Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 лютага расейская Дзярждума ратыфікавала нафтавыя дамоўленасьці зь Беларусьсю. Нагадаем, пасьля «нафтавай вайны», якая пачалася напрыканцы мінулага году, Менск і Масква 27 студзеня падпісалі пратакол да пагадненьня ад студзеня 2007 году пра ўмовы гандлю нафтай. Усьлед таксама і кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў сёньня гэты дакумэнт. Згодна зь ім, Беларусь атрымае для ўнутраных патрэбаў бяз мыта 6,3 мільёна тон нафты. Астатнія 15,2 мільёна з балянсавых 21,5 мільёна тонаў пойдуць са 100% мыта.


У выніку расейскі бюджэт у 2010 годзе атрымае на 78 мільярдаў рублёў больш, чым у мінулым годзе, а гэта прыкладна 2 мільярды 600 мільёнаў даляраў. Пра гэта сёньня ў расейскай Дзярждуме заявіў намесьнік міністра энэргетыкі Расеі Анатоль Яноўскі. Адказваючы на пытаньне, ці ратыфікуе афіцыйны Менск гэты пратакол, спадар Яноўскі адказаў, што дакумэнт ужо разгледжаны беларускім урадам і таксама накіраваны на ратыфікацыю ў парлямэнт.

Як на гэтую сытуацыю глядзяць у Палаце прадстаўнікоў? Старшыня сталай камісіі па прамысловасьці, паліўна-энэргетычным комплексе Сяргей Сямашка сказаў карэспандэнту «Свабоды»:

«Ратыфікацыя ў нас патрэбная толькі тады, калі гэта разыходзіцца з нашым заканадаўствам. Ацэнку гэтага робіць урад. Ня ўсе міжурадавыя дамовы патрабуюць ратыфікацыі. Урад вырашае: калі там ёсьць нормы, якія разыходзяцца, тады яны накіроўваюць у Палату для ратыфікацыі. Паколькі на сёньня гэта афіцыйна не накіравана, відаць, нормаў, якія разыходзяцца з заканадаўствам, у ім няма».

У расейскай прэсе раней выказваліся перасьцярогі, што калі афіцыйны Менск да 15 лютага не ратыфікуе падпісаныя ў Маскве нафтавыя дакумэнты, то Беларусь можа страціць бязмытную нафту. Пра гэта таксама казаў амбасадар Расеі Аляксандар Сурыкаў. Сёньня ж стала вядома, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў указам нафтавыя дамоўленасьці. Там выказана згода на абавязковасьць для Беларусі нафтавага пратаколу. Як адзначаюць у прэзыдэнцкай прэс-службе, абодва бакі своечасова выканалі неабходныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры. Ураду Беларусі даручана прыняць меры, неабходныя для рэалізацыі пратаколу.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначыў:

Аляксандар Класкоўскі
«Гэта гаворыць пра тое, што беларускае кіраўніцтва мусіць прыняць тыя ўмовы, якія накідала Масква. Фактычна, гэтыя ўмовы прагучалі яшчэ да Новага года. Потым быў месяц такой зацятай барацьбы за працяг ранейшых ільготаў, аднак нічога не атрымалася. Таму ў сухой астачы вось такое маралітэ: такі ўрок, які чарговы раз так падкрэсьлена паднесла Масква, што болей такой дурніцы ня будзе, рыхтуйцеся да жорсткіх рынкавых дачыненьняў. Як на днях празрыста намякнуў амбасадар Сурыкаў: рыхтуйце да продажу „Нафтан“, і, я думаю, у падтэксьце — іншыя кавалкі беларускай ўласнасьці».

Тацьцяна Манёнак
Аглядальніца газэты «Беларусы і рынак» Тацяна Манёнак адзначыла, што ратыфікацыя дамовы пазбаўляе магчымасьці вярнуцца да перагляду гэтых дамоўленасьцяў.

У выніку, калі Расея атрымала прыбытак ад нафтавых дамоваў амаль у 2,6 мільярда даляраў, то Беларусь, наадварот, страціла. Паводле ацэнак прадстаўніка місіі МВФ, гэтыя страты могуць дасягнуць 2 мільярдаў даляраў. Тацяна Манёнак адзначыла:

«Тым ня меней гэта больш выгадныя ўмовы, чым маюць іншыя краіны. Напрыклад, тая ж Украіна, якая атрымлівае нафту на іншых умовах. І такіх бязмытных паставак у яе няма. Беларусь усё ж атрымала. Трэба разумець, што такіх датацый з расейскага боку ўжо ня будзе. І той жа прадстаўнік Міністэрства энэргетыкі Расеі казаў, што Расея адыходзіць ад палітыкі датаваньня краінаў СНД. Беларусі трэба гэта было ўжо зразумець».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG