Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для БНФ рэфэрэндум — гэта спроба рэбрэндынгу


Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Партыя БНФ выступіла з прапановай правесьці агульнанацыянальны рэфэрэндум за захаваньне нізкага мыта на імпартныя аўтамабілі. Наколькі палітычна пасьпяховай зьяўляецца ідэя гэтага рэфэрэндуму, ці можа БНФ зарабіць на ёй палітычныя балы? Ці падтрымае сёньняшняе беларускае грамадзтва збор подпісаў? Як на ідэю рэфэрэндуму можа адрэагаваць улада? На гэтыя пытаньні адказвае публіцыст Аляксандар Класкоўскі.

Цыганкоў: Арганізатары рэфэрэндумы заяўляюць, што ў ініцыятыўную групу павінны ўвайсьці ня толькі партыйныя актывісты. Ужо на сход па яе стварэньні, як заяўляюць ініцыятары, прыйдзе да тысячы чалавек. На вашу думку, наколькі прадуктыўнай ёсьць сама ідэя рэфэрэндуму, ці можа яна прынесьці палітычныя балы БНФ?

Класкоўскі: Безумоўна, гэта нестандартны ход. Бо раней партыі звычайна вылучалі такія пытаньні, як зьмены ў выбарчае заканадаўства. Абывацелям гэта было ня надта зразумелым. А тут гэта даступна нават апалітычнай публіцы.

Потым, наколькі я разумею, для БНФ гэта момант палітычнага рэбрэндынгу. Бо ёсьць пэўныя ярлыкі, якія моцна прыклеіліся, і клопат пра просты люд, «побытавы» характар гэтага пытаньня скіраваны менавіта на тое, каб паказаць, што мы ня толькі за бел-чырвона-белы сьцяг, але і за ваш дабрабыт.

Так што як палітычны ход гэта пісьменна.
Я проста ўпэўнены, што такога рэфэрэндуму ня будзе і нават збору подпісаў ня будзе.
Аднак, я думаю, можна толькі чыста гіпатэтычна разважаць пра тое, як бы людзі адгукнуліся, ставілі подпісы. Бо я проста ўпэўнены, што такога рэфэрэндуму ня будзе і нават збору подпісаў ня будзе. Бо найперш трэба гэтую ініцыятыўную групу зарэгістраваць, а ўлада будзе тут ставіць палкі ў колы.

Цыганкоў: А якую стратэгію адказу выбярэ ўлада? Ці яна будзе проста не заўважаць гэтую ініцыятыву, пачне ідэалягічную вайну ці пойдзе простым ляхам забаронаў?

Класкоўскі: Па-першае, відавочна, што для ўлады гэта соль на рану. Яна і так пачуваецца няёмка, бо зразумела ўжо, што ў гэты Мытны зьвяз трапілі, як шчупак у нерат. Невыпадкова Аляксандар Лукашэнка ўжо спрабаваў апраўдвацца (праўда, даволі няўклюдна) — маўляў, гэта вельмі добра, што мы ня будзем купляць гэты хлам. Ня думаю, што гэта было пераканаўча. Паліваць тут брудам — маўляў, нейкія адмарозкі гэта прыдумалі — таксама будзе цяжкавата. Бо пытаньне вельмі жыцьцёвае і масы будуць толькі за.

Аднак, калі мы паглядзім на закон аб рэфэрэндуме, дык там столькі рагатак, што становіцца зразумела — ніколі ў жыцьці ані партыя БНФ, ані іншая апазыцыйная сіла ня дойдзе. Бо ўвесь закон зроблены так, каб заваліць любую ініцыятыву. Групу трэба рэгістраваць ў ЦВК, таксама і саму фармулёўку пытаньня. А ЦВК мусіць фармулёўку пытаньня у Мінюст, у Пракуратуру паказаць на прадмет ляяльнасьці, адпаведнасьці і гэтак далей. Там столькі пастак што зразумела, што ўсё гэта будзе пахавана ў бюракратычнай рутыне.

У сухім астатку застанецца проста козыр для партыі БНФ, якая зможа сказаць «мы спрабавалі, мы змагаліся». І гэта можна будзе раскручваць падчас выбарчай агітацыі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG