Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Cупрацоўнікі БТ адчуваюць сваю беспакаранасьць”


Георгі Зьмітрук

Георгі Зьмітрук

Суд Першамайскага раёну Менску адмовіў сустаршыні аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Георгію Зьмітруку, які падаваў пазоў аб абароне гонару і годнасьці. Сп.Зьмітрук прасіў суд прымусіць БТ абвергнуць зьвесткі, распаўсюджаныя карэспандэнтам БТ Юрыем Пракопавым 13 сьнежня ў праграме «Ў цэнтры ўвагі». Аўтар праграмы спасылаўся на ананімныя крыніцы ў інтэрнэце, паводле якіх шматдзетны бацька нібыта карыстаўся паслугамі прастытутак.

У суд Першамайскага раёну аўтар перадачы Юры Пракопаў сёньня не прыйшоў. Прадстаўнікі адказчыка, юрысты БТ, патлумачылі, што ён заняты і прасіў разглядаць справу безь яго.

Георгія Зьмітрука
сёньня ў судзе таксама не было. Ён зьехаў на канфэрэнцыю. Брат Георгія Раман, які прадстаўляў ягоныя інтарэсы, прасіў суд перанесьці разгляд справы, бо пракуратура распачала крымінальную справу, каб знайсьці аўтара «чорнага піяру» ў інтэрнэце.

Але судзьдзя Вольга Багам’я адмовілася. Яна заслухала Рамана Зьмітрука, а потым дала слова прадстаўнікам БТ. 13 сьнежня Юры Пракопаў у сваім рэпартажы казаў, што сэкс-скандал апусьціў аўтарытэт Георгія Зьмітрука «ніжэй за плінтус і засмуціў стваральнікаў БХД і іх спонсараў».

Юрысты БТ наконт іншых момантаў — напрыклад, таго, што Георгій карыстаўся паслугамі прастытутак, — казалі, што гэта нібыта не зьяўляецца абразай гонару й годнасьці з боку БТ, бо раней такая інфармацыя зьявілася ў інтэрнэце.

На папярэднім паседжаньні Пракопаў сьцьвярджаў, што не абавязаны правяраць тую ці іншую інфармацыю і даваць слова другому боку. Паводле журналіста БТ, ён мае права выказваць сваю асабістую думку пра таго ці іншага чалавека. Таму ня лічыць, што нанёс маральную шкоду сп. Зьмітруку і ягонай дзелавой рэпутацыі.

Раман Зьмітрук
Раман Зьмітрук: «Паводле закону яны павінны прадставіць доказы праўдзівасьці інфармацыі. Сёньня мы пераканаліся, што ў рэпартажы была яўная кампіляцыя. Прадстаўнікі Белдзяржтэлерадыёкампаніі пераконвалі нас, што інтэрнэт зьяўляецца крыніцай інфармацыі. Усё, што там ёсьць, — форумы, сайты рознага зьместу, — гэта сродкі масавай інфармацыі. Гэта пры тым, што я цытаваў закон, які да сродкаў масавай інфармацыі адносіць толькі тыя інтэрнэт-вэрсіі тэлеканалаў, радыё і газэт, якія зарэгістраваныя ў вызначаным парадку».

Судзьдзя Вольга Багам’я празь дзьве гадзіны абвясьціла рашэньне: у пазове адмовіць. Яна толькі паведаміла, што аўтар праграмы БТ Юры Пракопаў скарыстаў тую інфармацыю, якую знайшоў у інтэрнэце.

Раман Зьмітрук заявіў, што супрацоўнікі БТ адчуваюць сваю беспакаранасьць і таму й не выконваюць заканадаўчыя нормы.

«Судовае рашэньне не зьдзівіла і было прадказальнае. Паводзіны прадстаўнікоў БТ яшчэ раз пацьвярджаюць, што яны былі ўпэўненыя ў тым, што зараней было ўсё вырашана. Пяцісэкунднае абвяшчэньне рашэньня пацьвердзіла, што ўсе доказы, якія мы прадставілі, нават ня сталі разглядаць. Было прынятае галаслоўнае рашэньне».

Раман Зьмітрук паведаміў, што параіцца з братам наконт таго, ці варта абскарджваць рашэньне ў вышэйшых інстанцыях. Але ён лічыць, што ў такіх справах абавязкова трэба ставіць у вядомасьць міжнародную супольнасьць.
XS
SM
MD
LG