Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка нам кінуў, як сабакам, голую костку”


Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Канфлікт паміж польскімі арганізацыямі ў Івянцы — адна з тэмаў, якія абмяркоўваюць слухачы “Свабоды”. Нагадаю, што прадстаўнікі праўладнага Саюзу палякаў, які ўзначальвае Станіслаў Сямашка, з дапамогай міліцыянтаў занялі Дом польскі, дзе працавалі сябры неафіцыйнага Саюзу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс. Гэтая падзея сталася прычынай дыпляматычнай напружанасьці паміж Беларусьсю і Польшчай. Выказваньні слухачоў “Свабоды”:

Генадзь Коўш: “Я тэлефаную наконт канфлікту ў Івянцы і наконт сытуацыі з палякамі ў нашай краіне. Хачу адзначыць наступнае. Палякі Беласточчыны, Віленшчыны, Беларусі і сёньняшнія беларусы ў недалёкім мінулым складалі адзін народ — ліцьвіны. Гэты народ быў асновай нашай сярэднявечнай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага, таму ў нас агульныя звычаі, фальклёр, мэнталітэт, сьветапогляд, нацыянальная кухня, аднолькавая антрапалягічная будова, на што зьвяртаюць увагу многія дасьледчыкі. Мы адной крыві, і ў нас адна Бацькаўшчына”.
У нас у краіне непрызнаны прэзыдэнт, у нас у краіне непрызнаная палата прадстаўнікоў… Чаму ім можна, а непрызнанаму саюзу палякаў нельга?


Андрэй, Салігорск: “У мяне меркаваньне наконт непрызнанага саюзу палякаў. Так, непрызнаны. Дык як жа тады? У нас у краіне непрызнаны прэзыдэнт, у нас у краіне непрызнаная палата прадстаўнікоў… Чаму ім можна, а непрызнанаму саюзу палякаў нельга? Мне здаецца, калі непрызнаныя ўсе, то ўсе павінны быць прызнаны непрызнанымі. І ўсе павінны карыстацца правамі і законам аднолькава”.

Ларыса, Менск: “Такі падзел палякаў: праўладныя і іншыя, калі яны грамадзяне Беларусі, дык яны аднолькава належаць краіне Беларусь і карыстаюцца правамі на адным узроўні. Гэты канфлікт надуманы. Не магу зразумець, каму гэта трэба і ў чым прычына. Паразмаўляйце з простымі палякамі, а не зь іх кіраўнікамі”.

Выказваньне камэнтуе сябра неафіцыйнага Саюзу палякаў у Берасьці Аліна Міцкевіч:

“Гэтая праблема паўстала не ў мінулы панядзелак, а ў 2005 годзе, калі бальшынёю галасоў была абраная Анжаліка Борыс. Чаму былі новыя выбары? Хто гэта стварыў? Так, мы грамадзяне Беларусі, але польскай нацыянальнасьці. Для беларусаў Польшчы створаныя ўмовы, а ў нас гэтага няма. Мы не жадаем канфліктаў, мы жадаем толькі разьвіваць сваю мову і культуру, вось і ўсё”.

У наступных тэлефанаваньнях — выказваньні на адрас вышэйшых уладаў Беларусі:

Спадарыня: “Лукашэнка нам кінуў, як сабакам, голую костку: дадаў летась 8 адсоткаў, сёлета 8,5, а плату за жыроўкі ўзьнялі ў некалькі разоў. Гэта беспарадак! Толькі ўмеюць стрэлку ганяць эканамісты і цэны павышаць, а больш нічога ня ўмеюць”.
Калі вечарам глядзець БТ, то “Свабоду” трэба ўключаць адразу пасьля “Панарамы”, таму што пра сытуацыю ў Беларусі БТ адурманіць, а “Свабода” ацьвярозіць


Спадарыня: “Зварот да ўсіх апазыцыйных партый Беларусі! Лукашэнку ў адстаўку за зьдзекі з народа на месцах! Ідзіце ў адстаўку, калі ня хочаце слухаць народ”.

Актывісты “Маладога фронту” рыхтуюць вулічную акцыю пад лёзунгам “Люблю Беларусь!”, прымеркаваную да дня сьвятога Валянціна 14 лютага. Выказваньне слухача на гэтую тэму:

Зіноўеў: “Я хачу тэлефоннай “валянцінкай” павіншаваць рэдакцыю “Свабоды” з днём сьвятога Валянціна. Бо калі вечарам глядзець БТ, то “Свабоду” трэба ўключаць адразу пасьля “Панарамы”, таму што пра сытуацыю ў Беларусі Белтэлерадыёкампанія адурманіць, а “Свабода” ацьвярозіць. І гэта вельмі карысна для слухачоў, што глядзяць БТ. Слухаю “Свабоду” і дзякую вам”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG