Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў судзе Савецкага раёну Гомеля пакаралі чарговага прызыўніка, які нібыта ўхіляўся ад прызыву ў войска. Гэтым разам абышлося без зьняволеньня.. На падставе пратаколу гарадзкога ваенкама судзьдзя Алена Дзічкоўская прысудзіла 25-гадоваму Яўгену Якавенку адміністрацыйны штраф у памеры 175 тысяч рублёў.

Спадар Якавенка так пракамэнтаваў вырак:

«Усе мае паперы — там іх было штук дваццаць, тлумачэньне на чатырох старонках і паўгадзінны расповед — судзьдзя аналізавала 3 хвіліны. Што яна магла за гэты час зрабіць?! Свае меркаваньні я выклаў падчас выступу. Пратакол складзены з памылкамі, парушэньня фактычна не было. Мяне абвінавачваюць, што я не зьявіўся па позьве, а позвы насамрэч не было. Адбылося судзілішча».

Вінаватым сябе Яўген не прызнаў. Яшчэ 22 сьнежня Яўген прасіў супрацоўнікаў ваенкамату не пагарджаць Канстытуцыяй, даць магчымасьць прайсьці альтэрнатыўную службу, а позвы выпісваць — на дзяржаўнай беларускай мове. Службоўцы мовы ня ведаюць і адкрыта ігнаруюць законныя патрабаваньні. Можна нават сказаць, зьдзекуюцца зь беларускамоўных прызыўнікоў. Сьведчаньне таму — супярэчлівы адміністрацыйны пратакол на Яўгена Якавенку, складзены 14 студзеня падпалкоўнікам ваенкамату Бурсевічам аб тым, што прызыўнік не зьявіўся ў ваенкамат па позьве яшчэ 29 сьнежня.

Яўген Якавенка з Алесем Яўсеенкам.
Прысутны на судзе праваабаронца Алесь Яўсеенка зьвяртае ўвагу, што судзьдзя Алена Дзічкоўская, задаволіўшы хадайніцтва адказчыка на выклік у суд службоўцаў ваенкамату, ня стала іх выклікаць у суд, а хутка вынесла рашэньне:

«Так хутка судзьдзя прыйшла з дарадчага пакою, што, па ўсім відаць, рашэньне было падрыхтавана. Гэта пацьвярджаецца й тым, што судзьдзя палічыла непатрэбным дапытаць як сьведак супрацоўнікаў ваенкамату, якія былі замоўлены і на што яна напачатку пагадзілася. А потым проста вынесла рашэньне».

Ініцыятар грамадзянскай кампаніі «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу» Міхась Пашкевіч лічыць, што цяперашні суд супраць прызыўніка выглядае помстай за патрабаваньне альтэрнатыўнай службы, якую супрацоўнікі ваенкамату ня могуць забясьпечыць. Таму фальшуюцца пратаколы й выносяцца такія хуткія судовыя рашэньні, у якіх пазыцыю адказчыка проста ня чуюць:

«Я поўнасьцю згодны зь Яўгенам, што ягоная пазыцыя, у прынцыпе, была не пачутая. На ўсе ягоныя доказы, што пратакол супраць яго быў сфальшаваны, ніякай увагі ня зьвернута. Чаго ж чакаць яшчэ? Мяне засмучае таксама, што раённы суд не глядзіць на пазыцыю Вярхоўнага суду, які даўно заняўся такімі справамі, і па-ранейшаму працягвае выносіць такія пакараньні. Хаця, зрэшты, чаго чакаць? Менавіта тут і распачыналіся такія справы, пачынаючы ад справы першага палітычнага прызыўніка Зьмітра Жалезьнічэнкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG