Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарадзіўся 5 сьнежня 1947 году ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Вучыўся ў БДУ (1966-1968), але быў выключаны за патрабаваньне беларусізацыі ўнівэрсытэту. У 1970 годзе скончыў Берасьцейскі пэдагагічны інстытут. Працаваў у «ЛіМе», «Роднай прыродзе», выдавецтве «Мастацкая літаратура» (1974-1986), часопісе «Крыніца» (1994-1999). Паэт і перакладчык, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Увёў у беларускую паэзію новыя жанры: версэты, вершаказы, зномы, квантэмы. Яго творы перакладаліся больш як на дваццаць замежных моў. Жыў некаторы час у Нямеччыне й Аўстрыі. Цяпер жыве ў Менску.





Што для вас свабода?

Прысьвячэньне ў наступнасьць.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

І-і: нястача і лішак, набытак і страта, сыстэма і хаос.


Што для вас шчасьце?

Вішні цьвітуць.


Чаго вы найбольш баіцеся?

На крутым спатыкнуцца, на роўным пасьлізнуцца.


Які талент вы хацелі б мець?

Усе маюць адзін і той самы найвялікшы талент — талент быць, таму замест таго, каб перакідвацца з транскрыпту ў транскрыпт, лепш спраўджвацца ў тым, што маеш.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Тымі, хто адданы слову (як Ніл Гілевіч), хто перамагае згубу (як Анатоль Галушка з Івацэвічаў), хто дзейсьніць учынак — відавочны (як Сяргей Каваленка зь Віцебска) і невідочны.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Аддаваць пазыкі.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Навучыўся б хадзіць па вадзе.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Малы ад дарослых: «Вялікі расьці!..»


Які ваш улюбёны дэвіз?

Tat twam asi (Гэта ёсьць ты).


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У пчалінай.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Айчыне.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У велікодную — калі ў людзях уваскрасае Бог.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Увёў бы ў дзеяньне закон Адпаведнасьці, а сам вярнуўся б да таго, чым займаюся цяпер.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Вядомыя — што памятаюць, дзе быў дом.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Сьвядомыя — што ведаюць, дзе дом ёсьць.


Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?

Калі свая, то не дыктатура, калі дыктатура, то не свая.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Паступова і раптам — раней, чым ветах перакуліцца ў маладзік.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі не ў сераду, то ў пятніцу, калі не ў чацьвер, то ў суботу, — тады, калі якасьць пяройдзе ў колькасьць.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Сабакі забрэшуць, вароны закаркаюць, а ляўрэаты прэміі «За духоўнае адраджэньне» вернуць узнагароды таму, ад каго іх атрымалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG