Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра ў канадзкім горадзе Ванкувэр адкрываецца чарговая зімняя Алімпіяда. На колькі мэдалёў можа разьлічваць беларуская каманда? Чаму, не гледзячы на вялікія грошы, якія дзяржава выдаткоўвае на спорт, посьпехі беларускіх алімпійцаў не павялічваюцца? Які вынік можа напаткаць у Ванкувэры беларускую хакейную зборную? На гэтыя пытаньні адказваюць спартовы аглядальнік каналу «Белсат» Аляксандар Пуціла і журналіст інтэрнэт-газэта «Салідарнасьць» Сяргей Аляхновіч.


«Золата на зімовых Алімпіядах беларусы яшчэ не здабывалі»


Цыганкоў: Калі паглядзець на мэдальныя вынікі беларускіх спартоўцаў на чатырох апошніх Алімпійскіх гульнях, то яны выглядаюць даволі стабільнымі — 2,2,1,1. Але наўрад ці каго вельмі радуе такая стабільнасьць. Ці можна чакаць на гэтай Алімпіядзе «нейкага прарыву» ці беларускія заўзятары зноў максымум могуць разьлічваць на адзін-два мэдалі?

Аляхновіч: Мяркую, ніякага прарыву ня будзе. Максымум, на што могуць разьлічваць нашы алімпійцы, як вы слушна адзначылі, гэта адзін-два мэдалі — найбольш верагодна ў фрыстайле. Вядома, хацелася б, каб гэта быў залаты мэдаль, бо золата на зімовых Алімпіядах беларусы яшчэ не заваёўвалі.

Улічваючы вынікі, якія паказваў Антон Кушнір на этапах Кубку сьвету, дзе ён заваяваў малы хрустальны глёбус — то магчыма, ён можа ўзысьці на вышэйшую прыступку. Таксама мэдаль можа здабыць Дар’я Домрачава ў біятлёне. Але для гэтага ёй давядзецца ня толькі хутка бегаць, што яна ўмее, але і..

Цыганкоў: ... Страляць па сваіх, а не чужых мішэнях.

Аляхновіч: Менавіта.

Цыганкоў: Аляксандар, ці нармальны вынік (1-2 мэдалі) для краіны, дзе 4-5 месяцаў у годзе ёсьць сьнег, і якая заяўляе, што яна — спартовая дзяржава?

Пуціла: Ня так даўно было інтэрвію журналісткі і былой алімпійскай мэдалісткі Сьвятланы Парамыгінай, якая адзначыла, што спартоўцы не сябруюць з навукай. А яе трэба падключаць ад пачатку. Дзяржава ж лічыць, што лепш, як у хакеі, набраць легіянэраў, і будзе вынік. Галоўная памылка, што няма цярпеньня, няма жаданьня гадаваць сваіх зорак з дзяцінства, юнацтва, — а хочуць хутка дабіцца выніку. І зноў-такі зьвяртаюцца да легіянэраў, як у хакеі ці біятлёне.

Ня думаю, што на гэтых гульнях у Беларусі будзе больш за адзін мэдаль.

«Грошы ідуць не разьвіцьцё дзіцячага спорту, а на вынік, на мэдалі».


Цыганкоў: Грошы на спорт дзяржавай выдаткоўваюцца — прынамсі, пра гэта ўвесь час паведамляюць афіцыйныя СМІ, а значных посьпехаў няма. У чым тут праблема — некампэтэнтным і карумпаваным кіраўніцтве спартовай галіны, у няправільнай сыстэме падбору талентаў на дзіцячым узроўні, ці грошы накіраваны на масавы спорт, а не на спорт высокіх дасягненьняў?

Аляхновіч: Тут комплекс усіх гэтых прычынаў. Напрыклад, возьмем біятлён — дзе ў нас заўсёды былі дастаткова добрыя дасягненьні: успомнім Сашурына, Рыжанкова. Але пасьля таго, як яны скончылі кар’еры, новых імёнаў, акрамя Домрачавай, не зьявілася. Мяркую, тут вялікая памылка, што Аляксандар Папоў па-ранейшаму ўзначальвае мужчынскую зборную. Ён нейкі непатапляльны. Ня ведаю, у чым тут прычыны, але наш біятлён цяпер у заняпадзе. І віна Папова тут відавочная.

Цыганкоў: У прэсе мы можам прачытаць пра тое, колькі злоўжываньняў адбываецца ў спартовай сфэры на самых розных узроўнях. Наколькі распаўсюджаная карупцыя ў спартовай сфэры, ці не стаіць яна бар’ерам на шляху да лепшых спартовых вынікаў?

Пуціла: Грошы, якія выдаткоўваюцца, ідуць у першую чаргу на спорт вялікіх дасягненьняў. У неалімпійскіх відах спорту трэнэры асабліва пакутуюць ад недахопу сродкаў.

Калі вынікаў няма, трэнэры і спартоўцы ўцякаюць з аэрапорту ад журналістаў — і нічога не тлумачаць.
Калі я быў у Раўбічах на дзіцячых спаборніцтвах, то ўсе трэнэры скардзіліся мне, што яны маюць добрыя таленты, але яны нікуды ня езьдзяць — няма грошай звазіць іх на міжнародныя спаборніцтвы. Яны паміж сабой змагаюцца, і ня бачаць сапраўдных супернікаў. Як яны могуць вырасьці, калі ўпершыню трапляюць за мяжу гадоў у 18, калі ўжо трэба быць зоркай? А грошы ідуць не разьвіцьцё дзіцячага спорту, а на вынік, на мэдалі.

Цыганкоў: Але і там няма вынікаў. Атрымліваецца, што гэта няправільны падыход?

Пуціла: Безумоўна. Бо трэба пачынаць з падмурку, выхоўваць сваіх чэмпіёнаў з дзяцінства. А ў нас ня хочуць чакаць, трэба дакласьці пра вынікі. Але вось, напрыклад, на чэмпіянаце сьвету па лёгкай атлетыцы — не атрымалі ніводнага мэдаля. І сказалі — ды нічога страшнага, невялікі збой. Аднак жа ёсьць сур’ёзныя прычыны, іх трэба аналізаваць. А галоўны трэнэр Анатоль Бадуеў нават не чапляе гэтую тэму. Калі вынікаў няма, трэнэры і спартоўцы ўцякаюць з аэрапорту ад журналістаў — і нічога не тлумачаць.

«88 іншаземных хакеістаў атрымалі беларускія пашпарты»


Цыганкоў: Мы міжволі выходзім на палітычныя высновы. Калі б у дзяржаве была моцная незалежная прэса, якую б баяліся спартовыя чыноўнікі, справаздачнасьць перад грамадзкасьцю — то была б іншая атмасфэра ў спартовай галіне, былі б іншыя вынікі. А так спартовыя чыноўнікі паўтараюць тую ж самую матрыцу паводзінаў, што і кіраўнікі ўлады.

Пуціла: Вы заўважылі, што цэнзура ў дзяржаўных СМІ ёсьць нават у спорце. Вы калі-небудзь чулі, каб па ТБ хто-небудзь выказаўся — «а навошта нам гэты хакейны турнір?» Ці каб хто-небудзь выказаўся — «а ці трэба нам гэты лядовы палац у горадзе?»

Цыганкоў: Так, мы ня можам абмінуць самы папулярны зімні від спорту — хакей. Як шанцы ў беларускіх хакеістаў паказаць прыстойны вынік, улічваючы апошнія перамены ў трэнэрскім штабе і ў кіраўніцтве Фэдэрацыі?

«Баюся, што хакеісты могуць нават ня выйсьці з групы»


Аляхновіч: Натуральна, што зьмена трэнэрскага штабу, сыход Глена Хэнлана і прыход Міхаіла Захарава не маглі не адбіцца на нашай камандзе. Дарэчы, Захараў адразу адхрысьціўся ад тых плянаў, якія ставіў былы старшыня Фэдэрацыі Ўладзімер Навумаў, які гаварыў пра выхад у паўфінал. Захараў падкарэктаваў гэтыя пляны, заявіўшы, што ставім задачу патрапіць у васьмёрку. Але ўлічваючы траўмы вядучых гульцоў, улічваючы тое, што хакей наш «старэе» (за апошнія гады не зьявілася шмат новых імёнаў) —
Баюся, што фінальны турнір гэтай Алімпіяды ўвогуле можа стаць апошнім для нашай каманды.
баюся, што фінальны турнір гэтай Алімпіяды ўвогуле можа стаць апошнім для нашай каманды.

Цыганкоў: Але можа мы надта шмат чакаем ад хакеістаў? У гэтым відзе спорту дзесяцігодзьдзямі пануе «вялікая сямёрка» краінаў, і іншым цяжка туды пранікнуць.

Аляхновіч: Усё ў спорце бывае. Усе памятаюць гол Уладзімера Копаця швэдам, сьлёзы швэцкага брамніка Сала, калі ў Солт-Лэйк-Сіці наша зборная выйшла ў паўфінал. Такое магчыма, — можа быць, на чэмпіянаце сьвету ў Менску ў 2014 годзе мы які мэдаль зачэпім. Але, каб гэта стала нормай, трэба, каб зьмянілася пакаленьне хакеістаў. І трэба каб гадаваліся свае, а не завозіліся легіянэры. На прэсавай канфэрэнцыі перад ад’ездам у Канаду Захараў паведаміў, што за ўвесь час незалежнасьці 88 іншаземных хакеістаў атрымалі беларускія пашпарты.

Пуціла: Хаця Навумава хваляць за тое, што ён здабыў для Беларусі чэмпіянат сьвету, што пабудаваў «Менск-арэну», але я лічу час ягонага кіраўніцтва Фэдэрацыяй вельмі мітусьлівым, хаатычным. Гэта ў выніку прывяло да такой адстаўкі і роспачы і ў зборнай і ўвогуле ў беларускім хакеі.

На сёньня, калі параўноўваць дзьве суседнія зборныя — Беларусі і Латвіі, то латвійская каманда выглядае значна больш збалянсаванай і канкурэнтаздольнай. Баюся, што зборная Беларусі можа нават ня выйсьці з групы ў алімпійскім турніры.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG