Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Шульга: “10 сутак арышту не паўплываюць на ідэйныя перакананьні сына”


Павал Шульга
Павал Шульга

Па абедзе 13 лютага зь менскага спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна пасьля 10-суткавага адміністрацыйнага арышту выйдзе на волю Іван Шульга -- аршанскі журналіст і апэратар, які супрацоўнічае са спадарожнікавым тэлеканалам “Белсат”. Іван быў затрыманы 3 лютага падчас спробы міліцыянтаў уварвацца ў памяшканьне, якое арандуюць “белсатаўцы”. З Воршы сустракаць сына прыедзе і бацька Івана – прадпрымальнік Павал Шульга.


27-гадовы сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Іван Шульга абвінавачаны ў тым, што супраціўляўся прадстаўнікам праваахоўных органаў. У часе суду пацярпелыя міліцыянты сьцьвярджалі, што ў аднаго падазрэньне на “пералом нагі”, а ў іншага сапсаваная службовая ўніформа. Ці мог насамрэч пакрыўдзіць людзей у пагонах журналіст, які нават зьнешне ніяк ня цягне на волата? Вось што ў гэтым зьвязку гаворыць Павал Шульга:

“Іван – хлапец худзенькі, але вельмі жылісты. Ён нашай беларускай “гадоўлі”: бывае маўклівы, можа многае сьцярпець. Але ж калі несправядліва пакрыўдзяць яго ці некага іншага, ён зьдзек трываць ня будзе. Калі ён бачыць, што побач зь ім зьдзяйсьняецца нешта дрэннае, тое, што ён не прымае па сваіх перакананьнях, па сваёй унутранай пазыцыі, то ён маўчаць ня будзе. І тое, што ён мог адэкватна адказаць міліцыянту – цалкам магчыма. Але выключна ў пляне самаабароны. Да таго ж, я бачыў таго нібыта пацярпелага, які прыйшоў у суд “кульгаючы”, а пасьля таго, як судзьдзя зачытаў прысуд, той “пацярпелы” даволі шпарка пабег”.

Карэспандэнт: “Ці можа ўвогуле гаворка ісьці пра банальную правакацыю?”

Шульга: “Як на маю думку, дык менавіта правакацыя і была зьдзейсьненая. Можа ня ў тым аб’ёме, у якім ім хацелася, бо яны жадалі ўчыніць правакацыю супраць усяго тэлеканалу “Белсат”. Але ўрэшце ім удалося затрымаць толькі аднаго карэспандэнта”.

Карэспандэнт: “Наколькі сам прысуд адэкватны сытуацыі? Ці можна гэта лічыць пакараньнем, якога насамрэч “варты” карэспандэнт “Белсату”, уласна тэлеканал?”

Шульга: “Мая думка такая: калі наша краіна пазыцыянуе сябе эўрапейскай дзяржавай, то трэба і жыць па законах, якія адпавядаюць агульначалавечым каштоўнасьцям, якія адпавядаюць нормам, прынятым у Эўразьвязе. Мы дэкляруем, што ў нас свабода прэсы, але той жа “Белсат” ужо колькі разоў падаваў паперы ў МЗС на афіцыйную акрэдытацыю, і наша кіраўніцтва раз за разам заяўнікам адмаўляе. Таму карэспандэнты “Белсату” і вымушаныя дзейнічаць як “партызаны”: працаваць, здымаць, гаварыць. Пра тое, што ёсьць, што яны бачаць, даносячы гэта як да мага большай колькасьці жыхароў нашай краіны”.

Карэспандэнт: “На Івана нейкім чынам можа паўплываць гэтае пакараньня?”

Шульга: “Ды не, думаю, гэты хлопец не зломіцца, тым больш, што церпіць ён гэта ад нашых уладаў і ад спэцслужбаў ужо ня першы раз. Некалькі хвілінаў мне ўдалося пагаварыць зь ім пасьля вынясеньня прысуду, дык не было ніякіх намёкаў на маладушнасьць – ён быў у добрым настроі (наколькі гэтаму ўвогуле адпавядае сытуацыя), у добрым стане. І тыя 10 сутак, якія яму давядзецца адбыць за кратамі, лічу, на ягоны стан ніяк не паўплываюць і ягоныя ідэйныя перакананьні ніяк ня зьменяцца”.

Карэспандэнт: “Як Вам падалося, маральна ён быў гатовы да таго, што яму абвесьцяць нават не штраф, а менавіта адміністратыўны арышт?”

Шульга: “Пасьля зачытваньня прысуду ён адказаў: вэрдыкт суду разумее і тут жа патлумачыў, што гэта зьяўляецца яшчэ адным яскравым прыкладам падпарадкаванасьці “вярхам” нашага так званага “справядлівага суду”, а таксама нашых міліцыянтаў”.

Карэспандэнт:
“Па гарачых сьлядох шмат было сказана, што Іван удала ўпісаўся ў канцэпцыю тэлеканалу, бо вызначаецца сваёй унівэрсальнасьцю”.

Шульга: “Так, была вельмі паказальная гісторыя. Калі Іван быў у Варшаве, ён выконваў рэдакцыйнае заданьне – зьняць сюжэт пра зборшчыкаў сьмецьця. Дык вось Іван з камэрай на хаду заскокнуў на сьмецьцезборачную машыну і, ня ведаючы польскай мовы, здолеў паразмаўляць з “экіпажам” спэцмашыны. То бок, адначасова здымаў, запісваў людзей і ўрэшце зрабіў сюжэт. І калі кіраўніцтва каналу пачало праглядаць матэрыял, іх уразіла, як можна было так усё спалучыць? Дагнаць на хаду з камэрай “сьметніцу”, здымаць і адначасова размаўляць зь людзьмі на іншай мове, якую ня ведае ні сам Іван, ні тыя людзі, якія ехалі ў той машыне. Усё гэта выклікала пэўнае зьдзіўленьне, але тым часам гісторыя, натуральна, абрасла і жартамі.

Карэспандэнт: “Дзякуй і жадаем Івану хутчэйшага далучэньня да справы…”

Шульга: “Я хачу выказаць вялізную падзяку ўсім калегам Івана, журналістам, якія не пакінулі яго, не пакінулі супрацоўнікаў тэлеканалу ў тым становішчы. Мы атрымліваем вялізную маральную падтрымку з усіх бакоў, за што яшчэ раз вялізнае дзякуй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG