Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пад пытаньнем аказаўся чарговы фэстываль Men’s Fest з удзелам вядучых альтэрнатыўных гуртоў Беларусі — Pomidor/OFF, Sciana, MAUZER. Фэстываль быў заплянаваны на 20 лютага ў Берасьці, у мясцовым палацы прафсаюзаў. Цяпер чыноўнікі кажуць, што згоды на правядзеньне фэстывалю няма.

Лідэра гурту Pomidor/OFF Аляксандра Памідорава навіна пра гэтыя праблемы засьпела як раз падчас перадфэстывальнай рэпэтыцыі. «Гэта трэба ж! Мы адмыслова сабраліся, каб падрыхтавацца, адшліфаваць наш выступ на Men’s Fest, і вось табе! Фэстываляў зараз мала, гэтак хочацца больш граць, выступаць, дык зноў не даюць!» — бядуе музыка.

Адзін з арганізатараў фэстывалю, прадусар Зьміцер Назараў паведаміў, што ўсе арганізацыйныя пытаньні нібыта былі ўзгодненыя з дырэкцыяй Палаца прафсаюзаў, але нечакана ўзьніклі праблемы на ўзроўні ідэалягічнага аддзелу Берасьцейскага гарвыканкаму.

«Гастрольнае пасьведчаньне было ўжо атрымана, але трэба было яшчэ ўзгадніць ды заверыць афішу фэсту ў выканкаме, — цытуе „Наша ніва“ Зьмітра Назарава. — Але там сказалі, каб афішу падпісаў дырэктар ДК, „каб яны ведалі, што ён ведае пра мерапрыемства“. А дырэктар, які дзень таму быў толькі „за“, кажа, што канцэрту ня будзе, і камэнтаваць нешта адмаўляецца, спасылаючыся на гарвыканкам. Такое ў выйшла зачараванае кола».

Фэстываль Men’s Fest раней праводзілі ў Менску і ў тым жа Берасьці, дзе ў яго зараз ёсьць шмат прыхільнікаў. Аляксандар Памідораў мяркуе, што яны будуць вельмі расчараваныя, калі Men’s Fest «праляціць» міма Берасьця.

XS
SM
MD
LG