Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі працягваецца падрыхтоўка да выбараў у мясцовыя Саветы, якія адбудуцца 25 красавіка. У беларускім грамадзтве існуюць розныя меркаваньні адносна рэальнай улады гэтых прадстаўнічых органаў. Што пра гэта ведаюць самі дэпутаты мясцовых саветаў?


Выбарцы па-рознаму ацэньваюць дзейнасьць мясцовых Саветаў. Гутару зь людзьмі на вуліцах Менску:

Карэспандэнтка: “Мясцовыя Саветы: як вам падаецца, наколькі яны маюць рэальную ўладу? Ці давялося вам калі-небудзь скарыстаць дапамогу вашых дэпутатаў?”

Спадарыня:
“Ды ўсё гэта нерэальна. Мне падаецца, што ўсё гэта нейкая фікцыя. Я ў гэтыя выбары ня веру”.
Ніякай рэальнай улады яны ня маюць.

Спадарыня: “Ніякай рэальнай улады яны ня маюць, бо я ні разу ня бачыла рашэньня, якое яны б прынялі і ажыцьцявілі”.

Спадар:
“Я думаю, што вялікага ўплыву яны ня маюць, менавіта мясцовыя саветы. Так, нейкія такія пытаньні дробныя, кшталту — прыбраць вуліцу ці што яшчэ. А ў большым сэнсе мясцовыя саветы, я лічу, нічога не вырашаюць. У нашай дзяржаве ўсё робіцца па распараджэньні зьверху, і так і будзе, пакуль у нас будзе такая ўлада”.

Амаль процілеглай думкі адносна рэальнай улады мясцовых саветаў трымаецца сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік. У прыватнасьці, ён перакананы, што меркаваньні выбарцаў адносна мясцовых органаў улады могуць істотна розьніцца ў залежнасьці ад месца жыхарства грамадзян. Гаворыць Мікалай Лазавік:

“На мой погляд, менавіта дэпутаты першаснага ўзроўню валодаюць найбольшай магчымасьцю вырашаць тыя праблемы, якія ўзьнікаюць
Менавіта ад дзейнасьці савету і залежыць эфэктыўная праца ўсіх гарадзкіх службаў.
у выбарцаў. Але ёсьць свая спэцыфіка ў гораду і вёскі. У сельскай мясцовасьці грамадзянін практычна ўвесь час зьвяртаецца ў савет дэпутатаў. Гэта і выдзяленьне зямельнага ўчастку, і рэалізацыя сельгаспрадукцыі, і вырашэньне пытаньняў сацыяльнага характару, і адміністрацыйных пытаньняў. У горадзе ўсё нашмат больш складана. Мы з вамі як гарадзкія жыхары сутыкаемся з падобнымі праблемамі: дзесьці кепска працуе транспарт, дзесьці — сыстэма аховы здароўя. Але ёсьць гарадзкія службы, якія закліканыя вырашаць гэтыя праблемы. Звычайны грамадзянін іншы раз нават ня зьвязвае добрую ці дрэнную працу ўсіх гэтых службаў зь дзейнасьцю саветаў. Але ж менавіта ад дзейнасьці савету і залежыць эфэктыўная праца ўсіх гарадзкіх службаў”.

Ці сапраўды дэпутаты мясцовых саветаў у рэгіёнах краіны больш уплывовыя, чым іх сталічныя калегі, цікаўлюся ў аднаго зь іх — дэпутата Мастоўскага райсавету Зьмітра Кухлея:

“Трэба разьмежаваць дэпутацкія паўнамоцтвы ў рамках савету і тыя, якія дэпутат выкарыстоўвае ў сваёй акрузе. Калі зараз у Мастоўскім савеце 32 дэпутаты і толькі адзін я незалежны, а астатнія цалкам падкантрольныя райвыканкаму, то ўздымаць пытаньні на савеце можна, але загадзя ведаючы, што яны ня будуць падтрыманыя гэткай большасьцю. Што тычыцца дзейнасьці ў сваёй выбарчай акрузе, дык я лічу, што ў мяне ўсё добра атрымалася: я выканаў сваю выбарчую праграму. Была пабудаваная аўтастаянка, працаўнікам прадпрыемства былі выплачаныя заробкі, якія затрымліваліся насуперак заканадаўству. Але галоўным чынам — гэта праца жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. І практычна заўсёды жыльлёва-камунальная гаспадарка рэагавала на мае звароты”.

Як паведаміў Зьміцер Кухлей, ён плянуе ўзяць удзел і ў цяперашняй выбарчай кампаніі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты. А вось дзейны дэпутат райсавету ў Луньне Аляксандар Пудаўкін ад магчымага дэпутацтва на наступны тэрмін адмаўляецца. Менш аптымістычна ён глядзіць і на рэальныя посьпехі дэпутатаў мясцовых саветаў, і на іхні ўплыў на адміністрацыйную вэртыкаль:

“У пытаньні, ці дамогся я чаго-небудзь, — дамогся. Галоўнае — якім коштам. Па сутнасьці, нам даводзіцца паўтараць подзьвіг Паўла
Нам даводзіцца паўтараць подзьвіг Паўла Карчагіна.
Карчагіна — угробіць сваё жыцьцё на тое, каб дамагчыся чагосьці пры такой уладзе. Па сутнасьці, супраць кожнай ініцыятывы адразу паўстае супрацьдзеяньне з боку ўлады. Бо сама вэртыкаль — гэта моцна заіржавелы мэханізм, і кожнае пракручваньне нечага каштуе таму, хто за гэта бярэцца. Праекты доўжацца па году, два і больш. Да прыкладу, станцыі абезжалезваньня вады мы дамагаліся пяць ці сем гадоў. Гэта штогадовыя лісты, тэлефанаваньні, звароты, патрабаваньні. Такога быць не павінна. Гэтая ўлада сябе зжыла, яна састарэла, яе трэба мяняць зь верху і да самага апошняга сельскага савету”.

Тое, што дэпутаты мясцовых саветаў насамрэч ня маюць дастатковых паўнамоцтваў, зьвязана з пабудовай сыстэмы дзяржаўнага ўладкаваньня ў Беларусі, якая не адпавядае міжнародным прынцыпам народаўладзьдзя, кажа старшыня праўленьня грамадзкай арганізацыі “Фонд імя Льва Сапегі”, якая займаецца праблематыкай грамадзкага самакіраваньня, Міраслаў Кобаса:

“Усе паўнамоцтвы, якія тычацца пражываньня, забесьпячэньня дзейнасьці людзей — гэта паўнамоцтвы, якія маюць выканаўчыя
Выканкамы не падпарадкоўваюцца саветам — гэта значыць грамадзянам.
камітэты. Гэта і транспарт, і гандаль, і жыльлёвая гаспадарка, і гэтак далей. Тут ёсьць відавочны перакос у бок таго, што выканаўчыя камітэты маюць нашмат больш паўнамоцтваў, якія непасрэдна тычацца грамадзян. Таму вельмі важна, каб выканкам быў падпарадкаваны саветам. А сёньня выканкамы не падпарадкоўваюцца саветам — гэта значыць грамадзянам, ім не падкантрольныя. Яны падпарадкоўваюцца вэртыкалі і залежаць ад яе, а не ад людзей. Калі б, скажам, вярнуцца да мадэлі, якая была на пачатку 90-х гадоў, калі выканкамы падпарадкоўваліся саветам, тады шмат што стала б на месца. Хаця, вядома, гэта далёка ня ўсё, што трэба рэфармаваць у галіне мясцовага самакіраваньня, каб яно стала сапраўды рэальна ўплывовым і адпавядала Эўрапейскай хартыі мясцовага самакіраваньня”.

Тым ня менш змаганьне за дэпутацкія мандаты гэтым разам, як і ў іншыя гады, у Беларусі праходзіць досыць актыўна. І гэтая барацьба толькі выглядае “бойкай за пусты мех”, кажа палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

Выбарчыя кампаніі — рэдкія рэальныя магчымасьці для апазыцыйных сілаў заваёўваць пляцдармы.
“Сапраўды, тут на першы погляд сытуацыя парадаксальная. Бо відавочна, што аўтарытарная сыстэма збудаваная так, што ўсе паўнамоцтвы канцэнтруюцца наверсе. А ўсе астатнія элемэнты ўлады, кшталту мясцовых саветаў, — яны дэкаратыўныя. Але разам з тым вось у такой жорсткай аўтарытарнай сыстэме выбарчыя кампаніі — гэта такія рэдкія рэальныя магчымасьці для апазыцыйных сілаў і асобных палітыкаў кантактаваць зь людзьмі і заваёўваць пляцдармы. Гэта разумеюць як апазыцыянэры, так і прадстаўнікі ўлады. Менавіта таму ідзе гэтае змаганьне, якое чалавеку, недасьведчанаму ў палітыцы, здаецца “бойкай за пусты мех”, але гэта ня так”.
XS
SM
MD
LG