Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Менскай міжнароднай выставе ў суботу, 13 лютага, адбудзецца прэзэнтацыя зборніка выбраных твораў Рыгора Барадуліна пад назвай «Перакуленае/Опрокинутое». Кніга народнага паэта Беларусі выйшла ў маскоўскім выдавецтве «Время» і прымеркаваная да яго 75-гадовага юбілею.

Кніга выбранай паэзіі Рыгора Барадуліна выйшла і будзе прэзэнтаваная напярэдадні 75-годзьдзя народнага паэта, якое адзначаецца 24 лютага. Гэткім чынам, зборнік ёсьць своеасаблівым падарункам да юбілею Рыгора Барадуліна ад Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, кажа старшыня Саюзу Алесь Пашкевіч:

«Сабраўся букет найлепшых аўтараў-перакладчыкаў, пачынаючы ад прадмовы і заканчваючы зьместам, у якім, акрамя Рыгора Барадуліна, — імёны Ігара Шклярэўскага, Івана Бурсава, Аляксандра Дракахруста, Валянціна Тараса, Навума Кісьліка і іншых таленавітых перакладчыкаў. Аўтар гэтай кнігі, натуральна, Рыгор Іванавіч, але ў свой высокі юбілей пад вокладкай сваёй кнігі ён сабраў выдатную плеяду перакладчыкаў і паэтаў».

Кніга Рыгора Барадуліна — ня першае выданьне беларускага аўтара, якое выходзіць у маскоўскім выдавецтве «Время». У супрацоўніцтве з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў раней выйшаў збор твораў Васіля Быкава. Дырэктар выдавецтва Барыс Пастарнак гэтак тлумачыць зробленае:

«Мне ўжо некалькі чалавек казалі: а што ж вы выбіраеце адных апазыцыянэраў ці людзей, якія ня вельмі ляяльныя да ўлады? А я кажу: ня маю панятку, апазыцыйныя яны ці не, ляяльныя ці не. Я кіруюся зусім іншымі крытэрамі — выбіраю для выданьня ў Маскве тых беларускіх пісьменьнікаў, якія годныя выданьня, якія праславілі сваю краіну. А Рыгора Барадуліна я лічу паэтам першага шэрагу».

Зборнік выбранай паэзіі Рыгора Барадуліна пад назвай «Перакуленае/Опрокинутое» выйшаў накладам 1,5 тысячы асобнікаў. На яго 424 старонках, апрача вершаў, — фатаздымкі паэта з роднымі, сябрамі, шмат якімі вядомымі людзьмі. Прадмову да кнігі пад назвай «Сьвята шамана» напісаў паэт Уладзімер Някляеў:

«Барадулін — наш нацыянальны геній, няма аніякага перабольшваньня. Кніга, якую зараз выдалі ў Маскве, — пацьвярджэньне тым словам, якія я толькі што сказаў. Я назваў сваю прадмову „Сьвята шамана“ таму, што паэт такога ўзроўню, як Рыгор Барадулін, — гэта ня толькі мысьляр, а асоба, здольная зьдзейсьніць дзіва. І Рыгор Барадулін стварае гэтае дзіва ў нашай паэзіі ўжо колькі гадоў. Кнігу паэта падрыхтавалі людзі, якія яго любяць, разумеюць і ведаюць, што такое ён ёсьць — Рыгор Іванавіч Барадулін».

Прэзэнтацыя кнігі Рыгора Барадуліна «Перакуленае/Опрокинутое» адбудзецца ў суботу, а 12-й гадзіне, у выставачным цэнтры «БелЭкспо», дзе праходзіць Мінская міжнародная кніжная выстава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG