Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: падманлівыя лічбы


Галоўнай падзеяй кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў, прызначаных на 25 красавіка, на гэтым тыдні стала фармаваньне акруговых выбарчых камісіяў. Усе 367 акруговых камісіяў цалкам сфармаваныя. Партыйцы складаюць у іх 6,7% ад усіх сябраў. Гэта больш, чым іх прадстаўніцтва ў тэрытарыяльных камісіях, дзе на долю ўсіх партый прыпадае толькі 1,1% месцаў.

Акруговыя выбарчыя камісіі рэгіструюць ініцыятыўныя групы кандыдатаў у дэпутаты, выдаюць адпаведныя пасьведчаньні, падпісныя лісты і г.д. Яны ж рэгіструюць кандыдатаў у дэпутаты, разглядаюць іх скаргі.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік прыводзіць наступную статыстыку фармаваньня акруговых камісіяў:

Мікалай Лазавік
«Сярод партыйных актывістаў найбольшую колькасьць складаюць КПБ — 175 чалавек, і „Справядлівы сьвет“ — 48. Даволі актыўна дзейнічаюць Аграрная партыя −19, Лібэральна-дэмакратычная і партыя БНФ — па 16, АГП −14. Ёсьць прадстаўнікі Грамады, як адной, так і другой. Ад „Згоды“ — 5 чалавек.

У цэлым пры фармаваньні акруговых камісіяў актыўнасьць партыяў значна павысілася».

Аб’яднаная грамадзянская партыя правяла ў акруговыя камісіі 14 чалавек. Старшыня партыі Анатоль Лябедзька ўдакладняе: у камісіі трапіў толькі кожны чацьверты вылучэнец:

Анатоль Лябедзька
«Але мы не падавалі вялікую колькасьць прэтэндэнтаў, мы падавалі тэставую колькасьць. А гэта азначае, што ўлада зноў праігнаравала людзей, якія па ўсіх парамэтрах прыдатныя да працы ў акруговых выбарчых камісіях. Я не магу зразумець матывацыі, чаму, напрыклад, Аляксандар Сасноў, які мае досьвед працы і ў парлямэнце, і ва ўрадзе, ня можа быць сябрам акруговай камісіі. Тое ж самае можна сказаць пра Аляксандра Дабравольскага, Валянціну Палевікову і многіх-многіх іншых. Таму, калі казаць пра якасны складнік, то тут ніякага адметнага прагрэсу я ня бачу».

Падобна, што ўлады пры фармаваньні камісіяў улічваюць два фактары. З аднаго боку, трэба паказаць міжнароднай супольнасьці, што ў выбарчых справах нібыта назіраецца пэўны прагрэс. Таму ў акруговыя камісіі ўключаюць і прадстаўнікоў апазыцыі. Прыкладам, на Віцебшчыне партыя «Справядлівы сьвет» прапанавала ў камісіі 30 ахвотных. І роўна палова зь іх будзе тут працаваць.

Аднак існуе і другі бок мэдаля. Так, на думку старшыні абласной арганізацыі «Справядлівага сьвету» Мікалая Селівашкі, улады ўважліва «адфільтравалі» партыйных кандыдатаў. У выніку ў камісіі зусім не выпадкова ўключылі менавіта тых людзей, на якіх можна неяк паўплываць:

Мікалай Селівашка
«У бальшыні гэта людзі, на якіх можна ціснуць — тыя, хто працуе. Маўляў, што гэта за партыйная актыўнасьць, і ўвогуле: працаваць далей вы хочаце ці не? Іх нават на размовы ўжо выклікалі да кіраўніцтва, у Віцебску і ў Воршы. У прыватнасьці, дырэктар аршанскага камбінату будматэрыялаў Данілаў ужо выклікаў работніка і казаў: «Можа, ты забыўся, што кантракт падпісваю я?»

Існуе меркаваньне, што сям-там улады ўключылі прадстаўнікоў апазыцыі ў акруговыя камісіі і дзеля таго, каб іхныя партыі не байкатавалі выбары. Прынамсі, у Гарадзенскай вобласьці будуць працаваць тры прадстаўнікі БСДГ. Кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі Віктар Сазонаў кажа:

Віктар Сазонаў
«Некалькі чалавек уключылі хіба толькі дзеля таго, каб партыя зараз не абвясьціла (а мы ўжо гатовыя былі гэта зрабіць) пра няўдзел у выбарах з-за такога абыходжаньня з нашымі сябрамі. Думаю, толькі таму яны і пакінулі некалькі чалавек».

У Магілёўскай вобласьці ў акруговую камісію патрапіў адзін прадстаўнік ад абласной арганізацыі руху БНФ «Адраджэньне». Ён будзе працаваць у самай аддаленай беларускай выбарчай акрузе — Хоцімскай.

«Паказаць „дэмакратычнасьць“ выбараў туды яго й прапусьцілі. Тых жа людзей, якія рэальна маглі паўплываць на працу камісіі, — іх не ўключылі. Гэта магілёўскія, у асноўным, юрысты, людзі, якія прайшлі не адны выбары, таму іх не паўключалі», — мяркуе кіраўнік абласной арганізацыі Зьміцер Салаўёў.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына кажа, што «ў нас такога партыйнага аншлягу не было вельмі даўно. Нават у апошніх парлямэнцкіх выбарах спрабавалі ўдзельнічаць 8-9 партыяў. А цяпер ужо — 13».

Юрась Чавусаў
Палітоляг Юрась Чавусаў у размове са «Свабодай» падкрэсьлівае: да лічбаў трэба ставіцца ўважліва:

«Тое, што ў складзе выбарчых камісіяў павялічылася доля прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, адбылося выключна за кошт больш актыўнага ўдзелу праўладных структураў, якія кантралююцца дзяржавай. Я маю на ўвазе такія структуры, як «Белая Русь», БРСМ, афіцыйныя прафсаюзы і некаторыя праўладныя партыі.

Мы бачым, што пэрсаналіі ў складзе выбарчых камісіяў засталіся практычна тыя ж самыя. Адзінае, што цяпер яны вылучаюцца не працоўнымі калектывамі выканкамаў, а, напрыклад, грамадзкім аб’яднаньнем «Белая Русь».

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік кажа пра наступны этап выбарчай кампаніі:

«З 14 лютага пачынаецца вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты. Гэта азначае, што з гэтага дня можна праводзіць сходы працоўных калектываў, паседжаньні кіраўнічых партыйных органаў, а таксам зьбіраць подпісы ў падтрымку патэнцыйных кандыдатаў. Але тым, хто зьбірае подпісы, трэба спачатку зарэгістраваць ініцыятыўныя групы».

Між тым самае галоўнае пытаньне гэтых выбараў — ці пойдуць на іх людзі? На афіцыйным сайце Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі я пабачыў такую статыстыку ў адказах на пытаньне «За каго вы зьбіраецеся галасаваць на мясцовых выбарах?»:

  • «За кандыдата ад улады — 5,58%
  • За кандыдата ад апазыцыі — 22,87%
  • За незалежнага кандыдата — 9, 64%
  • Я на выбары не пайду, ня мае сэнсу — 34,58%»

Але тут варта прыгадаць: на сёлетніх мясцовых выбарах упершыню адменены парог яўкі выбарцаў. І таму нават жменька выбарцаў цяпер можа абраць дэпутатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG