Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэха нафтавага супрацьстаяньня Менска і Масквы на гэтым тыдні зноў асьвяжыла ў памяці падзеі мяжы 2009-2010 гадоў. Як і патрабавалі папярэднія дамоўленасьці, Дзяржаўная дума Расейскай Фэдэрацыі ратыфікавала нафтавае пагадненьне зь Беларусьсю, падпісанае 27 лютага. Аднак Палата прадстаўнікоў легалізаваць дакумэнт не сьпяшаецца — да пачатку красавіка беларускія дэпутаты на вакацыях. Экспэрты не выключаюць, што тармажэньне ратыфікацыі можа спрычыніцца да страты здабытага з такой цяжкасьцю і без таго невялікага аб’ёму ільготнай нафты.

Згодна з пагадненьнем, Беларусь атрымае для ўнутраных патрэбаў 6,3 мільёна тон нафты, астатнія 15 мільёнаў з балянсавых 21,5 мільёна тонаў — з уключэньнем у цану 100% мыта. Пратакол да пагадненьня ад 2007 году аб умовах гандлю быў падпісаны ў Маскве пры канцы студзеня гэтага году. Да 15 лютага ратыфікаваць дакумэнт павінны былі парлямэнтары Беларусі і Расеі. Аднак калі Савет Фэдэрацыяў расейскай Дзярждумы заданьне выканаў, то беларускія дэпутаты на працоўныя месцы пакуль ня выйшлі. Ці варта чакаць чарговага абвастрэньня адносінаў на нафтавым фронце — будзе зразумела ў самай бліжэйшай пэрспэктыве.

Тым часам бакі ўжо падлічваюць прыбыткі і страты ад новых умоваў гаспадараньня. Дзякуючы беларуска-расейскаму пагадненьню аб умовах пастаўкі нафты, расейскі бюджэт у 2010 годзе атрымае на 78 мільярдаў рублёў больш, чым летась. Пра гэта ў расейскай Думе заявіў намесьнік міністра энэргетыкі Расеі Анатоль Яноўскі. Паводле ацэнкі місіі Міжнароднага валютнага фонду, Беларусь панясе страты да 2 мільярдаў даляраў. Пра паразу Менска ў нафтавым супрацьстаяньні гаворыць і эканаміст Яраслаў Раманчук:

«У гэтым процістаяньні, безумоўна, выйграла Расея. Яна настойвала, каб сырая нафта бяз мыта трапляла ў Беларусь толькі ў памеры ўнутранага спажываньня, і гэты прынцып застаўся. Беларускі бок страціў ад гэтай дамовы каля 4% ВУП. Гэта магутная рэч, бо Беларусь павінна адаптаваць сёньня і свой плацёжны балянс, і валютную палітыку да таго, што ў бюджэце ня будзе грошай, каб разьлічваць на такі экстэнсіўны рост, які быў заплянаваны на гэты год. Лукашэнка папросту здаўся».

Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі падсумавала вынікі працы за 2009 год. Кіраўнік ведамства Аляксандар Селязьнёў расказаў, што з-за зьніжэньня пакупніцкай здольнасьці пераходзілі на скарочаны рэжым працы шклозаводы ў Гомелі і Бярозаўцы, цэмэнтныя заводы ў Крычаве і Касьцюковічах. Адной з прычынаў рэгрэсу — зьмяншэньне патрэбаў у беларускіх будматэрыялах за мяжой. Паводле міністра, летась экспарт па галіне склаў толькі палову ад ўзроўню 2008 году:


Аляксандар Селязьнёў
«Мінулы год быў абвальны па экспарце матэрыялаў. Але, нягледзячы на ўсе складанасьці ў Расеі, ва Ўкраіне і ў Прыбалтыцы, мы працуем у гэтым кірунку. Галоўная праблема, якая стрымлівае сёньня шырокае выкарыстаньне і рэалізацыю нашых матэрыялаў — гэта транспартны складнік. Да прыкладу, шчэбень каштуе 10 даляраў. А перавезьці яго на 500 кілямэтраў каштуе 12 даляраў. То бок, ён падвойваецца ў кошце, калі мы вязём на паўтысячы кілямэтраў. Калі ж мы транспартуем на тысячу кілямэтраў, то кошт падвышаецца ўтрая і ён ужо робіцца не канкурэнтаздольным у параўнаньні з тым, што ёсьць на бліжэйшых рынках».

Спадар Селязьнёў наракае на расейскіх партнэраў, якія неабгрунтавана адмаўляюцца ад ужо заплянаванага супрацоўніцтва. Замаруджваецца дамоўленасьць на ўзьвядзеньне зь беларускіх матэрыялаў і сіламі беларускіх будаўнікоў гарадкоў для расейскіх вайскоўцаў у Калінінградзкай вобласьці і Падмаскоўі. Ад пачатку гаворка вялася пра мільён квадратных мэтраў і па-за конкурсны ўдзел. Затым аб’ёмы зьменшыліся ўтрая і на ўмовах адкрытага тэндэру. У выніку ж беларусы ня трапілі на расейскі рынак увогуле:

«Справа ў тым, што яны ня вельмі зацікаўленыя адпускаць свой рынак, бо расейскі будаўнічы комплекс сам па сабе сёньня знаходзіцца без працы. Зь іншага боку, ня моцна зацікаўленыя многія ў Расеі запусьціць да сябе нас, бо мы хутка саб’ём і кошт, і тэрміны ўвядзеньня жыльля, і шмат якія іншыя парамэтры. Таму, натуральна, ёсьць фактары супрацьдзеяньня, хоць разуменьне на ўзроўні прэм’ераў усё гэта нібыта мае. Але ў выніку бачым, як туга гэтая справа рухаецца. Я не стаў бы рабіць высновы, у якой ступені на ўсё ўплываюць агульныя адносіны, бо пра гэта насамрэч цяжка казаць».

Бліжэйшым часам сабекошт прадукцыі будаўнічых прадпрыемстваў можа падвысіцца. Ёсьць засьцярога, што кошт прыроднага газу можа вырасьці на 30% у параўнаньні зь мінулым годам. З улікам, што газ — асноўнае паліва для энэргаёмістых цэмэнтных заводаў, урэшце гэта адаб’ецца на ўсім ланцужку будаўнічых працаў, уключна з коштам мэтра квадратнага гатовага жыльля.

Фэрмэры Гомельшчыны на сваім штогадовым сходзе вырашылі зьвярнуцца па абарону ад чыноўнікаў да старшыні камітэту Дзяржаўнага кантролю Зянона Ломаця. На сходзе было агучана: маючы ў сваім распараджэньні 1% наяўнай зямлі, фэрмэры рэгіёну вырошчваюць блізу 9% бульбы й звыш 15% гародніны. Летась яны заплацілі 1 мільярд 463 мільёны рублёў падаткаў.


Тураўскі фэрмэр Міхаіл Шруб падчас сходу ўдакладніў: цягам 5 гадоў ягоная гаспадарка атрымлівае ў 4 разы меней фінансавай падтрымкі, чымсьці любы калгас у раёне. І гэта пры тым, што эфэктыўнасьць вытворчасьці ў гаспадарцы Шруба нашмат вышэйшая, а заробкі ў людзей перавышаюць 1 мільён рублёў — удвая больш, чым па раёне:

Парушаецца адзін з асноўных законаў, які забараняе ўладам ствараць асобным прадпрыемствам канкурэнтныя перавагі ў працы.
«Парушаецца адзін з асноўных законаў, які забараняе ўладам ствараць асобным прадпрыемствам канкурэнтныя перавагі ў працы. Магчыма, наш ліст выкінуць ці адмахнуцца ад яго. Але калі гэтага ліста ня будзе, ведаю дакладна, што нічога не зварухнецца».

Старшыня абласной асацыяцыі фэрмэраў Міхаіл Байда кажа, што нават пусты будынак, якіх у рэгіёне каля 1 тысячы, фэрмэру набыць надзвычай складана:

«За свае 9 гадоў, якія я працую ў асацыяцыі, я ня ведаю выпадку, калі б фэрмэру выдзелілі сродкі, напрыклад, на пабудову жывёлагадоўчай фэрмы.

Больш за тое, у нас у вобласьці, паводле розных зьвестак, ад 900 да 1200 памяшканьняў пустуюць, не выкарыстоўваюцца. Атрымаць фэрмэру такое памяшканьне — праблема».

Дэкляраваная дзяржавай падтрымка фэрмэрскіх гаспадарак часта носіць сымбалічны характар. Летась на падтрымку фэрмэраў рэгіёну Міністэрства фінансаў мелася накіраваць 350 мільёнаў рублёў субсыдый. Насамрэч атрымалі толькі 214 мільёнаў. Сёлета плянуецца яшчэ меней — 150 мільёнаў рублёў. У той жа час аграрны сэктар вобласьці атрымаў 773 мільярды рублёў дзяржаўных субсыдый.

Японскі аўтагігант «Таёта» адклікае на дапрацоўку 5 мільёнаў аўтамабіляў. Вытворца прызнаў: у некаторых мадэлях выяўлены дэфэкт пэдалі газу. Як паведамілі ў сэрвісным цэнтры гэтай японскай фірмы ў Менску, пакуль у Беларусі не зафіксавана ніводнага выпадку аварыі аўтамабіля «Таёта» з прычыны западаньня пэдалі газу:

«Ніводнага такога выпадку ў Беларусі мы не назіралі. Цяпер вывучаецца, ці ёсьць такія аўтамабілі на расейскім рынку. А таксама вывучаецца, з чыёй віны там нешта здараецца. Будзе атрыманая інфармацыя. І калі ў нас існуюць уладальнікі такіх аўто, мы ўсім ім абавязкова пра гэта паведамім».

У менскім сэрвісным цэнтры ўдакладнілі, што дыстрыбутар «Таётаў», якія трапляюць у Беларусь, знаходзіцца ў Расеі. А на пытаньне, ці хвалююцца беларускія ўладальнікі японскіх машын, адказ такі:

«Наконт „усё спакойна“ — не хачу сказаць. Людзі хвалююцца. Але мы адказваем на ўсе пытаньні. Людзі хвалююцца, аднак, больш з-за гэтай шуміхі, я думаю. Насамрэч спраўляцца з гэтай праблемай — западаньнем пэдалі аксэлератара, — нават калі яна і ўзьнікае, складанасьці няма. Калі вы пад’яжджаеце, выціснулі счапленьне, спыніліся, націснулі на тормаз. Гэтаксама як на сьвятлафоры. Тут пытаньняў няма».

Reuters піша, што яшчэ адна японская кампанія — «Хонда» — адклікае з глябальнага рынку 438 тысяч машын для ліквідацыі дэфэкту падушкі бясьпекі. Калі спрацоўвае айрбэг, кіроўца можа атрымаць траўму.

Тым часам прадстаўнікі дэмакратычнага руху выступілі з прапановай правесьці агульнанацыянальны рэфэрэндум за захаваньне нізкага мыта на імпартныя аўтамабілі. Сход ініцыятыўнай групы прызначаны на 28 лютага. Кампанія пройдзе пад дэвізам: «Дай дарогу недарагім аўтамабілям!».

На рэфэрэндум маецца вынесьці пытаньне: «Ці падтрымліваеце вы захаваньне памеру мытных пошлін на ўвоз у Беларусь легкавых аўтамабіляў замежнай вытворчасьці на ўзроўні 26 лістапада 2009 году?». Арганізатары разьлічваюць, што ў іх ініцыятыўную групу ўвойдуць ня толькі партыйныя актывісты. Гаворыць намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў:

+«Мы зьбіраемся, пачынаючы з гэтых выходных, арганізоўваць такія лятучыя групы на аўтарынках, па горадзе, дзеля таго, каб фіксаваць патэнцыйных сябраў ініцыятыўнай групы».

Згодна з папярэднімі падлікамі, мыта на імпартныя машыны ў рамках Мытнага саюзу можа вырасьці ў шмат разоў, што зробіць нават ужываныя аўтамабілі недаступнымі большасьці беларусаў. Рэфэрэндум можа палітычна і юрыдычна спыніць такія намеры ўладаў, — перакананы лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

«Гэтая ініцыятыва павінна скончыцца тым, што мыта ня будзе падвышана. На сёньня няма ніводнага чалавека, які б быў зацікаўлены ў падвышэньні мыта на імпартныя аўтамабілі на некалькі тысячаў даляраў. Мы перакананыя: у тым выпадку, калі група будзе зарэгістраваная, мы лёгка зьбяром ня тое што 450 тысячаў, патрэбных паводле закону, а зьбяром больш за мільён подпісаў. І лічым, што на гэтым рэфэрэндуме адказ будзе абсалютна адназначны — людзі выкажуцца супраць падвышэньня мыта на легкавікі».

Ініцыятары мяркуюць, што пры пазытыўным вырашэньні арганізацыйных пытаньняў сам рэфэрэндум можна будзе правесьці ў траўні-чэрвені гэтага году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG