Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алімпійскія амбіцыі беларусаў: зачапіцца за мэдалёвы мінімум


А 18-й гадзіне мясцовага часу ў канадзкім Ванкувэры будзе дадзены ўрачысты старт ХХІ зімовым Алімпійскім гульням. У Менску на гэты момант будзе 4-я гадзіна ночы на суботу, аднак Беларускае тэлебачаньне мяркуе весьці наўпроставую трансьляцыю цырымоніі. А ці здолеюць хутка адаптавацца да зьмены геаграфічных паясоў спартоўцы? Ці змогуць нарэшце беларускія атлеты заваяваць першае золата зімовых алімпіяд?


Сёньня лягер беларускіх алімпійцаў у Ванкувэры папоўніўся «дэсантам» з функцыянэраў: акіян пераляцелі міністар спорту і турызму Алег Качан, першы віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту (НАК) Генадзь Аляксеенка ды іншыя. Прагнозы, што наўпрост са Швайцарыі ў Канаду выправіцца прэзыдэнт НАК Беларусі Аляксандар Лукашэнка, ня спраўдзіліся — пасьля паўтаратыднёвага адпачынку ў Альпах ён вярнуўся ў Менск.

Беларуская дэлегацыя ці не ўпершыню прызнае, што не перасьледуе надта амбітных мэтаў. Маўляў, добра будзе выступіць ня горш за папярэднія Гульні ў Турыне, дзе фрыстайліст Дзьмітры Дашчынскі здабыў для Беларусі адзіную срэбную ўзнагароду. Няўжо чыноўнікі пагадзіліся, што няма патрэбы маральна ціснуць на спартоўцаў мэдалёвымі плянамі? Вось што з гэтай нагоды мяркуе былы спартовы тэлекамэнтатар Алесь Камароўскі:

Калі існуе праграма на заваяваньне мэдалёў, то гэта вісіць як дамоклаў меч над спартоўцам.
«Думаю, што насамрэч так рабіць ня трэба. Таму што калі існуе праграма на заваяваньне залатых мэдалёў, срэбных, бронзавых (асабліва што да вышэйшага гатунку), то гэта вісіць як дамоклаў меч над спартоўцам — трэба, трэба і трэба. Але мне здаецца, што гэта якраз перашкаджае псыхалягічнай раскаванасьці, бо павінна прэваляваць спартовая воля чалавека. Тады на нешта разьлічваць можна. Ну, а за каго асабіста я перажываю, за каго мой, як кажуць, боль? Канечне, гэта фрыстайл і біятлён. Мяркую, якраз у гэтых відах спорту нашы беларусы могуць нешта і заваяваць. Фрыстайл у нас магутны, адзін з найлепшых у сьвеце. Што тычыцца біятлёну, то, канечне, калі казаць адкрыта, гэта трошкі не свае спартоўцы, пераважна купленыя ў Расеі, магчыма, тыя, хто па нейкіх парамэтрах не пасаваў расейскай камандзе. Адносна хакейнага аптымізму — то мне здаецца, ня надта што нам сьвеціць, хоць у хакей і ўкладаюцца вялікія грошы. Ну, але гэта мая асабістая думка».

Амаль да апошняга падрыхтоўку алімпійскай зборнай да зімовых Гульняў у Ванкувэры курыраваў Аляксандар Грыгараў. Аднак пры канцы мінулага году нечакана для многіх ён быў зьняты з пасады — нягледзячы нават на тое, што летам 2008 году здолеў прывезьці беспрэцэдэнтную колькасьць мэдалёў з Пэкіну: ажно 19. Цяперашнюю мэдалёвую капітуляцыю перад супернікамі асуджае — маўляў, цалкам рэальна зачапіцца за ўзнагароды ня толькі ў фрыстайле і біятлёне, але і ў лыжных гонках і нават у хакеі:

«Вы прабачце, але мяне такія заявы крыху чапляюць. Разумееце, у нас спорт вышэйшых дасягненьняў, ён ня можа існаваць сам па сабе. У кожным відзе спорту, у кожным відзе праграмы ёсьць канкурэнцыя. Але пагадзіцеся і зь іншым: на сёньняшні дзень трэба перад спартоўцамі ставіць задачы — змагацца за штосьці.
Калі ня ставіць такія задачы — дык што тады? Тады людзі проста едуць на прагулку.
Дык вось, я назваў чатыры віды спорту, дзе трэба „чапляцца“ за мэдалі. Прынамсі, трэба пазмагацца за ўзнагароды. А калі ня ставіць такія задачы — дык што тады? Тады людзі проста едуць на прагулку. Увогуле, што тычыцца, прыкладам, цяперашняга стану зборнай, то я з жалем даведваюся, што ў нас толькі 50 алімпійскіх ліцэнзій. Тым часам як на мінулых Алімпійскіх гульнях у Турыне была 61 ліцэнзія — то бок болей чым на 10 допускаў на Алімпіяду было больш».

Алімпійскія старты яшчэ не распачаліся, а Ванкувэр ужо скалануў грандыёзны допінгавы скандал. Як заявіў напярэдадні кіраўнік Усясьветнага антыдопінгавага агенцтва Джон Фэйхі, дачасна зьнята з алімпійскай дыстанцыі блізу трох дзясяткаў спартоўцаў. Прозьвішчы дыскваліфікаваных і іх дзяржаўная прыналежнасьць пакуль не называюцца. Але, на думку экспэртаў, сярод забракаваных наўрад ці будуць фаварыты спаборніцтваў. Хутчэй гаворка пра атлетаў з краінаў, у якіх бракуе сродкаў на сучасныя распрацоўкі ў галіне мэдыцыны. Па словах лекара алімпійскай зборнай Беларусі Валерыя Бялана, вядучыя спартовыя дзяржавы заўсёды на крок апярэджваюць сваіх кантралёраў:

«Што хачу адзначыць: не прэпарат сам па сабе ёсьць маральна састарэлым ці не састарэлым. Бо гэта тое ж, што таўчы ваду ў ступе. Ёсьць прыродная наяўнасьць гармонаў, у тым ліку і тэстастэронаў. І вось шляхі іх атрыманьня могуць маральна састарэць, лябараторыі могуць фінансава не цягнуць, ды іншыя адсюль вытворныя. Гэта можа мець месца, але ж ні для кога не сакрэт: генны допінг краінам СНД пакуль нават ня сьніўся. Таму што ён вельмі дарагі. Ёсьць розныя пакаленьні лекаў: так званыя дальнія, першыя распрацоўкі, нейкія анабалічныя стэроіды. Потым зьявіліся прэпараты трэцяга, чацьвёртага, пятага пакаленьняў — яны, канечне ж, будуць мець розьніцу ў тэрмінах вываду. Натуральна, усё імкнецца да дасканаласьці, і мэдыцына намагаецца, каб прэпарат меншы час знаходзіўся ў арганізьме чалавека. Гэта тэрапэўтычная здольнасьць чалавека. І цалкам лягічна, што спорт будзе на ўсю гэтую справу глядзець праз сваё пераламленьне».

У Ванкувэр выправіліся паўсотні беларускіх спартоўцаў, якія возьмуць удзел у шасьці дысцыплінах. Першымі ў спрэчку за ўзнагароды ўжо ў суботу ўступяць чатыры беларускія біятляністкі. Пад заслону Алімпіяды беларускія спадзяваньні будуць на фрыстайлістаў, якія дагэтуль чатыры разы вярталіся дадому з мэдалямі. Апроч таго, Беларусь будзе прадстаўлена ў лыжных гонках, канькабежным спорце, горных лыжах, а таксама ў хакейным алімпійскім турніры.
XS
SM
MD
LG