «Гэта эканомія электраэнэргіі — уключаюць, пасьля выключаюць…»

Хвілін праз 50 сталася весялей — з Коханава прыбыў мой колішні герой, цяпер сябар ды спадарожнік у вандроўках — праваабаронца ды лідэр апазыцыі Талачыншчыны Мікалай Петрушэнка. Выгляд у Мікалая Сямёнавіча быў загадкава-хітрэнны. Ведаючы з досьведу, што гэта нездарма, запатрабаваў: «Каліся, што накапаў!»

Петрушэнка: «У Слаўнае я прыехаў з-за гісторыі, якой даўно займаюся. 85 год таму вядомая банда „зялёных“ пад кіраўніцтвам Юркі Моніча спыніла цягнік „Масква-Бэрлін“ У ім ехала амбасада Італіі, везьлі залаты скарб, калекцыю зброі і іконы. Золата Юркі Моніча шукаюць ужо шмат год — у 41-м немцы, палякі, Саветы, краязнаўцы. Шукаюць золата. Трэба ж — зброю ды іконы, бо банда іх не магла вазіць за сабой на дзясятках падводаў. Моніч закапаў усё непадалёк адсюль. Я сустракаўся зь людзьмі, якія забілі бандыта і кол асінавы ўвагналі ў сэрца. Яшчэ доўга жыў, бо пры ўскрыцьці даведаліся, што ў яго было два сэрцы — зьлева і справа. Ёсьць апісаньне ўсяго ў архівах НКУС — восеньню прыяжджалі дасьледчыкі зь Пецярбургу. Справа цягне мо на мільярды даляраў. Нашых чыноўнікаў не хвалюе, ці знойдуць — сядзяць „цялушкі“ ў нашых музэях. Знайсьці патрэбна! Прыехаў зрабіць нейкую рэкагнасцыроўку. Як толькі вясна, прыступім да справы…»

Першы адрас не выбіраў. У вёсцы, на вуліцы Вішнёвай, жывуць сталыя слухачы «Свабоды» — муж і жонка, 80-гадовая Капіталіна Рабцава ды 82-гадовы Мікалай Гошка. Хата спадарства, нягледзячы на адсутнасьць ліхтароў ды нумароў, знайшлася хутка — аж да вуліцы даносіўся ранішні эфір Радыё Свабода. Гаспадары ўзрадаваліся нашаму прыходу. Асабліва гаспадыня — з-за хваробы хрыбетніка яна апошнім часам прыкутая да ложка.

Рабцава: «Свабоду» слухаю, яшчэ калі «глушылка» была. Кожную раніцу ў 6 гадзін чакаю, усіх ведаю па галасах — такія прыгожыя, усе эрудыты, разумны, адукаваны калектыў. «Народную волю» чытаю — раней магла седзячы, а зараз лежачы. Вось толькі яшчэ і цікавіць…"

Я ўжо ведаў, якая трагедыя стаіць за апошнімі словамі — бацькі страцілі абодвух сыноў…

Рабцава: «Забілі ў Менску — быў студэнтам 4 курсу тэатральна-мастацкага інстытуту. Ён пайшоў на рок-канцэрт, і яго скінулі з 4 паверху. І ня ведалі, дзе Сярожка, пакуль не перадалі па радыё, што памёр невядомы. Тады дачка Наташа пайшла і ўбачыла, што ў моргу ляжыць Сярожанька. (Плача.) Кожны дзень хадзілі на магілу і многа плакалі. А тры гады таму спынілася сэрца ў старэйшага сына. Як Сашу пахавалі, не сплю, ня ем, толькі з таблеткамі жыву. Іванавіч інфаркт перанёс цяжкі…»

Пытаюся ў «хадзячага» спадара Мікалая пра стан жыцьця пэнсіянэраў у Слаўным:

Гошка: «Была на паліва ільгота — давалі 7 мэтраў дроў бясплатна кожнаму настаўніку. Лукашэнка ўсё адмяніў, купляем за свае грошы — машына дроваў цяпер 250 тысяч…»

Рабцава: «Вельмі шмат трацім на лекі — чацьвёртая частка ідзе…»

У цэнтры паселішча — яшчэ зачынены, адзіны тут камэрцыйны шапік. Побач — прасторная, з эўрарамонтам хата, дзе жыве адзіная ж тут прадпрымальніца, 53-гадовая спадарыня Тамара Беражная. Гандлюе ўжо тузін гадоў. На пытаньне, ці ўдала ідзе бізнэс, толькі паціскае плячыма.

Беражная: «У людзей няма грошай. І менш бы яны пілі. Купляюць танныя макароны, кілбасы вараныя ў межах 7 тысяч. Дзённы таваразварот бывае 300 тысяч, бывае і 160. Узімку слаба зусім. Раней найманая працавала — цяпер я і дачка. Куды мне з маім шапікам у гэты ЧУП? Надзярэм толькі чуб! (Сьмех.)

Зьбіраючыся адыходзіць, пытаюся, ці не зашмат пакояў утрымліваць для дзьвюх жанчын? Адказ прымушае мяне ізноў распрануцца.

Беражная: «У маёй хаце 8 чалавек — зь іх 5 дзяцей, тры прыёмных. Убачылі ў газэце — бацькі іх кінулі. Дзяўчынцы Лене 7 год зараз, а Андрэю 12. У прытулку бралі. Дзеці прызвычаіліся, завуць „мама“. Апошнюю ў жніўні ўзялі. Мне за ўсіх плацяць 200 тысяч. Які матыў? Можа, што сама расла бяз бацькі. Убачылі фота ў газэце, шкада. Дзяўчынцы 12 год, маці адмоўную напісала. Сядзіць, вучыцца — стараецца…»

Бачу закручаныя слоікі з журавінамі. Тамара Леанідаўна зь Петрушэнкам тлумачаць, што ягады — асноўная крыніца існаваньня для многіх слаўненцаў:

Беражная: «У журавіны, суніцы людзі ходзяць да самых маразоў. На некалькі мільёнаў паздаюць і сядзяць цэлую зіму — людзі не вылазяць зь лясоў. Хто нават у калгасе працуе — аддаіла кароў, на ровар і ў лясы…»

Петрушэнка: «Слаўнае знакамітае тым, што тут растуць самыя буйныя журавіны ў Беларусі — 17,3 мілімэтра ў дыямэтры. Журавіны слаўныя!» (Сьмех.)

Спадзеючыся сустрэцца з прыёмнымі дзецьмі Беражной, завіталі ў школу, дзе каля 70 вучняў. Але хлопцы і дзяўчаты былі на ўроках. Затое з Талачына прыехала на другую пару настаўніца мовы і літаратуры, спадарыня Крамянецкая. Школа лічыцца «беларускай». Менавіта «лічыцца», падхоплівае Ніна, дзяўчына з валасамі колеру сьпелай пшаніцы. Працуе трэці год.

Крамянецкая: «Частка размаўляе на рускай мове, частка на „трасянцы“. 2 гадзіны беларускай мовы на тыдзень і 3 гадзіны нямецкай. Выпускнікі імкнуцца хоць у маленькія гарадкі, а тут ня хочуць. Ніхто не нарадзіўся тут у мінулым годзе…»

* * *

У Слаўненскім сельсавеце поўным ходам ішоў рамонт. Старшыня, спадарыня Снапкова, сядзела ў актавай залі за сталом, заваленым паперамі. Заўважаю, што ўжо падрыхтаваныя плякаты-заклікі да мясцовых выбараў. Пра апошнія і заводжу гаману.

Снапкова: «Палітычных партый няма, ёсьць прафсаюз, БРСМ. Кандыдатаў у дэпутаты набяру — у сельсавеце 2063 чалавекі…»

Карэспандэнт: «Ці ёсьць людзі, якія жадаюць, альбо шукаеце пад прымусам?»

Снапкова: «Ніхто не адмаўляецца, каб „ой, не-не-не“. Не прапануем, хто не жадае працаваць. Прадстаўнікі будуць з мэдыцыны, школы, моладзі. Каб людзі езьдзілі і дэпутацтва было зьвязана з прафэсіяй. Што можа і ня можа сельсавет? Газу няма, бо не ўвайшлі ў праграму. Стан вуліц і дарог сельскіх населеных пунктаў хвалюе, бо лічацца нічыйнымі. Зьвяртаюцца па асьвятленьні вуліц, калёнкі, калодзежы пачысьціць. Вялікая праблема — прыбіраньне „аварыйных“ дрэваў. Каля дамоў блізка былі пасаджаныя і ўяўляюць пагрозу. У нас рухнула дрэва, дык добра, што была застрахаваная лазьня — чалавек хоць штосьці змог атрымаць. А прыбіраць складана — трэба электраэнэргію адключаць, краны. Не хапае тэхнічных магчымасьцяў…»

Муж Валянціны Леанідаўны, спадар Снапкоў — старшыня СВК «Слаўнае». У яго ў майстэрнях акурат скончылася лятучка. З усіх ног туды — і пасьпяваем затрымаць на выхадзе чалавека год 50-ці з выразна-строгім, начальніцкім позіркам спадылба. Відаць, што агаломшаны пытаньнем пра прывід чарговай малочнай вайны з Расеяй:

Снапкоў: «Расея прад’яўляе завышаныя патрабаваньні — у Эўропе, кажуць, менш жорсткія стандарты. Сур’ёзная праблема — каб не было антыбіётыкаў у малацэ. Скот, які лекуюць, ізаляваны, ёсьць асобныя бачкі, вёдры. Мастыт будзе, і яго трэба лячыць. Але жывёлы гэтыя памечаныя чырвонымі павязкамі. У выпадку вяртаньня малака павінен матэрыяльную адказнасьць несьці вінаваты. Пакуль вяртаньня не было, але выключаць гэтага нельга…»

Калі заходзіць гамана пра стан спраў у гаспадарцы, суразмоўца аж ганарліва выгінаецца.

Снапкоў: «У нас пабудаваны аграгарадок у 2008-м. Мы купілі малакаправод, лядовае абсталяваньне плюс дарожны фонд — усяго 4 млрд. было выдзелена грошай. Бальніцу прывялі ў парадак, фэрму перарабілі на 400 галоў жывёлы. Сярэдні заробак 600 тысяч. Даяркі атрымліваюць ад мільёна двухсот. У 2010-м плянуем будаўніцтва новага кароўніка ўласнымі сіламі…»

Нават у супастаўленьні з пачутым раней словы выклікаюць недавер. Вырашаем зь Мікалаем Петрушэнкам зрабіць вулічнае апытаньне — балазе 400 жыхароў пражываюць кампактна. Але напачатку — у калгасную бухгальтэрыю, дзе касірка Сьвятлана Кучкіна выдае заробак паляводу, спадарыні Амбросімавай. Сьвятлана прабягае па ведамасьці:

Кунічкіна: «Васілеўская — мільён, ў 180 тысяч, 300 тысяч. Хто колькі працуе».

Карэспандэнт: «А вы колькі атрымалі?»

Амбросімава: «Я — 119 тысяч за паўмесяца…»

Былы трактарыст Іван ішоў з-пад крамы.

Іван: «Г..о атрымліваў, каровы ня дояцца — тысяч 200. Лепш у хаце пабыць з такой працай…»

Спыняем Алеся, маладога чалавека з кажухом наросхрыст — яму гэтым днём споўнілася 33 — віншуем!

Алесь: «Маладому працаваць — адна „жалезка“, але яна „забітая“. Я кіроўца, трактарыст, зараз бэтоншчык. У калгасе па заробку ногі працягнеш. Тут з маладых ніхто не працуе…»

Пажылы, дзябёлы мужык коціць з двара матацыкл.

Спадар: «700-800 тысяч зарабляю на валцы лесу. Усяго 10 лесьнікоў — усе мясцовыя. Раней зьяжджалі ў Менск, а цяпер няма куды ўцякаць…»

5 год таму калгас здолеў пабудаваць 5 домікаў. На двары аднаго зь іх коле дровы трактарыст Аляксандар Грамыка.

Грамыка: «О-ой, учора атрымаў з адпускнымі 800. У хаце печку перараблялі, калёнка на 2 дамы. Жонка ў краме прыбіральшчыцай за 200. Раней было 32 трактарысты, засталося 13 — заробкі малыя, жыльля не давалі. А тут — якім няма куды хадзіць. Засталіся „загартаваныя“ ў калгасе…»

На ўскраіну вёскі нас узяўся падвезьці былы камбайнэр. На ўмовах ананімнасьці распавёў пра калгасныя норавы, якія, кажа, завёў старшыня Снапкоў:

«Са Століншчыны кожны год набірае брыгаду 10 чалавек. Езьдзілі скардзіцца на Снапкова. Заключаецца дамова з брыгадзірам. Ён кажа — „я табе афіцыйна заплачу толькі два і „на лапу“ кіну па 500 тысяч“. Сабе бярэ па паўтара. Усё павязана — жонка ў сельсавеце працуе, ён у калгасе. Я звольніўся з-за жыльля — падманулі, не далі калгаснага доміка…»

Карэспандэнт: «Снапкоў сказаў, што даяркі па мільёну зарабляюць…»

Мікола: «Вы ніколі ня слухайце Снапкова і любога старшыню. Пакажы мне чалавека і паперу, дзе ён расьпісаўся за мільён. У мяне жонка даярка — 400-500 тысяч мае. Сыстэма такая: чалавек працаваў, паўтара мільёна налічылі. Снапкоў паглядзеў, сказаў — не: ён што, болей, чым я атрымае? У газэце пішуць, што яму прэмію далі за ўборачную, а ніводнаму камбайнэру нават па 10 рублёў ня кінуў. А яму 30 мінімалак — 6 мільёнаў. Яму месца ў пракуратуры…»

Мы пад’ехалі да ўрослай у зямлю хаціны, дзе кватаруе пакуль спадарыня Марыя Севяр’янава. Яна карэнная, але 25 год пражыла на Далёкім Усходзе, у Хабараўску. Шчасьця ў Расеі не знайшла — была там прызнаная псыхічна хворай і недзеяздольнай. Муж, кажа, захапіў іх трохпакаёвую кватэру ў прэстыжным раёне.

У задымленым ад печкі пакоі засьпелі толькі гаспадара — інваліда 2 групы Міхаіла Пелых. Той паведаміў, што Марыя пасьля перамогі ў беларускім судзе паехала шукаць праўды ў Маскву, у інстытут Сербскага. Пра ўсё астатняе — ён і Мікалай Петрушэнка:

Петрушэнка: «Я пазнаёміўся зь ёй у электрычцы. Мне казалі — „што ты размаўляеш, яна ж псыхічна хворая“. Яна лягічна апавядала пра сваю трагедыю. Родзічы і дзяржава зрабілі яе хворай. Прычына — грошы. Кватэра яе патрэбная была — мужык падкупіў экспэртаў, суд…»

Пелых: «Яна толькі праўду кажа, хлусіць ня ўмее. Не апусьціла рукі, змагаецца…»

Петрушэнка: «Грамадзянская кампанія „Наш дом“, якую я прадстаўляю зараз, зрабіла, каб дактары яе паглядзелі, зь юрыдычнага факультэту на яе цэлы курс працаваў. Знайшоўся добры чалавек — пракурор Талачынскага раёну Гушнікаў. І суд беларускі прызнаў яе дзеяздольнай. Але ж зараз хто адкажа за тыя 20 год, што ў яе адабралі?! Павінна дзяржава Расея. Расея абавязана кампэнсаваць ёй мільёны. У Беларусі ўсе этапы пройдзены — яна можа мець пэнсію, узяць дом у спадчыну. Марыя нешта слаўнае ў Слаўным знайшла…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG