Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты маладафронтаўца Арцэма Дубскага не выходзяць з калёніі


Арцём Дубскі паведаміў адвакату, які наведаў яго у калёніі, што ужо не разьлічвае на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Справу Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі другі месяц вывучаюць у Вярхоўным судзе. На працэсе над Андрэем Бандарэнка апытваюць сьведак.

Арцём Дубскі
Маладафронтаўца Арцёма Дубскага, які адбывае пакараньне ў магілёўскай калёніі, наведала адвакат Тамара Сідарэнка. Візыт адваката ў калёнію адбыўся на просьбу Арцёма, які раней паведаміў пра ціск на яго з боку адміністрацыі калёніі пасьля ягоных спробаў дамагчыся вырашэньня пэўных бытавых праблемаў. Адвакат паведаміла: Арцём сказаў ёй, што яго працягваюць адгаворваць ад спробаў далей адстойваць свае правы, хаця да сапраўдных рэпрэсій гэта пакуль не даходзіць. Тамара Сідарэнка рэкамэндавала свайму падабароннаму пэўны стыль паводзінаў у калёніі, каб пазьбегнуць дрэнных наступстваў. Вось што адвакат распавяла пра турботы Арцёма ў калёніі:

«Разумееце, яму двойчы далі нечарговае дзяжурства і, калі ён пайшоў прымаць лекі у мэдычную частку, папярэдзілі, што пайшоў без дазволу. Ён часта просіць растлумачыць яму нешта, яму кажуць, што няма такіх законаў. Потым ён прасіў азнаёміць яго зь ягонай асабовай справай. Яму паказалі справу здаля, нават не далі спаслацца на нумар і дзень. Вось наконт гэтага ён дамагаецца, каб яму далі ў выніку нармальна азнаёміцца, бо паводле закону гэта магчыма. І ён цяпер гэтага дамагаецца. А яшчэ яго пазбавілі дыетычнага харчаваньня».

Паводле адваката Тамары Сідарэнкі, Арцём адмовіўся пісаць прашэньне пра умоўна-датэрміновае вызваленьне і напісаў дамоў і сябрам, у тым ліку дзяўчыне, зь якой сябруе, што выйдзе на волю ў канцы траўня, калі скончыцца тэрмін, прызначаны судом. Маўляў, чакайце. Але ці дайшлі гэтыя лісты да адрасатаў? Маці вязьня Алена Дубская кажа, што даўно не атрымлівае ад сына лістоў і не выключае, што яго ў пэўным сэнсе так пакаралі за ягоную прынцыповую пазыцыю.

Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Асіпенка
Справу Мікалая Аўтуховіча і Уладзімера Асіпенкі дагэтуль вывучаюць у Вярхоўным судзе і калі пачнецца працэс, яшчэ ня вызначана.

Пра гэта паведаміў адвакат Аўтуховіча Павал Сапелка. Ён бачыўся зь Мікалаем Аўтуховічам 12 лютага. Ацэнка адвакатам стану здароўя і настрою вязьня, як заўсёды, кароткая:

«Сёньня бачыліся. Мікалай рыхтуецца да працэсу. Прасіў перадаць, што разам з усімі аўганцамі адзначыць 15 лютага дзень памяці вайскоўцаў, які загінулі ў Аўганістане. А так, збольшага, ніякіх навінаў няма».

Адвакат Павал Сапелка ня ведае, чаму ў Вярхоўным судзе пасьля болей як месяца вывучэньня справы гэтак і не прызначылі пачатак працэсу.

Андрэй Бандарэнка
У Першамайскім судзе Менску працягваюцца слуханьні на працэсе над прадпрымальнікам Андрэем Бандарэнкам.

Адвакат Зьміцер Лаеўскі: «Ідуць апытаньні сьведак. Ёсьць пэўныя паказаньні, якія адрозьніваюцца ад паказаньняў на мінулым працэсе, але пакуль рана абагульняць і казаць пра высновы».


Нагадаем, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супроць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і ў падпале дома міліцыянта.

Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.

Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага трымаюць ў Магілёўскай калёніі.
XS
SM
MD
LG