Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пётэрынг сустрэнецца з Борыс і Мілінкевічам


Ганс-Герт Пётэрынг (зьлева)
Ганс-Герт Пётэрынг (зьлева)

Новы старшыня нямецкага фонду імя Конрада Адэнаўэра Ганс-Герт Пётэрынг знаходзіцца ў Беларусі зь першым у гэтай сваёй якасьці замежным візытам. Да нядаўняга часу Ганс-Герт Пётэрынг быў старшынём Эўрапарлямэнту.


Як паведаміў “Свабодзе” дэпутат Эўрапарлямэнту Яцэк Пратасевіч, які суправаджае спадара Пётэрынга, заўтра раніцай дэлегацыя будзе мець сустрэчу з кіраўніцай Саюзу палякаў Беларусі Анжалікай Борыс, іншымі актывістамі арганізацыі, у тым ліку зь Івянца, якія пацярпелі ад ціску ўладаў.

Сустрэчы з прадстаўнікамі праўладнага Саюзу палякаў, беларускіх уладаў, а таксама дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ня будзе, — паведаміў спадар Пратасевіч. Ён пакуль што ўстрымліваецца ад камэнтаваньня новых фактаў ціску на польскую меншасьць у Беларусі.

У Ганса-Герта Пётэрынга — насычаны графік сустрэч зь беларускімі палітыкамі, праваабаронцамі, экспэртамі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці. У прыватнасьці, у суботу заплянаваныя сустрэчы зь лідэрамі БНФ, АГП, БХД.

Сёньня спадар Пётэрынг сустракаецца зь лідэрам руху “За свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам.

“Пётэрынг — гэта чалавек, які і сёньня, нягледзячы на тое, што ён стаў шараговым эўрадэпутатам, зьяўляецца вельмі ўплывовым у Эўропе праз сваю працу, пазыцыю. Ён вельмі блізкі сваім стаўленьнем да правоў чалавека да нямецкага канцлера Ангелы Мэркель. Гэта людзі, якія цьвёрда стаяць на пазыцыі абароны свабод. Ягоны візыт у Беларусь якраз ёсьць дэманстрацыяй таго, што Нямеччына занепакоеная станам правоў чалавека, дэмакратыі ў Беларусі і будзе рабіць усё, каб палепшыць для беларусаў магчымасьці жыць у свабодным грамадзтве”, — перакананы лідэр руху “За свабоду”.

Паводле спадара Мілінкевіча, ён зьбіраецца абмеркаваць зь Пётэрынгам эканамічную і сацыяльна-палітычную сытуацыю ў Беларусі, вынікі дыялёгу з Эўразьвязам і пэрспэктывы павышэньня яго эфэктыўнасьці, праграму Эўразьвязу “Ўсходняе партнэрства”, стан палітычных партый, грамадзкіх арганізацый, СМІ ў Беларусі.

“Спадар Пётэрынг узначальвае фонд, які падтрымлівае дэмакратыю. Яны б хацелі ведаць сытуацыю, каб вызначыцца, на чым сканцэнтравацца, якую стратэгію для сябе выбраць”, — заявіў “Свабодзе” А. Мілінкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG