Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наша сёньняшняя экспэртка — Марына Шода. Яна — выкладчыца БДУ і маці прыўкраснай Аленкі, якая яшчэ ня ўмее чытаць, але ўжо мае свае любімыя кніжкі. Таму свой прыватны кніжны рэйтынг для маленькіх дзяўчатак спадарыня Шода склала з дапамогай дачкі.




Леанід Пранчак. Мама, тата і Агата. Вершы і песні.

Менск, «Мастацкая літаратура», 2002.


Вельмі карысны набытак. Тут пад адной вокладкай можна знайсьці кнігу пра смачную і карысную ежу, дапаможнік па садаводзтве і агародніцтве, падручнік па дамаводзтве і па псыхалёгіі сямейнага жыцьця. Напрыклад, чаго варты адзін кулінарны складнік: пірагі, гарбуз, разынкі, марынаваныя грыбы, кукурузныя пачаткі, параны боб, хрумсткая капуста, хатнія каўбасы, атлянтычная салака, слуцкія бэры і нават лазаньня з баранавіцкім квасам. Што гэта за рэчы і як іх гатаваць, любая дзяўчынка запомніць без праблем, бо вершыкі Л. Пранчака вельмі лёгка чытаюцца і хутка западаюць у памяць. Ну, рыхтык рэклямныя сьлёганы:

Плітка шакаляду
Фабрыкі «Спартак»:
Незвычайны водар,
Незабыўны смак.

Праганяе голад
Хутка і няўзнак
Плітка шакаляду
Фабрыкі «Спартак».

Фабрыка «Спартак» проста абавязаная заплаціць спадару Пранчаку як мінімум пудам шакаляду за такую працу сярод яе мэтавай аўдыторыі.


Астрыд Ліндгрэн. Піпі Доўгаяпанчоха.

Пераклад са швэдзкай Дзмітрыя Плакса. Менск, выдавец Зміцер Колас, 2008.


Піпі прадстаўляць нікому ня трэба. Гэта, па-першае, такі сабе даведнік «Тысяча і адна гульня, якія можна прыдумаць, пакуль бацькі не прыйшлі з працы», то бок дапаможнік дзецям, як паводзіць сябе, каб было ня сумна жыць. І акурат у гэтай якасьці яго можна прапанаваць маленькім дзяўчаткам. Але, па-другое, гэта відавочная апалёгія фэмінізму, бо галоўная гераіня адной левай спраўляецца з усімі перашкодамі жыцьця, увасобленымі перадусім у прадстаўніках мужчынскага полу: паліцэйскія, рабаўнікі і г.д. І трэцяе — гэта футуралягічны прагноз для бацькоў, які вельмі даступна даводзіць, што вырасьце зь дзяўчынкі, выхоўванай паводле модных цяпер «пэдагогікаў свабоднага разьвіцьця», асноўным прынцыпам якіх ёсьць усёдазволенасьць і свабода выбару паміж каўбасой і кашай, цукеркай і цукіні. Астрыд Ліндгрэн у свой час падалося забаўным увасобіць у казачным пэрсанажы наватарскія ідэі, якія тады зьявіліся ў дзіцячай пэдагогіцы, а цяпер чытаюцца як клясыка дзіцячай літаратуры.

Лагодны цмок: англійскія літаратурныя казкі.

Пераклад з ангельскай Алены Арловай. Менск, «Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтар», 1993.


Кожная дзяўчынка, нават калі адзін варкочык у яе тырчыць убок, а другі наогул расплецены, у глыбіні душы марыць быць прынцэсай. А дзе ёсьць прынцэса, там рана ці позна запахне дымам, палыхне агнём і зьявіцца крыважэрны цмок. З дадзенай кніжкі маленькая яемосьць дазнаецца, у які слоік трэба запіхнуць цмока, калі ён плянуе зьнішчэньне каралеўства і зьяданьне ўсіх яго жыхароў, колькі сьвінак патрабуецца, каб вылекаваць героя, абпаленага цмочым полымем, альбо што рабіць з цмокам, які ня хоча каго-небудзь жэрці, а зусім наадварот — складае вершы і любіць глядзець на зоры. А галоўнае, гэтая кніга перасьцерагае, што калі ў цябе капрызны характар, то ты можаш вельмі хутка з прыўкраснай прынцэсы ператварыцца ў лютага цмока.

Мілаш Мацоўрак. Адольф Борн. Мах і Шэбестава вандруюць па сьвеце.

Пераклад з чэскай Сяргея Сматрычэнкі. Прага, «Альбатрос», 2004.


У гэтай кніжцы дзяўчаткам даецца інструкцыя, як сябе паводзіць з тымі, хто часам бывае страшнейшы за цмока — з хлопчыкамі, то бок як зь імі сябраваць. Чэскі пісьменьнік Мілаш Мацоўрак даўно нам усім блізкі і родны, бо стварыў казку пра Баніфацыя — таго самага льва, які вельмі любіў дзяцей і марыў злавіць залатую рыбку. А яшчэ гэты аўтар прыдумаў чарадзейную слухаўку, што неяк трапіла ў рукі двум школьнікам — Маху і Шэбеставай. З гэтай кнігай ня ўсё так проста. Напрыклад, яе можна выкарыстоўваць як падручнік па геаграфіі, бо дзе толькі ні бадзяліся Мах і Шэбестава. Ізноў жа, гэтая кніга можа навучыць, як знаходзіць выхад у любой сытуацыі. Напрыклад, што рабіць, калі твая цётачка падае з Эйфэлевай вежы альбо сябра, ператворанага ў кенгуру, зьбіраюцца зьесьці аўстралійскія абарыгены.
І як хацелася б пабачыць на беларускай мове іншыя кніжкі пра прыгоды Маха і Шэбеставай! Перакладчык неяк прызнаўся, што яны зробленыя, але няма грошай на выданьне. Гэта празрысты намёк, патэнцыйныя выдаўцы.

Шарль Пэро. Чарадзейныя казкі.

Пераклад з французскай Зьмітра Коласа. Менск, «Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтар», 1993.


З хлопчыкамі больш-менш зразумела — партфэлем яго па сьпіне і ўцякаць. А чарадзейныя казкі Шарля Пэро — гэта першая кніга, якая расказвае, як паводзіцца ў сьвеце дарослых. І галоўнае, зьвярніце ўвагу на мараль пасьля кожнай казкі. Аўтар падае іх у рыфмаваным выглядзе, добра ведаючы, што так тэкст лепш запомніцца чытачу. Пачытайце мараль, пачытайце, і вам адкрыецца сапраўдныя сэнс усіх знаёмых зь дзяцінства казак. Вось, напрыклад, ці здагадаецеся, да якой казкі мараль?

Вядома, што зусім няблага,
Калі ў вас ёсьць і розум, і развага,
І працавітасьць, і калі вы не бяз роду, —
Тут трэба толькі шанаваць прыроду,
Што падарыла вам такую перавагу.
І ўсё ж, мой дружа, будзе мала плёну
Ва ўсім, што б вы ня мелі, — будзе ўсё дарма
І посьпеху ня дасьць у жыцьці штодзённым,
Калі ў вас хроснага ці хроснае няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG