Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыны зноў просяць Лукашэнку зьняць Сукалу


Валянцін Сукала

Валянцін Сукала

Болей за 80 беларускіх жанчын, якія аб’ядналіся ў ініцыятыву «Жанчыны за справядлівасьць у судах і пракуратуры», накіравалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Аўтары звароту патрабуюць вызваліць ад пасады старшыню Вярхоўнага суду Валянціна Сукалу.

«Валянцін Сукала неаднаразова заяўляў, што актывісты нашай ініцыятывы „любым коштам“, гэта значыць беспадстаўна, дамагаюцца перагляду судовых рашэньняў па справах сваякоў. Але гэта няпраўда», — мяркуе юрыст ініцыятывы Тамара Сяргей. Паводле праваабаронцы, зараз у генэральнай пракуратуры праводзіцца праверка скаргаў, пададзеных актывісткамі ініцыятывы. На чатыры прысуды зь некалькіх дзясяткаў, якія аспрэчваюцца, ужо вынесеныя пракурорскія пратэсты, адна грамадзянская справа выйграная, у адной крымінальнай справе пакараньне значна зьменшанае.

«Суды ў Беларусі кіруюцца не законам, а меркаваньнямі сілы. А мы дамагаемся, каб усё было паводле закону», — заявіла «Свабодзе» праваабаронца Тамара Сяргей. Паводле Тамары Сяргей, цяперашні зварот ініцыятывы жанчын да Аляксандра Лукашэнкі — дваццаць першы за тры гады дзейнасьці ініцыятывы.

У Вярхоўным судзе Беларусі адносна крытыкі з боку актывістак ініцыятывы «Жанчыны за справядлівасьць у судах і пракуратуры» заяўляюць, што ўсе пададзеныя на прысуды скаргі разглядаліся паводле закону.
XS
SM
MD
LG