Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма месцаў для выбарчых пікетаў


Сёньня — апошні дзень, калі мясцовыя ўлады мусяць вызначыць на тэрыторыі гарадоў й райцэнтраў месцы, дзе дазволена ладзіць пікеты, каб зьбіраць подпісы выбаршчыкаў.

Карэспандэнты «Свабоды» ў рэгіёнах даведваліся, якія месцы адведзены для агітацыі ці спрыяе ўлада пажаданьням выбаршчыкаў і кандыдатаў у дэпутаты.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Давядзецца хадзіць з рулеткай і адмяраць да сантымэтра...»


На Гарадзеншчыне апазыцыйныя актывісты абураюцца рашэньнямі мясцовых выканкамаў аб забароне правядзеньня пікетаў па вылучэньню кандыдатаў у мясцовыя Саветы за 50-100 мэтраў ад адміністрацыйных будынкаў і іншых дзяржаўных устаноў.

Вадзім Саранчукоў
Кіраўнік Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў з іроніяй успрымае новаўвядзеньне ўладаў. З аднаго боку, — кажа ён, — улады не патрабуюць разгляду заявак на пікеты, а з другога — усяляк імкнуцца абмежаваць збор подпісаў апазыцыйным кандыдатам.

«Трэба паказваць людзям, што робіць гэтая ўлада»


Са слоў Вадзіма Саранчукова, ён са сваімі аднадумцамі будзе зьбіраць подпісы ў цэнтры гораду і ўжо ведае, якім чынам гэта зробіць, не парушаючы заканадаўства.

Саранчукоў: «Мы будзем хадзіць з рулеткай, выпісваць крэндзелі, каб не патрапіць у 50-мэтровую зону. Калі сытуацыя даводзіцца гарвыканкамам да абсурду, то трэба паказаць людзям, што гэта робіць улада...»

Мікалай Уласевіч, сябра АГП, жыве ў мястэчку. Ён лічыць, што рашэньне райвыканкама скіравана перш за ўсё на тое, каб запалохаць людзей: маўляў, іх нават не дапускаюць блізка да вясковай крамы.

Уласевіч: «Выканаць усё, што яны напісалі, — нельга. Я лічу, што гэта сапраўдны маразм, бо тады мне давядзецца ісьці і праводзіць пікет па зборы подпісаў у полі ці ў лесе сярод зьвяркоў і птушак».

Зьміцер Кухлей
Мастоўскі актывіст руху «За свабоду» Зьміцер Кухлей зьвяртае ўвагу на тое, што такім рашэньнем улада ўскладняе задачу толькі апазыцыі, бо прадстаўнікі ад уладных структураў ніколі шляхам збору подпісаў не вылучаюць сваіх кандыдатаў.

«Нам трэба самім да людзей і сярод іх зьбіраць подпісы»


Але ён таксама дадае, што ягоныя сябры ўжо звыкліся з тым, што ходзяць па кватэрах, размаўляюць зь людзьмі, і тыя ставяць подпісы за іх кандыдатаў.

Кухлей: «Адміністрацыя таксама ня ўсё здолее пракантраляваць. І таму заўсёды застаецца нейкае выйсьце, каб не стаяць на месцы, а ісьці да людзей і працаваць зь імі».

Ірына Вештарт
Кіраўніца абласной структуры БСДГ са Смаргоні Ірына Вештарт перакананая, што ўлады хаваюцца за незаконныя рашэньні, бо баяцца, што на шматлюдных пікетах пачуюць ад людзей усё тое, што яны пра ўладу думаюць.

Вештарт: «Я зараз магу патлумачыць гэтыя забароны толькі адным — няўпэўненасьцю ўлады, страхам. І каб ня даць ніякай магчымасьці размаўляць апазыцыі празь пікеты, яны пакідаюць нам толькі адзін шанец: хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Яны ж проста зьдзекуюцца зь незалежных кандыдатаў»


Месцам сустрэчы з выбарцамі ў Кастрычніцкім раёне Магілёва ўлады вызначалі клюб акцыянэрнага гандлёвага таварыства «Задняпроўе». Побач зь ім — чарачная.

«Проста захацелі з кандыдатаў пазьдзекавацца. Побач тут добры будынак кінатэатру «Ветразь», — зазначае прафсаюзны актывіст Юры Новікаў.

Алесь Чыгір

У Бабруйску дазволілі агітаваць на пустых стадыёнах


У Бабруйску афіцыйна дазволена праводзіць масавыя мерапрыемствы на стадыёнах. Раней гэта быў стадыён заводу «Фандак». Яго разбурылі. Цяпер агітаваць дазваляюць на стадыёне фабрыкі «Славянка». Гаворыць былы дэпутат бабруйскага гарсавету Алесь Чыгір:

«Ён знаходзіцца ўбаку ад людных месцаў. Людзі там не зьяўляюцца. У Бабруйску апошні раз санкцыянаваная акцыя праводзілася напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў 2004 году. Калі да нас прыяжджаў Мілінкевіч, мы праводзілі несанкцыянаваную акцыю на плошчы Перамогі, бо там адна з цэнтральных вуліц гораду».

Падобная сытуацыя і ў іншых райцэнтрах Магілёўшчыны. Стадыёны альбо бязьлюдныя месцы — выбар невялікі.

Будынак Цэнтру культуры разбураецца, а каля гэтых калёнаў праводзяць пікеты.
Уваход на пляцоўку аварыйнага будынка.

Будынак бязьлюдны, а шыльда засталася.

Сустрэча з выбарцамі. Ці то ў «закусачной», ці то ў клюбе.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Забараняюць якраз тыя пляцоўкі, якія раней былі месцам публічных дэбатаў»


Пляцоўка ля палацу культуры таварыства глухіх «Віпра» — адзінае вядомае месца, вызначанае гарвыканкамам для правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
На гэты час у Гомелі яшчэ няма рашэньня мясцовай улады наконт дазволеных пляцовак для пікетаў. Папярэдне агучаны толькі забароны: нельга ладзіць пікеты для збору подпісаў на прыпынках грамадзкага транспарту, на аўтобусных і чыгуначных вакзалах, а таксама бліжэй за 50 мэтраў ад будынкаў выканкама, пракуратуры, судоў, паліклінік, школаў і шэрагу прадпрыемстваў.

Мясцовую сытуацыю ацэньвае рэгіянальны кіраўнік АГП Васіль Палякоў:

«Улады наагул не зацікаўленыя ў тым, каб стаялі нейкія людзі на вуліцах, а тым больш актывісты апазыцыі, і зьбіралі подпісы. Таму яны марудзяць, робяць усё ў апошні момант. 14 лютага пачынаецца ўжо збор подпісаў, а яшчэ невядома, куды можна ісьці й дзе зьбіраць гэтыя подпісы. Вядома толькі, што ў Гомелі ёсьць адно месца для правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Гэта пляцоўка ля Палаца культуры таварыства глухіх. Там улады прапаноўваюць праводзіць усе масавыя мерапрыемствы, але рэальна не дазваляюць».

«Нельга зьбіраць подпісы, дзе сабак выгульваюць»


Уладзімер Кацора
Гаворыць Уладзімер Кацора, які нядаўна заявіў, што не зьбіраецца вылучацца кандыдатам у цяперашнія дэкаратыўныя саветы:

«Подпісы зручна й трэба зьбіраць там, дзе людзі бываюць, а ня там, дзе сабак выгульваюць».

ВІЦЕБШЧЫНА


«Пад гэтае рашэньне можна падвесьці ўсю тэрыторыю раёну, і ня будзе ніякай памылкі...»


На Віцебшчыне пакуль што толькі Аршанскі райвыканкам, а таксама гарвыканкам пазнаёмілі выбарцаў з рашэньнямі наконт забароны збору подпісаў і агітацыі ў пэўных месцах населеных пунктаў.

Рашэньні выканкамаў, прынятыя 8-га лютага, былі апублікаваныя ў мясцовай «Аршанскай газэце» ўчора. Старшыня суполкі Партыі БНФ Алесь Шутаў, які каардынуе працу па выбарах у мясцовай радзе кааліцыі АДС, камэнтуе зьмешчаную ў газэце інфармацыю:

Алесь Шутаў
«У прыватнасьці, Аршанскі гарвыканкам вызначыў, што збор подпісаў забаронены ва ўстановах адукацыі, аховы здароўя, гандлю, грамадзкага харчаваньня, бытавога абслугоўваньня насельніцтва... Таксама на чыгуначным і аўтавакзале і на прыпынках грамадзкага транспарту. Усё нібыта выглядае лягічным, каб не адна фраза, цытую — «і на прілегающіх терріторіях». Як і колькі гэта — «прылеглыя тэрыторыі» — у рашэньні гарвыканкаму не тлумачыцца«.

«Рашэньне Аршанскага райвыканкаму — прыклад непісьменнасьці»


Аршанскія актывісты зьбіраюцца зьвярнуцца па ўдакладненьні, у якім радыюсе ад пазначаных месцаў нельга зьбіраць подпісы. Калі за паўкілямэтра ад прыпынку грамадзкага транспарту — гэта яшчэ прылеглая да яго тэрыторыя? Альбо прылеглая, але ўжо да іншага аб’екту — наступнага прыпынку ці бліжэйшай школы або крамы?

Рашэньне Аршанскага райвыканкаму, на думку Алеся Шутава, выглядае проста непісьменным:

«Згодна з пастановай райвыканкаму, цытую, як напісана, — па-расейску: „в местах, препятствующих движению транспорта и людских потоков“. А таксама на тэрыторыі арганізацый, якія забясьпечваюць жыцьцядзейнасьць насельніцтва». Што гэта за месцы, якія самі па сабе замінаюць руху транспарту і людзей, і дзе яны знаходзяцца, — незразумела. І, здаецца, у нас проста няма арганізацый, якія не зьвязаныя з жыцьцядзейнасьцю людзей! Так што пад гэтае рашэньне можна падвесьці ўсю тэрыторыю раёну, і ня будзе ніякай памылкі!"

Памылкі ёсьць іншыя, лічыць актывіст. Па-першае, непісьменна казаць, што нейкія месцы нечаму замінаюць. Па-другое, у сваім рашэньні Аршанскі райвыканкам чамусьці спасылаецца не на выбарчае заканадаўства, а на закон аб масавых мерапрыемствах, прыняты ў 1997 годзе. Але той закон ніякім чынам ня тычыўся вызначэньня або забароны нейкіх месцаў для збору подпісаў — гэта рэглямэнтуецца толькі зьмененым выбарчым заканадаўствам.
XS
SM
MD
LG