Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2009 – "чорны год" прэсы


Міжнародны інстытут прэсы (МІП) абнародаваў сёньня “Агляд свабоды прэсы-2009”, у якой мінулы год называецца самым сьмертаносным для журналістаў ад пачатку тысячагодзьдзя. З 735-ці прадстаўнікоў мэдыяў, забітых за апошнія дзесяць год, 110 загінулі менавіта летась. Найбольш зь іх – у Іраку.


Асаблівую заклапочанасьць арганізацыі выклікала новая тэндэнцыя ў ваенных канфліктах. Галоўны рэдактар справаздачы Энтані Мілз:

“Гэтая дэкада не падобная ні да якай іншай, бо ў краінах, дзе ідуць баявыя дзеяньні, кшталту Іраку, Аўганістану, Самалі ды Пакістану – карэспандэнты становяцца адмысловай мішэньню бакоў канфлікту. Такое разьвіцьцё падзеяў цалкам зьмяніла сытуацыю з асьвятленьнем канфліктаў. У выніку з гэтых рэгіёнаў паступае ўсё менш рэпартажаў і ствараецца трывожны вакуўм у разуменьні тых складаных падзеяў”.

У справаздачы таксама падкрэсьліваецца, што пасьля згаданых “гарачых пунктаў” пятае месца ў сьвеце па забойствах журналістаў займае Расея. Пачынаючы з 2000-га году ў краіне было забіта 35 супрацоўнікаў СМІ. Надзея на паляпшэньне сытуацыі ў 2009-м зьнікла пасьля забойства ў Маскве сярод белага дня журналісткі Анастасіі Бабуравай.

Энтані Мілз і тут бачыць небясьпечнае разьвіцьцё сытуацыі:

“У Расеі ўжо гадамі культывуецца атмасфэра беспакаранасьці што да забойстваў журналістаў. У пераважнай большасьці выпадкаў нападнікі не былі злоўленыя, не былі пакараныя ці пастаўленыя перад судом. І калі існуе такая культура беспакаранасьці, яна, натуральна, надае рашучасьці наступным патэнцыйным забойцам ды нападнікам скарыстоўваць такія самыя мэтады”.

Калі паводле колькасьці забойстваў рэпартэраў першае месца належыць Іраку, то ў сэнсе агульных рэпрэсіяў у дачыненьні да мэдыяў бясспрэчным лідэрам зьяўляецца Іран. У сёлетняй справаздачы Тэгеран атрымаў тытул “Галоўны турэмнік году для журналістаў”, заслужыўшы яго зьняволеньнем больш як сотні карэспандэнтаў ды блогераў у ходзе пратэстаў, якія пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у краіне.

Спэцыяльная ўвага ў справаздачы была ўдзеленая Казахстану. Нездавальняючая сытуацыя са свабодай прэсы ў гэтай краіне набывае асаблівую важнасьць у сьвятле таго, што сёлета Астана ачоліла Арганізацыю бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ), якая лічыцца адным з галоўных абаронцаў правоў мэдыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG