Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гудагаі сябра АГП прымусілі адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі


Віталь Зайнчкоўскі сёньня забраў дакумэнты, якія ўчора падаў для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, каб вылучыцца кандыдатам у раённы савет.


У склад ягонай ініцыятыўнай групы ўваходзілі чатыры чалавекі: бацька, маці, брат і загадчыца мясцовага клюбу.

Калі дакумэнты былі ўжо пададзеныя, са слоў актывіста Івана Крука, учора з райвыканкаму патэлефанавалі загадчыцы клюбу, пасьля чаго яна адмовілася быць сябрам ініцыятыўнай групы.

Сёньня раніцай, са слоў Крука, дадому да сям’і Зайнчкоўскіх наведаўся супрацоўнік райвыканкаму, сябра раённай тэрытарыяльнай камісіі Міхаіл Зімніцкі. Пасьля размовы з чыноўнікам Віталь Зайнчкоўскі вымушаны быў забраць заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы.

У размове са мной Віталь Зайнчкоўскі пацьвердзіў, што раніцай да іх прыяжджаў Міхаіл Зімніцкі і вёў размову зь ім і ягонымі бацькамі, каб Віталь забраў заяву на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы.

Падрабязнасьці размовы Віталь Зайнчкоўскі паведаміць адмовіўся, але сказаў, што такое рашэньне прынялі бацькі. Ён дадаў, што маці яшчэ працуе на чыгунцы і бацька таксама пакуль мае працу.

Сёньня ж, як паведаміў нашаму радыё Іван Крук, дэлегацыя з райвыканкаму наведалася яшчэ да аднае жанчыны, якая ўваходзіць у ягоную ініцыятыўную групу. Пасьля размовы жанчына таксама адмовілася надалей быць сябрам ініцыятыўнай групы Івана Крука.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG